Theatertreffen International Forum 2027 — праграма для тэатральных творцаў
Theatertreffen у Берліне лічаць галоўнай пляцоўкай нямецкамоўнага тэатра: штогод журы з сямі крытыкаў і крытыкінь адбірае на фестываль дзесяць самых адметных пастановак з нямецкамоўнага рэгіёна. Больш за 60 гадоў пры фестывалі працуе International Forum — 18-дзённая стыпендыяльная праграма для тэатральных творцаў з усяго свету.
Для каго:
Тэатральныя творцы, якія толькі пачынаюць самастойную мастацкую практыку, але ўжо маюць прафесійны досвед. Падавацца можна з любой сферы сцэнічных мастацтваў, асабліва з рэжысуры, акцёрскай працы, сцэнаграфіі і касцюма, драматургіі, тэксту, музыкі, відэа, перформансу, харэаграфіі і тэатральнай педагогікі.
Арганізатары(-кі) чакаюць, што ў вас ёсць:
- Каля пяці гадоў прафесійнага мастацкага досведу ў адной з гэтых сфер;
- Узрост прыкладна 25–35 гадоў — але вырашае не лічба, а этап творчага развіцця.
Пры адборы ўлічваюць не толькі мастацкі ўзровень, але і асноўнае месца працы (горад і краіну), а таксама тое, наколькі ваша практыка перагукаецца з тэмай Forum 2027: арганізатары(-кі) хочуць сабраць разнастайную групу. З калектыву можна падаць толькі аднаго чалавека.
Пра праграму:
У 2027 годзе на Forum запросяць каля 30 удзельнікаў(-ц). Яны разам глядзяць спектаклі фестывалю, абмяркоўваюць іх, удзельнічаюць у інтэнсіўных варкшопах з міжнароднымі мастакамі(-чкамі) і знаходзяць кантакты для далейшай супрацы.
Тэма 2027 года — «The Art of Watching Theatre». Кіраўнік і кіраўніца Forum Aljoscha Begrich і Sima Djabar Zadegan прапануюць разабрацца, што адбываецца, калі мы глядзім спектакль: чым прагляд рэпетыцыі адрозніваецца ад прагляду паказу, як захаваць свежы погляд і не паддацца прафесійнай звычцы думаць, што ўсё ўжо бачылі, і як убачанае ўплывае на тое, што мы ствараем.
Фармат:
Берлін, 6–23 траўня 2027 года, падчас Theatertreffen. Праграма пачынаецца 6 траўня ўдзень і завяршаецца 23 траўня ўвечары; дзень ад'езду — 24 траўня. Большая частка праграмы пройдзе ў Uferstudios, часта і на вуліцы на іх тэрыторыі. Перад Forum, у сакавіку і красавіку 2027 года, будуць анлайн-сустрэчы.
Праграма ўключае:
- Прагляд спектакляў Theatertreffen 2027 і ўдзел у суправаджальнай праграме фестывалю;
- Інтэнсіўныя варкшопы з мастакамі(-чкамі) пра практыкі сцэнічных мастацтваў;
- Размовы з мастакамі(-чкамі), звязаныя з Theatertreffen;
- Дыскусіі з дырэкцыяй фестывалю і журы Theatertreffen;
- Экскурсіі і магчымасць паглядзець спектаклі ў Берліне па-за праграмай фестывалю.
Што прапануецца:
- Квіткі на спектаклі Theatertreffen і іншыя падзеі фестывалю;
- Дарога ў Берлін для тых, хто не жыве ў Берліне, — самы эканамічны варыянт (умовы залежаць ад краіны, з якой падаецца заяўка);
- Праезд у грамадскім транспарце Берліна;
- Пражыванне: апартаменты на дваіх, у кожнага(-ай) свая спальня, агульныя гасцёўня з кухняй і ванная;
- Харчаванне або суткавыя;
- Медыцынская страхоўка і страхоўка на час падарожжа — за кошт Goethe-Institut;
- Візавы збор — за кошт Goethe-Institut.
Тым, хто жыве ў Берліне, праезд па горадзе, пражыванне і харчаванне не пакрываюцца.
Што чакаецца ад удзельнікаў(-ц):
- Быць на месцы ўвесь перыяд Forum (6–23 траўня 2027 года) і ўдзельнічаць у анлайн-сустрэчах перад ім;
- Актыўна ўдзельнічаць ва ўсёй праграме Forum і ў праграме Theatertreffen;
- Для тых, чый удзел фінансуе Goethe-Institut: пасля фестывалю зрабіць прэзентацыю ў Goethe-Institut у сваёй краіне (па дамоўленасці з мясцовым Goethe-Institut).
Для падачы патрэбныя:
- Запоўненая форма заяўкі;
- Фота, якое паказвае ваш адказ на пытанне «Як для вас сёння выглядае тэатр?» — да яго можна дадаць да трох сказаў, але гэта не абавязкова;
- Матывацыйны ліст (да дзвюх старонак A4) з адказамі на тры пытанні: што рухае вамі ў тэатральнай працы цяпер; які адметны спектакль вы бачылі апошнімі гадамі і чым ён вас уразіў; як вы глядзіце спектакль, калі ён пачынаецца;
- Творчае рэзюмэ (да адной старонкі A4);
- Прыклады прац з кароткімі апісаннямі, спасылкамі, візуальнымі і гукавымі матэрыяламі (да дзесяці старонак A4, да 5 MB);
- Для тых, хто працуе ў штаце тэатра або іншай інстытуцыі: пацвярджэнне, што вас адпускаюць на ўвесь перыяд Forum.
Дэдлайн: 26 лістапада 2026 года, 23:59 CET. Разглядаюць толькі поўныя заяўкі, пададзеныя да дэдлайну.
- Канец лютага 2027 года — аб'ява абраных удзельнікаў(-ц);
- Сакавік і красавік 2027 года — анлайн-сустрэчы;
- 6–23 траўня 2027 года — International Forum у Берліне.
Як падавацца:
Маршрут залежыць ад таго, дзе цяпер ваша асноўнае месца працы:
- Германія, Аўстрыя, Люксембург або Швейцарыя — заяўку дасылаюць толькі ў электронным выглядзе на internationales-forum@berlinerfestspiele.de;
- Любая іншая краіна (напрыклад, Польшча ці Літва) — праз партал Goethe-Institut; падрабязнасці пра падачу і дакументы — на старонцы Goethe-Institut.
Калі ёсць пытанні, арганізатары(-кі) просяць пісаць ім яшчэ да падачы заяўкі.
Кантакт:
- Berliner Festspiele – Theatertreffen – International Forum: internationales-forum@berlinerfestspiele.de, +49 30 254 89 182;
- Goethe-Institut, аддзел музыкі, танца і тэатра: Thomas Stumpp, thomas.stumpp@goethe.de.
Арганізатар:
Berliner Festspiele / Theatertreffen у супрацы з Goethe-Institut, Pro Helvetia, Федэральным міністэрствам жылля, мастацтваў, культуры, медыя і спорту Аўстрыі і Kultur | lx – Arts Council Luxembourg. Праграму падтрымліваюць Deutscher Bühnenverein і міністэрствы культуры федэральных зямель Германіі.