Перайсці да асноўнага зместу

Traverse Vidéo 2027 — прыём заявак ад беларускіх аўтараў(-ак) эксперыментальнага відэаарту

15 верасня 2026
Toulouse, Францыя
Бясплатна

Куратарка Карына Баратава збірае працы беларускіх аўтараў(-ак) для асобнай праграмы беларускага відэаарту ў межах міжнароднага фестывалю Traverse Vidéo 2027. Тэма наступнага выпуску — «Час».

Traverse Vidéo — міжнародны фестываль эксперыментальнага відэа і аўдыявізуальнага мастацтва ў Тулузе, які існуе з 1997 года. Фестываль стаў прасторай для прац, якія выходзяць за межы звыклага кіно і відэа: ад эксперыментальнага фільма і eco-cinema да перформансу, інсталяцый, фатаграфіі, expanded cinema і практык, звязаных з AI.

Traverse Vidéo цікавіцца «неідэнтыфікаванымі аўдыявізуальнымі аб’ектамі» — працамі, якія не заўсёды лёгка аднесці да аднаго жанру, але якія эксперыментуюць з формай, медыумам, вобразам і спосабамі ўспрымання.

Тэма фестывалю 2027 года — «Час». Фестываль прапануе ўдзельнікам паразважаць пра плынь часу, пастаянныя змены і трансфармацыю. Натхненнем для тэмы сталі словы Геракліта: «Мы ўваходзім і не ўваходзім у адны і тыя ж рэкі; мы існуем і не існуем», а таксама яго знакамітая думка пра тое, што нельга двойчы ўвайсці ў адну і тую ж раку.

Арганізатары фестывалю звяртаюцца да мастакоў і мастачак, якія даследуюць рух, зменлівасць, плынь часу, памяць, унутраны і знешні час, а таксама сам працэс бесперапыннага станаўлення — як мастацтва, так і чалавека.

Для падачы неабходна даслаць:

  • Спасылку на відэа (YouTube/Vimeo) або спасылку для спампоўвання;
  • Кароткае апісанне працы (на беларускай, рускай або англійскай мове);
  • Інфармацыю пра аўтара (імя, кароткая біяграфія).

Працы дасылайце куратарцы Карыне Баратавай на электронную пошту: karynabarat@gmail.com з пазнакай Traverse video 2027.

Калі падаваць працу як частку гэтай праграмы, шанцы трапіць у фестывальную селекцыю могуць быць вышэйшыя: куратарка рыхтуе асобную прэзентацыю беларускіх аўтараў(-ак) для адборачнай камісіі. Заяўкі збіраюць на месяц раней за асноўны дэдлайн, каб паспець сфармаваць праграму, зразумець яе працягласць і ўзгадніць пляцоўку.