Перайсці да асноўнага зместу

Video Games and Immersive Content — да 200 000 EUR на распрацоўку наратыўных відэагульняў і імерсіўных праектаў

2 лютага 2027, 17:00 CET
Бясплатна
200 000 EUR

Video Games and Immersive Content Development — конкурс праграмы Creative Europe MEDIA. Ён дапамагае еўрапейскім студыям распрацоўваць арыгінальныя гульні і імерсіўныя праекты з міжнародным камерцыйным патэнцыялам і захоўваць правы на іх у Еўропе.

Для каго:

Еўрапейскія студыі відэагульняў, XR-студыі і аўдыявізуальныя прадзюсарскія кампаніі, для якіх распрацоўка гульняў, праграмнага забеспячэння для забаў або аўдыявізуальная вытворчасць — асноўная дзейнасць.

  • Заяўнік — юрыдычная асоба, зарэгістраваная ў краіне, што цалкам удзельнічае ў напрамку MEDIA праграмы Creative Europe (краіны ЕС, а таксама краіны ЕЭП і асацыяваныя краіны са спісу праграмы, напрыклад Украіна), і большасць яе долі належыць грамадзянам(-кам) гэтых краін;
  • Каардынатар павінен мець свежы досвед: паміж 1 студзеня 2024 года і дэдлайнам ён выпусціў або распрацаваў гульню ці імерсіўны праект, які камерцыйна прадаваўся і прынёс даход. Гэта трэба пацвердзіць справаздачай пра продажы;
  • Не лічацца праекты, зробленыя на замову іншай кампаніі (work-for-hire), асабістыя крэдыты супрацоўнікаў(-ц) і гульні ў Early Access;
  • Выдаўцы (publishers) падавацца не могуць;
  • Можна падавацца адной кампаніяй або кансорцыумам з мінімум дзвюх.

Што фінансуецца:

  • Толькі этап распрацоўкі канцэпцыі (pre-production) — ад першай ідэі да першага прататыпа (first playable, vertical slice, Alpha або дэма-версія);
  • Наратыўныя відэагульні і інтэрактыўныя наратыўныя імерсіўныя праекты для любой платформы — PC, кансоляў, мабільных прылад і іншых;
  • Гісторыя павінна раскрывацца на працягу ўсёй гульні, а не толькі ва ўступе ці фінале;
  • Праект прызначаны для камерцыйнага выпуску;
  • Вытворчасць (тэставанне першага прататыпа і далей) пачынаецца не раней чым праз 10 месяцаў пасля дэдлайну і грантам не пакрываецца.

Не падтрымліваюцца пазлы, гульні на памяць, спартыўныя, гоначныя, рытм-гульні, квізы, party-гульні, файтынгі і падобныя жанры — нават калі ў іх ёсць сюжэт. Таксама не падыходзяць навучальныя і тэрапеўтычныя праекты, мультымедыйныя інсталяцыі, імерсіўныя туры і падзеі, рэклама, платформы, інструменты, электронныя кнігі і даведнікі.

Што прапануецца:

  • Фіксаваны грант (lump sum) да 200 000 EUR на праект;
  • Сума вылічваецца як 60% ад запланаванага бюджэту распрацоўкі — астатнія 40% трэба пакрыць з іншых крыніц;
  • Аванс — звычайна 70% сумы пасля падпісання дагавора;
  • Праект доўжыцца звычайна да 36 месяцаў.

Агульны бюджэт конкурсу — 13 500 000 EUR.

Для заяўкі патрэбныя:

  • Анкета (часткі A, B і C) у сістэме падачы; частка B — да 50 старонак;
  • Падрабязная табліца бюджэту па шаблоне;
  • Звесткі пра праекты з базы Creative Europe MEDIA Database;
  • Творчае дасье: апісанне геймплэя, інтэрфейсу (GUI, HUD), дызайну ўзроўняў і персанажаў, графічная біблія, сцэнар, сторыборд, нататка творчага дырэктара(-ркі) і інш.;
  • Дагавор на правы (для адаптацый — і правы на адаптацыю), падпісаны не пазней за дзень дэдлайну;
  • Дакументы пра капрадукцыю, дыстрыбуцыю і фінансаванне;
  • Дэкларацыі пра незалежнасць і еўрапейскую ўласнасць і пра мову матэрыялаў.

Дэдлайн: 2 лютага 2027 года, 17:00 па брусельскім часе (CET) — гэта 17:00 па Варшаве і 19:00 па Мінску. Вынікі — у ліпені 2027 года, падпісанне дагавораў — у кастрычніку 2027 года.

Як падавацца:

Праз сістэму падачы на старонцы конкурсу ў EU Funding & Tenders Portal. Спачатку трэба стварыць уліковы запіс EU Login і зарэгістраваць кампанію, каб атрымаць 9-значны код PIC. Усе ўмовы — у дакуменце конкурсу (PDF). Па кансультацыю можна звярнуцца ў Creative Europe Desk сваёй краіны.

Арганізатар: Еўрапейская камісія; конкурс адміністравае European Education and Culture Executive Agency (EACEA).

Важна:

  • Як каардынатар кампанія можа падаць толькі адну заяўку, але можа быць партнёрам у іншых заяўках гэтага конкурсу;
  • Як каардынатар можна падацца толькі ў адзін з конкурсаў European Co-development, European Slate Development, European Mini-slate Development і Video Games and Immersive Content; калі заявак некалькі, разгледзяць толькі тую, у якой самы ранні дэдлайн;
  • Конкурс залежыць ад канчатковага зацвярджэння бюджэту ЕС на 2027 год.