Асабісты топ-20 журналіст, заснавальнік культавага медыя Ultra-Music і знаўца музыкі Вячаслаў Радзівонаў апублікаваў на сваім сайце rdnv.me.
Мы перадрукоўваем першую пяцёрку, астанія рэлізы шукайце па спасылцы.
5. Leibonik — Tupesni
Сяргей Башлыкевіч — адзін з самых таленавітых паэтаў сучаснай беларускай сцэны: ён філігранна працуе са словам, ствараючы шматузроўневыя тэксты з пасхалкамі, іроніяй і моцнымі вобразамі. Калі папярэдні альбом мог давесьці да сьлёз праз эмігранцкі сум і адчуваньне вайны, то «Tupesni» часта прымушае сьмяяцца да сьлёз. У музычным пляне новы альбом Leibonik таксама адрозьніваецца: аранжыроўкі сталі больш аб’ёмнымі, а падыходы — разнастайнымі. Гэта альбом, які адначасова лечыць, але не дае забывацца пра рэчаіснасьць — і менавіта ў гэтым ягоная сіла.
4. SK.EIN — Music for Tripping Homeland
SK.EIN сплятае электроніку з пост-рокам і эмбіентам пры дапамозе палявых запісаў і лоў-файных тэкстур. «Music for Tripping Homeland» — разважаньне пра мінулае і цяперашняе, пра краіну, убачаную празь беларускія дарогі. Альбом успрымаецца як падарожжа праз усю прастору — і геаграфічную, і ўнутраную, — асабліва вострае ў час, калі рух абмежаваны. Тут амаль няма словаў, але вобразы нараджаюцца вельмі дакладныя: бясконцыя палі, пустыя прыпынкі ўздоўж дарог, маўклівая настальгія. Музыка працуе як саўндтрэк да асабістага асэнсаваньня дому і сябе — ціха, уважліва і вельмі кінаматаграфічна.
3. V/A — Yiddish Veršes (Compilation)
Ніколі ня думаў, што ўключу ў свой рэйтынг зборнік з удзелам розных артыстаў. Але «Yiddish Veršes» — той рэдкі выпадак, калі кампіляцыя гучыць як паўнавартасны альбом з адзінай ідэяй і дыханьнем. Сем розных артыстаў, працуючы з паэзіяй на ідышы XX стагодзьдзя, нечакана ствараюць вельмі цэльную і канцэптуальную працу пра памяць, культуру і спадчыну. Музычныя формы тут розныя, але ўсе яны служаць адной мэце — асэнсаваць тэксты і перанесьці іх у сучасны кантэкст, не згубіўшы глыбіні і далікатнасьці.
2. Syndrom Samazvanca — Mahajba
«Mahajba» — гэта выклік самой ідэі фармату: рэдкі гурт можа дазволіць сабе пачаць альбом з шаснаццаціхвіліннай кампазыцыі, дзе ўступ доўжыцца больш за палову трэка, і пры гэтым не страціць увагу слухача. Syndrom Samazvanca сьвядома ідуць супраць трэндаў, спалучаючы псыхадэлію і краўтрок з моцным каляфолькавым падмуркам. Пераасэнсаваныя і нават перайначаныя народныя сьпевы тут не выглядаюць пустой гульнёй у фальклор — наадварот, яны набываюць новыя сэнсы і нечакана арганічна ўкладваюцца ў экспэрымэнтальны саўнд.
1. СОЮЗ — KROK
Новы альбом гурта «СОЮЗ» — без перабольшаньня праца сусьветнага маштабу, што хутка стала бачна і па рэакцыі звонку: альбом трапіў у сьпіс найлепшых рэлізаў году па вэрсыі Wyborcza, а песьні з яго гучаць на KEXP. Геаграфія і склад гурта тут таксама важныя: беларуска-польскі калектыў, госьці з Японіі і Бразыліі, запіс паміж Сан-Паўлу, Варшавай і Стакгольмам — і пры гэтым беларуская мова як аснова. Музычна гэта тонкая, вельмі прыгожая кружэлка, натхнёная паўднёваамэрыканскай традыцыяй зь яе мэлянхалічнымі мэлёдыямі і багатымі аркестроўкамі. Побач арганічна зьяўляюцца джазавыя інтанацыі і фолькавыя адценьні, што робіць альбом яшчэ больш жывым і шматслойным. Музыка, якая зачароўвае, павольна зацягвае і доўга не адпускае.