Адпаведнае рашэнне прыняў суд Кастрычніцкага раёна Мінска 13 лістапада, паведамляе «Вясна».

Гаворка пра друкаваныя выданні «Слон» і «Чырвоны крыж», якія выйшлі ў выдавецтве Gutenberg Publisher.

«Насамрэч гэтая кніга пра тое, што людзі баяцца жыць, баяцца змагацца, баяцца выказвацца, баяцца быць падобнымі да сваіх маці, баяцца ўпасці з каня, баяцца прызнаваць відавочнае», — кажа пра свой антываенны раман «Слон» аўтар.

«Чырвоны крыж» — гэта гісторыя пра маладога футбольнага арбіта Аляксандра, які прыязджае ў Мінск, каб паспрабаваць збудаваць наноў жыццё, разламанае напалам воляй абыякавага лёсу. І спатыкае тут дзевяностааднагадовую Таццяну Аляксееўну, якая выжыла ў сталінскім тэроры з надзеяй рана ці позна задаць пару пытанняў Богу.

Раней гэтыя кнігі дадалі ў спіс забароненых да распаўсюду на тэрыторыі Беларусі.