Skip to main content
Скрыншот з відэа Hazy Flora - Density at 98 kPa. Крыніца: https://www.youtube.com/watch?v=TyQuRUNFfkU

Скрыншот з відэа Hazy Flora - Density at 98 kPa, Youtube

IIvan Marozka

«Мы разлічвалі танальнасць чалавека, танальнасць расліны».Дуэт Hazy Flora літаральна стварае музыку з… чалавечага дыхання

Іван Марозька пагутарыў са стваральнікамі ўнікальнага аўдыёвізуальнага перфарматыўнага дуэта – саўнд-артыстамі Mufer і Semashkevich. Музыкі інтэрпрэтуюць фізічныя і хімічныя даныя навакольнага асяроддзя, наглядна паказваючы штодзённы ўплыў чалавека на флору, дзякуючы чаму гледачы могуць самі ўбачыць, пачуць і адчуць гэтыя працэсы.

Hazy Flora выкарыстоўваюць аналагавыя і лічбавыя сінтэзатары, а таксама датчыкі вуглякіслага газу, вільготнасці і тэмпературы, падлучаныя да праграмы Ableton Max for Live.

Mufer (Яўген Булдык)

Mufer (Яўген Булдык) – музыка, кампазітар і перформер родам з Беларусі, які базуецца ў Польшчы. Актыўна займаецца эксперыментальнай музыкай і перфарматыўным мастацтвам з 2007 года. Яго творчасць абапіраецца на імправізацыю, эксперыментальныя гукавыя практыкі і міждысцыплінарнае супрацоўніцтва.

Жэня браў удзел у шматлікіх міжнародных фестывалях, выставах і арт-рэзідэнцыях па ўсёй Еўропе. У яго партфоліа – праекты, падтрыманыя такімі інстытуцыямі, як Гётэ-Інстытут, Musik der Jahrhunderte (Штутгарт), Pilotenkueche (Лейпцыг), фестываль новай музыкі ECLAT (Штутгарт), дзе ён выступаў у ролі арт-дырэктара і перформера.

Ілля Семашкевіч

Ілля Семашкевіч – кампазітар і саўнд-артыст, які жыве і працуе ў Варшаве. У сваёй практыцы ён факусуецца на электроннай кампазіцыі, стварэнні гуку для перформансаў, інсталяцый і відэаарта. Ілля атрымаў ступень бакалаўра ў галіне гукарэжысуры (джазавая і папулярная музыка) і мае прафесійны досвед працы ў тэатры, сучасным перформансе, кіно і ў кантэксце мастацкіх інсталяцый.

Яго працы былі прадстаўлены ў культурных інстытуцыях і на фестывалях у Польшчы, Германіі, Швецыі і іншых еўрапейскіх краінах, сярод якіх Музей сучаснага мастацтва ў Стакгольме, Музей Вольнай Беларусі, Мазавецкі інстытут культуры (Mazowiecki Instytut Kultury), Тэатр Паўшэхны (Teatr Powszechny) у Варшаве, а таксама розныя міжнародныя фестывалі перформансу.

З чаго ўсё пачалося? Як з'явілася ідэя сумясціць музыку з экалагічным складнікам і навакольным асяроддзем?

Жэня: Ідэя выцекла з простага жадання. Я прапанаваў Іллі паехаць у сумесны тур як два асобныя музыкі. Мы сабраліся ў яго дома, пачалі абмяркоўваць: навошта тур, для каго? У выніку вырашылі зрабіць дуэт. Сама канцэпцыя нарадзілася выпадкова, без пэўных рэферэнсаў. Вядома, ёсць людзі, якія займаюцца падобным, але мы не «сёрчылі» канкурэнтаў. Мы проста пачалі працаваць, і стала атрымлівацца. Кожны прыўносіў сваё: я адказваў за тэхнічную частку, Ілля – за музычную інтэрпрэтацыю даных. Першыя сустрэчы мы прысвяцілі фарміраванню прафесійнага падыходу: стварылі табліцы, настроілі чат-асістэнта спецыяльна пад праект Hazy Flora. Гэта шчыльнае ўзаемадзеянне і прывяло да нараджэння праекту.

Ілля: Мы з Жэнем знаёмыя даўно, разам гралі на жывых інструментах. Прыкладна паўгады таму мы адыгралі эмбіент-сэт, і нам абодвум вельмі спадабалася. Але проста граць было сумнавата, мы шукалі агульную глыбокую тэму. Я падрыхтаваў серыю пытанняў для нашых сесій, каб зразумець, што нам на самой справе цікава ў доўгатэрміновай перспектыве. Аказалася, што гэта ўзаемадзеянне чалавека і навакольнага свету. Для пачатку выбралі працу з вуглякіслым газам. Так усё і злучылася: нашыя музычныя густы, любімыя кірункі і агульная ідэя. Мы камунікуем, граем, выступаем – і ў гэтым працэсе праект увесь час дабудоўваецца.

Як вы выбіралі параметры, якія здымаеце і інтэрпрэтуеце ў музыку?

Ілля: У нас два бакі працы з данымі. Першы – гэта датчыкі, якія працуюць у рэальным часе падчас выступу. Яны фіксуюць канцэнтрацыю вуглякіслага газу, тэмпературу і вільготнасць. На выступах мы пакуль тэстуем у асноўным CO₂. Гэта дадае імерсіўнасці: гледачы могуць назіраць, як прастора, колькасць людзей у памяшканні ўплываюць на музыку. Гэта жывы працэс, які кожны раз дае нешта новае.

Другі бок – пераклад статычных даных. Мы знайшлі табліцу з фізічнымі параметрамі вуглякіслага газу. Наш першы праект называецца «CO₂ in Stasis»: мы даследуем гэтыя лічбы і пераводзім іх у ноты, выкарыстоўваючы гарманічную тэорыю Шуберта.

Мне даўно хацелася папісаць музыку, не чапаючы ноты самому, а інтэрпрэтуючы лічбавыя значэнні. Мы пралічвалі танальнасць чалавека, танальнасць расліны, хуткасць іх узаемадзеяння, каб слухач мог усвядоміць гэта нават на псіхаакустычным узроўні, без лішняга «загрузу».

Гэта значыць усю тэхнічную частку вы стварылі самі, з нуля?

Жэня: Так, цалкам. Праграмны код для датчыкаў і для Ableton напісаны намі. Вядома, не без дапамогі нейрасетак, бо мы не праграмісты ў чыстым выглядзе. У мяне быў досвед працы з Arduino, а для гэтага праекта мы ўзялі платформу ESP32. Датчык працуе аўтаномна, без правадоў, злучаючыся з камп’ютарам па сетцы.

Ілля: Сумеснымі намаганнямі мы стварылі ў Max for Live нейкае падабенства VST-плагіна. Гэта «ручкі», якія можна прызначаць на розныя параметры эфектаў. У музыцы мы выкарыстоўваем толькі «жалеза» – сінтэзатары. Я пішу midi-партыі, ператвораныя з табліц фізічных уласцівасцяў CO₂, мы пускаем іх на сінтэзатары і ў рэальным часе круцім гук, каб гэта было прыгожа.

Як публіка рэагуе на такі фармат? Людзі разумеюць, што яны сваёй прысутнасцю ўплываюць на гук?

Жэня: Калі не растлумачыць загадзя, людзі бачаць проста хлопцаў з сінтэзатарамі. Але ў канцы выступу мы расказваем, што гэта быў імерсіўны перформанс. У нас на сцэне стаіць дэвайс на стойцы, ён міргае – многія не разумеюць, што гэта, пакуль не растлумачыш. Плюс мы працуем з відэа, якое я здымаю з дрона. Мы прынцыпова не выкарыстоўваем аўтсорс, толькі свой матэрыял, які Ілля вельмі хутка апрацоўвае. Наша канцэпцыя – рабіць добра, прыгожа і без лішніх «затупаў».

Ілля: Наша музыка – гэта не танцавальны фармат, а IDM ці электроніка для праслухоўвання. У гэтай сферы часта звяртаюцца да складаных канцэпцый, але для нас важна заставацца музыкамі. Мы будуем гук так, каб гэта была музыка, якая нам самім падабаецца, якая транслюе ідэю «дыхання на малекулярным узроўні».

Жэня: Гэта прымушае чалавека воляй-няволяй задумацца аб сваім укладзе ў экалогію. Мы не гаворым напрамую «паліце менш газу», мы ствараем эмоцыю, намякаем, што вакол нас ёсць не толькі чалавецтва, але і прырода, тыя ж лісточкі, якія дазваляюць нам дыхаць.

Ці ёсць у вас ідэі «агучыць» канкрэтныя месцы – напрыклад, беларускія балоты ці лясы Амазонкі?

Ілля: Гэта канцэптуальна іншы падыход. Агучка прасторы зараз адбываецца праз датчык, які інтэрпрэтуе асяроддзе тут і зараз. Але праца з жывой прыродай – гэта менавіта наша тэма: лясы, грыбы, флора і фауна. Пытанне ў тым, якія даныя мы можам адтуль атрымаць і як іх пераўтварыць.

Жэня: Важна зразумець, што мы возьмем за аснову музычнасці.

Можна прыгожа падабраць гукі, але трэба адказаць на пытанне «навошта?». Напрыклад, як жыццядзейнасць вавёрак уплывае на колькасць ліп у Белавежскай пушчы. Калі мы зможам прасачыць гэтую сувязь і раскрыць яе кампазіцыйна, тады гэта мае сэнс.

Якія ў праекта глабальныя планы – у творчым і тэхнічным сэнсе?

Жэня: Мы ўжо напісалі альбом з 16 трэкаў і зараз шукаем лэйбл для дыстрыбуцыі. У планах – экспедыцыя ў лес на суткі, каб папрацаваць з тэмай грыбоў. Падаемся на арт-рэзідэнцыі, хочам трапіць на міжнародныя фестывалі. Хацелася б, каб праект прыносіў не толькі маральнае задавальненне, але і фінансавую аддачу, бо «кавалерка сама сябе не аплаціць».

Ілля: Мы хочам ускладняць працэсы: агучыць рост тых жа грыбоў ці, напрыклад, працэс выбуху ў вадзе, каб чалавек мог і пачуць, і пабачыць гэта ў запаволеным ці паскораным кантэксце. У канцы кастрычніка ў нас запланавана выступленне ў Познані. Цяпер працуем над стабільнасцю сістэмы і візуальнай часткай.

Жэня: Таксама мы пачынаем калабараваць з відэамастакамі і спецыялістамі па святле, напрыклад, з Берліна, у якіх ёсць досвед працы ў Berghain. Нам трэба сабрацца разам на якой-небудзь рэзідэнцыі, каб пратэставаць усё гэта і прыйсці да насычанага візуальнага выніку.

Hazy Flora - work in progress

Не думалі манетызаваць саму тэхналогію? Выпусціць такія датчыкі як MIDI-інструменты?

Жэня: Сістэму яшчэ трэба дапрацоўваць. Калі мы зараз пра гэта напішам, нехта прадпрымальны зробіць гэта праз тыдзень (смяецца). За 750 тысяч еўра гатовы аддаць правы! Калі сур’ёзна, гэта працаёмкі працэс. Каб зрабіць прадукт, якім зможа лёгка карыстацца любы, патрэбны гранты, час і шмат тэстаў. Пакуль гэта хутчэй перспектыва будучыні.

Ілля: Адна справа – прыдумаць для сябе, іншая – увасобіць для мас. Мы шмат часу трацім на адладку кода з нейрасеткамі: дадаеш адну функцыю – адвальваецца іншая. Гэта бясконцы цыкл правак.

І апошняе пытанне: ваш любімы гук у прыродзе ці ў жыцці?

Жэня: Мне падабаецца гул заводаў, матораў, гіганцкіх выцяжак ці трансфарматарных будак. Нізкачастотны гудзячы гук – гэта маё.

Ілля: А ў мяне той, на які цела рэагуе – гук фену, які працуе ў іншым пакоі. Калі вельмі хораша заліваецца, з дзяцінства люблю. І птушкі.

Жэня: Птушкі – гэта топ! Калі гуляеш у лесе, яны часта пачынаюць пападаць у рытм і ў танальнасць. Яны як быццам перамаўляюцца з табой: «Давай у до-мажоры! Перадай дразду, каб дзяўбаў шаснаццатымі!».

Hazy Flora duo