Skip to main content

Eulsukdo Open Call — 380 млн KRW на твор ленд-арту і экалагічнага мастацтва

22 November 2026, 23:59 UTC+9
Busan, South Korea

Busan Metropolitan City шукаюць арыгінальны твор ленд-арту або экалагічнага мастацтва для вострава Eulsukdo, размешчанага ў вусці ракі Nakdong — самай доўгай ракі Паўднёвай Карэі. Востраў служыць важным месцам адпачынку для пералётных птушак на Усходнеазіяцка-Аўстралазійскім міграцыйным шляху. На працягу дзесяцігоддзяў яго тэрыторыю выкарыстоўвалі для сельскай гаспадаркі, звалак і забудовы. Цяпер тут аднавілі водна-балотныя ўгоддзі і прыроднае асяроддзе пражывання птушак. Заяўкі прымаюць з 2 лістапада 2026 года.

Для каго:

Асобы або каманды, якія прафесійна працуюць у мастацтве, ландшафтнай архітэктуры, архітэктуры, дызайне або сумежных сферах. Міждысцыплінарныя каманды вітаюцца, памер каманды не абмежаваны. Ад аднаго(-ой) заяўніка(-цы) або каманды можна падаць адну прапанову.

Тэма конкурсу — «We Pass, the Earth Endures». Яна прапануе паразважаць пра суіснаванне людзей і іншых жывых істот, кароткачасовасць чалавечага існавання і геалагічны час Зямлі. Чакаюць твораў, створаных з улікам асаблівасцяў канкрэтнага месца (site-specific), якія ўзаемадзейнічаюць з прыродным асяроддзем, ландшафтам і гісторыяй вострава. Важная ўмова — мінімальнае ўздзеянне на экасістэму на ўсіх этапах: ад стварэння і ўсталявання твора да яго дэмантажу.

Гэта можа быць інсталяцыя, канструкцыя і/або працэсуальная практыка — адна цэласная мастацкая канцэпцыя, якая можа складацца з некалькіх аб'ектаў. Пляцоўка — 49 326 м² (1142-8 Hadan-dong, Saha-gu, Busan).

Што прапануецца:

  • 380 000 000 KRW ≈ 246 000 EUR — бюджэт на вытворчасць, рэалізацыю, мантаж, пражыванне і іншыя выдаткі праекта;
  • Ганарар мастака(-чкі) — 20 000 000 KRW ≈ 12 900 EUR: за распрацоўку канцэпцыі і дызайну, мастацкі нагляд падчас вытворчасці і мантажу, удзел у публічных праграмах;
  • Ганарар за прэзентацыю — 1 000 000 KRW ≈ 650 EUR: атрымаюць удзельнікі(-цы) другога этапу.

Ці ўваходзіць ганарар 20 млн KRW у агульную суму 380 млн KRW, варта ўдакладніць у арганізатараў. Пражыванне ў Пусане пакрываецца з бюджэту праекта, калі яно патрэбнае для даследавання, вытворчасці або мантажу і закладзенае ў каштарыс.

Што чакаецца ад аўтара(-кі) або каманды:

  • Падпісаць кантракт з аператарам праекта цягам 14 дзён пасля абвяшчэння вынікаў;
  • Дапрацаваць праект, падрыхтаваць канчатковы план і ўдзельнічаць у працэдурах атрымання дазволаў (студзень–люты 2027 года);
  • Весці мастацкі нагляд падчас вытворчасці і мантажу (сакавік–травень 2027 года);
  • Удзельнічаць у адкрыцці і публічнай праграме (травень–чэрвень 2027 года);
  • Год пасля завяршэння дапамагаць з абслугоўваннем твора і выпраўленнем дэфектаў.

Для заяўкі патрэбныя:

  • Афіцыйныя формы (шаблоны DOCX): заява, згода на ўдзел, згода на апрацоўку персанальных даных, апісанне твора;
  • Прапанова праекта — каля 20 старонак A4 у альбомнай арыентацыі (без вокладкі і зместу), да 50 MB, выявы — 150 dpi.

Прапанова павінна ўключаць:

  • Сувязь твора з месцам і тэмай конкурсу;
  • Візуальныя матэрыялы — эскізы, 3D-мадэлі, чарцяжы;
  • Спосаб вытворчасці і матэрыялы;
  • План камунікацыі з жыхар(к)амі і іх удзелу;
  • Сцэнар таго, як твор будзе змяняцца або знікаць;
  • Планы бяспекі і абслугоўвання;
  • Умовы для прагляду;
  • Пакрокавы графік вытворчасці;
  • Падрабязны бюджэт.

Мова заяўкі — карэйская або англійская.

Заяўкі прымаюць з 2 лістапада 2026 года. Пытанні можна задаць да 17:00 KST 20 лістапада 2026 года.

Таймлайн:

  • Першы этап — разгляд дакументаў, у кароткі спіс трапяць чатыры прапановы (лістапад–снежань 2026 года);
  • Другі этап — прэзентацыі (канец лістапада – пачатак снежня 2026 года); удзельнікі(-цы) з-за мяжы могуць прэзентаваць па відэасувязі, ёсць паслядоўны пераклад;
  • Вынікі — у снежні 2026 года на афіцыйным сайце;
  • Адкрыццё твора — травень–чэрвень 2027 года.

Як падавацца:

Дакументы трэба даслаць на eulsukdo.ecoart@gmail.com. На сайце можна спампаваць умовы конкурсу (PDF, 64 старонкі, 45 MB) і афіцыйныя формы (ZIP).

Кантакт: eulsukdo.ecoart@gmail.com (панядзелак–пятніца, 08:00–17:00 KST)

Арганізатар: Busan Metropolitan City, Urban Parks Division. Аператар праекта — Urban Collabo Co., Ltd.