Skip to main content

RIZA - гранты да 60 000 EUR для НДА, якія працуюць з мігранткамі і ўцякачкамі

31 July 2026
EU
Free

RIZA — Building European Democracy with Women of Migrant Descent падтрымлівае невялікія нізавыя арганізацыі, якія абараняюць фундаментальныя правы, каштоўнасці ЕС і працуюць з мігранткамі і ўцякачкамі. Другі цыкл мае рэгіянальны фокус на Southern-Mediterranean region, але заяўкі прымаюцца і вітаюцца з усіх краін ЕС.

Для каго: невялікія некамерцыйныя і няўрадавыя арганізацыі ў краінах ЕС, якія працуюць з мігранткамі, уцякачкамі і жанчынамі з дыяспарных супольнасцей.

Падавацца могуць:

  • Арганізацыі, створаныя мігранткамі або ўцякачкамі і заснаваныя на правах чалавека;
  • Нізавыя жаночыя праваабарончыя арганізацыі з асобнай праграмай для мігрантак / уцякачак;
  • Мігранцкія, уцякацкія або дыяспарныя арганізацыі з асобнай праграмай для жанчын;
  • Нізавыя праваабарончыя арганізацыі з асобнай праграмай для мігрантак, уцякачак або жанчын з дыяспары.

Асноўныя патрабаванні:

  • Арганізацыя павінна быць зарэгістраваная ў краіне ЕС;
  • Гадавы аперацыйны бюджэт за апошні закрыты фінансавы год — менш за 300 000 EUR;
  • Мінімум 1 год дзейнасці, у тым ліку можа ўлічвацца перыяд да юрыдычнай рэгістрацыі;
  • Незалежнасць ад палітычных і рэлігійных партый, груп або дзяржаўных органаў;
  • Пацверджаны досвед працы з мігранткамі, уцякачкамі або жанчынамі з дыяспары;
  • Жанчыны павінны складаць істотную частку кіраўнічых і выканаўчых структур: ад 50% да 80% у залежнасці ад тыпу арганізацыі.

Можна падавацца адной арганізацыяй або партнёрствам да 3 арганізацый.

Прыярытэты:

1. Падтрымка і ўзмацненне мігрантак і ўцякачак

  • Інфармаванне пра правы і абавязкі ў межах заканадаўства ЕС і нацыянальнага права;
  • Доступ да прававой дапамогі, механізмаў абароны і правасуддзя;
  • Праца з тэмамі дыскрымінацыі, гвалту, здароўя, ментальнага здароўя, рэпрадуктыўных правоў;
  • Развіццё самапрадстаўніцтва, самаадвакацыі і грамадзянскага ўдзелу.

2. Адвакацыя фундаментальных правоў мігрантак і ўцякачак

  • Маніторынг і дакументаванне парушэнняў правоў;
  • Падрыхтоўка справаздач і shadow reports;
  • Кампаніі пра правы чалавека і лепшыя практыкі;
  • Даследаванні і інфармацыйныя матэрыялы пра занятасць, адукацыю, жыллё, здароўе, грамадзянскі ўдзел і доступ да рэсурсаў.

3. Удзел мігрантак і ўцякачак у дэмакратычным дыялогу

  • Супольнасныя акцыі, дыялогі і мастацкія інтэрвенцыі;
  • Прасоўванне ролі мадэляў і пазітыўнага ўнёску мігрантак;
  • Кампаніі супраць палярызацыі і міжсупольнасных канфліктаў;
  • Узмацненне ролі мігрантак у палітыцы, прыняцці рашэнняў і лакальным грамадскім жыцці;
  • Стварэнне фармальных або паўфармальных сетак жаночых мігранцкіх арганізацый.

Даступныя тры тыпы грантаў:

  • Micro grants — 17 778 EUR;
  • Small grants — 32 778 EUR;
  • Medium grants — 60 000 EUR.

Фінансаванне пакрывае 100% бюджэту, суфінансаванне не патрабуецца.

Выплаты:
• 90% пасля падпісання грантавай дамовы;
• 10% пасля завяршэння праекта, праграмы ўзмацнення патэнцыялу і падачы справаздач.

Максімум, які адна арганізацыя можа атрымаць ва ўсіх цыклах RIZA, — 60 000 EUR.

Што можа пакрывацца:

  • Заробкі і аплата працы каманды праекта;
  • Частка офісных выдаткаў, інтэрнэт, тэлефон;
  • Матэрыялы, абсталяванне і праграмнае забеспячэнне для праекта;
  • Арэнда прасторы і кейтэрынг;
  • Выдаткі на догляд дзяцей;
  • Дарога, пражыванне і суткавыя для праектных паездак;
  • Удзел у абавязковым афлайн-варкшопе RIZA;
  • Ганарары экспертам(-кам), кансультантам(-кам) і падрадчыкам — да 20% бюджэту;
  • Камунікацыя і распаўсюд вынікаў.

Першы этап — анлайн-форма і падпісаная дэкларацыя.

Калі арганізацыю запросяць на другі этап, трэба будзе падаць:

  • Дакументы пра юрыдычны статус або фармалізацыю арганізацыі;
  • Пацверджанне дзейнасці: справаздачы, фота, пасты ў сацсетках або іншыя матэрыялы;
  • Фінансавую справаздачу за апошні закрыты фінансавы год.

Заяўкі рэкамендуецца падаваць па-англійску, але прымаюцца таксама заяўкі на адной з 24 моў ЕС краіны заяўніка.

Арганізатары: RIZA — Building European Democracy with Women of Migrant Descent.