ФШ1 (@fshminsk) — беларуская фатаграфічная платформа, якая стварае ўмовы для вольнай творчасці ў фатаграфіі і збірае разам фатографаў(-к) з Беларусі. Каманда паставіла сабе высокую планку — аднаўляць з чарговага нуля інфраструктуру для беларускай фатаграфіі. За першы год працы ў Варшаве ФШ1 зладзілі шэраг лекцый і варкшопаў, сустрэч з беларускімі і польскімі маста(ч)камі, запусцілі ментарскую праграму і падкасты. Пра гэта мы паразмаўлялі з Яўгенам Атцецкім і Марыяй Карнеенкай, якія разам з Кацярынай Ігнашэвіч і прадстаўляюць сённяшнюю каманду ФШ1.
Размова атрымалася настолькі доўгай, што мы публікуем яе ў дзвюх частках. Вашай увазе — першы тэкст на павольнае чытанне пра тое, як выбар займацца мастацтвам надае твайму жыцця сэнсаў, але вымушае хадзіць па краі. 

Тэкст: Каця Раманчык

Як і навошта з’явілася ФШ1

Жэня: Платформа ФШ1 вырасла са Студыі 67, адной з першых фоташкол у Мінску. Гэта быў паспяховы праект, які даволі моцна паўплываў на культурніцкае поле Мінска пачатку 2010-х. Паступова праект пачаў развальвацца, бо арганізатары зрушылі фокус на будаўніцтва “Корпуса”, які, што натуральна, хутка забраў асноўную ўвагу і рэсурсы. А фоташкола пачала буксаваць і спыніла сваё дзеянне годзе ў 2015-ым. Нам прапанавалі падхапіць Студыю, але да таго часу ў яе ўжо назапасіўся некаторы негатыўны бэкграўнд, мелі быць дакументальныя пытанні па перадачы юрасобы, у якія мы вырашылі не ўключацца, і таму абралі стварыць новы праект.

У кастрычніку 2016-га мы стартанулі як Школа Фатаграфіі. У першым “батчы” стваральнікаў было пяць чалавек: я, Андрэй Дубінін, Ваня Мураўёў, яшчэ два чалавекі, набралі яшчэ каля 10 выкладчыкаў. Мы напрацавалі фінансавы базіс для сябе і з часам пачалі падключаць сацыяльныя праекты – тыя, што дапамагаюць развіццю супольнасці, маладым аўтарам: самапрэзентацыі, паказы кіно, фотатуры, лагеры, вечарынкі, артыст-токі, гарадскі фотафестываль. Гэтыя фарматы з’яўляліся з патрэбы больш шырока размаўляць з аўдыторыяй.

Частка каманды бачыла развіццё нашага праекта як забаўляльнага: шмат дзвіжа, здымак, тусовак, – а частка – як адукацыйнага: развіццё ў прафесіі, навучанне. І паколькі людзі, якія займаліся адукацыяй, больш за ўсё над праектам працавалі, яны па выніку і перамаглі (смяецца).

Першапачаткова ў нас былі камерцыйныя курсы па фатаграфіі як такой: ад партрэтнай, пейзажнай да вясельнай ці мабільнай. Мы працавалі як прадпрымальнікі, прапаноўваючы даволі шмат курсаў, каб навучыць чалавека рамяству і канкрэтным навыкам, напрыклад, працы са святлом. Пры гэтым у нас заўсёды была вялікая стаўка на індывідуальнасць.

Маша: У першыя месяцы 2021-га мы нават запланавалі вялікі гарадскі фота-фестываль на наступны 2022-ы, гэта была даволі вялікая ініцыятыва. Мы бачылі фестываль агульнагарадскім, каб фотаздымкі былі па ўсім горадзе. Мы з Жэнем хадзілі ўсюды, глядзелі і фатаграфавалі розныя лакацыі: тумбы на Трактарным заводзе, вентыляцыйныя шахты метро, ​​аўтавакзал Усходні, што быў на рамонце.

Жэня: Канцэпцыя фестывалю была ў тым, што фатаграфія выходзіць з “наседжаных” культурных месцаў у жывое асяроддзе, у горад, і з’яўляецца не ва ўмоўным цэнтры, а пранікае ў раёны, лакальныя прасторы.

Маша: У нас была вялізная колькасць ідэй. Мы ўжо падрыхтавалі візуал, дзе і як гэта магло б выглядаць, запланавалі кірмаш фотакніг… 

Жэня: Мы былі за крок ад фінансавання на гэты праект. Зразумела, што на практыцы нам бы шмат усяго парэзалі, бо давялося б узаемадзейнічаць з горадам, з цэнзурай, з людзьмі і не абышлося б без яшчэ 50 паправак. Але так, мы марылі – і марылі шырока, па максімуме.

Візуалізацыя пляцовак магчымага фестывалю.
Фота: Яўген Атцецкі

Рытарычнае пытанне: чаму фестываль сарваўся?

Маша: Амаль усім ініцыятарам увесну 2021 года прыйшлося хутка выехаць з краіны.

Жэня: Улетку мы таксама ўжо з’ехалі. Нейкі час з ФШ1 было ціха. Я спрабаваў гэты праект перадаць каму-небудзь у Мінску, але ў той час усе, каму я яго перадаваў, рана ці позна самі вымушаныя былі з’яжджаць. Без стабільнага чалавека ён проста не “прырастаў”. Стала зразумела, што ў старым фармаце ФШ1 існаваць не можа. 

У 2023-м я ўжо крыху даў рады з эміграцыяй, са сваім станам і разуменнем, дзе знаходжуся, і глыбока ўсвядоміў патрэбу ў супольнасці, у імпульсах для яе. І зразумеў, што магу аднаўляць працу. Мы падалі заяўку на першы праект, у рамках якога зрабілі лекцыі пра беларускую і ўкраінскую фатаграфію і потым правялі фотасустрэчу ў Варшаве ў траўні 2023-га. Прыйшло шмат людзей.

Ты пачаў, яшчэ будучы ў Львове?

Жэня: Так, я прыехаў у Варшаву для першага мерапрыемства. Убачыў, што запыт ёсць, людзі хочуць узаемадзеяння. На той жа сустрэчы я зрабіў аб’яву, што калі нехта хоча дапамагаць мне ў гэтай ініцыятыве, можа далучацца. Вызваліся два чалавекі – Каця Ігнашэвіч і Паша Савіцкі. І мы рэстартанулі ўжо тут. Спатрэбіўся недзе год, каб мы знайшлі форму, патлумачылі ідэю самі сабе, перафарматавалі нашы мэты, прамацалі нейкі накірунак. Потым далучылася Маша.

Маша: Першыя два гады пасля выезду я правяла ў Грузіі, потым пераехала ў Польшчу, год адаптацыі – і таксама ізнову далучылася.

Калі вярнуцца да фестывалю і да “наседжаных” культурай мясцін: для вас важна было дэмакратызаваць фатаграфію, прадстаўляючы гэты від мастацтва там, дзе яго змогуць убачыць больш людзей, а не на класічных культурных пляцоўках?

Маша: У сэнсе даступнасці і бачнасці – так. Калі мы хадзілі і разглядалі лакацыі для фотафестываляў, напрыклад, на Нямізе, мы сабе ўяўлялі: вось дарога, вось правады і раптам – аднекуль вісіць гіганцкая фатаграфія. І каб людзі, убачыўшы яе, думалі: “Што гэта наогул такое?”

Жэня: У мяне была ідэя рэзідэнцыі для фатографаў з Паўднёвага Захаду. Умоўна, яны робяць праекты пра Паўднёвы Захад, і калі набіраецца пяць крутых аўтараў, то яны – бац! і робяць выставу на Маскоўскім рынку. Хацелася наўпрост інтэграваць лакальную супольнасць.

Маша: Праз фотафестываль мы хацелі распаўсюдзіць фатаграфію, паказаць яе больш шырокай колькасці гараджан як сродак казаць аб розных праблемах, падымаць складаныя пытанні.

Мы б хацелі, каб у Беларусі яна ўспрымалася больш сур’ёзна – як мастацтва, на ўзроўні жывапісу і ўсяго, што мы прывыклі называць мастацтвам. Бо фатаграфія таксама фармуе наша культурнае поле, і ў беларускае яе ўнёсак вялікі, але недаацэнены.

Жэня: Фатаграфія за амаль 200 гадоў яе існавання настолькі шырока інтэгравалася ў нашу штодзённасць, у век інтэрнэту гэта проста норма жыцця, літаральна адзіны медыум, які канкуруе з тэкстам, літаратурай, можа, яшчэ відэа.

Што павінна быць у фатаграфіі, каб яна была мастацтвам?

Маша: Такая фатаграфія заўсёды ў кантэксце часу. Гэта рэфлексія аўтара на актуальныя пытанні. Часцей за ўсё гаворка не аб адзінкавай фатаграфіі – гэта цэлы праект, які выліваецца на сцены выставак, фотафестываляў, у кнігу або інсталяцыю. Праектная фатаграфія – гэта рэсёрч, які можа доўжыцца гадамі, і тут могуць быць цэлыя пласты цікавай інфармацыі. Гэта не прыгожая фатаграфія, а тая, што адначасова з’яўляецца яшчэ і тэкстам. Мастацкая фатаграфія прымушае цябе разважаць над тым, што ты бачыш. Таму на тыя ж фотафестывалі без падрыхтоўкі ехаць не варта. Прынамсі, я амаль заўсёды стараюся падрыхтавацца і загадзя вывучаю, якія праекты там будуць.

Жэня: Добрая фатаграфія – як добры суразмоўца. Ты можаш знайсці адказы на свае пытанні, паглядзець з вышыні, адкрыць новыя грані той ці іншай з’явы. Гэта працы, якія цябе пашыраюць, а не паўтараюць вядомыя ісціны ў чарговы раз. Калі аўтар дасягнуў гэтай глыбіні і прыклаў намаганні, каб такое выказванне зрабіць, мяне гэта чапляе, хочацца ўступіць з ім у дыялог.

Можна проста адкінуць цэтлікі “мастацтва” ці “не мастацтва” – я думаю катэгорыямі прасцей. Як ацэншчыку праектаў у сучаснай фатаграфіі і як “чалавеку з крызісу”, мне важныя вастрыня, шчырасць, актуальнасць. Калі я змог з праектам сутыкнуцца эмацыйна (а мне цяпер складана са шматлікімі рэчамі ў мастацтве сутыкнуцца эмацыйна), то гэта крута.

З праекта “На разломе часу” Марыі Карнеенкі

Чаму пачаўшы з камерцыйнай, ФШ1 сфакусавалася менавіта на мастацкай фатаграфіі?

Маша: Камерцыйная фатаграфія, як зразумела з назвы, пераследуе іншую місію – яна стварае вобразы для продажаў. Яна не ваказваецца аб праблеме, а паказвае тавар у выгадным святле. Але мастацкія хады могуць прымяняцца ў камерцыйнай фатаграфіі, калі гэта ўкладаецца ў мэты брэнда.

Жэня: Насамрэч, мы тут не хочам быць снобамі. Камерцыйная фатаграфія таксама можа быць вельмі класнай і крутой. Калі аўтар мае што сказаць, яму хапае сродкаў, і ён робіць гэта ў полі камерцыйнай фатаграфіі, такое толькі вітаецца. Проста мы пра тое, што індывідуальнасць і выразнасць аўтара – гэта галоўнае. Мы не вітаем штампы, прыгожанькія фатаграфіі, бо гэта нудотна з пункту гледжання творчасці.

Як вы самі прыйшлі да гэтага?

Маша: У свой час і я, і Жэня прайшлі праз Школу сучаснай фатаграфіі “Докдокдок” у Піцеры. Калі ты праходзіш такое навучанне, мяняецца оптыка, ты разумееш: вось гэтая фатаграфія застанецца ў гісторыі. А камерцыйная можа так і застацца рамяством, працай. Ты не можаш нічога пасля камерцыйных здымкаў, для цябе асабіста нічога не застаецца. Я не магла ніяк высказаць тое, што хацела, не магла ўзняць якую-небудзь праблему – я мусіла проста падладзіцца пад замову і аддаць людзям прадукт, які яны хацелі бачыць. Хаця ад вяселляў грошы вельмі нядрэнныя.

Жэня: У маім выпадку, гэта гісторыя пра крызіс. Я доўга займаўся вясельнай фатаграфіяй і ў нейкі момант усвядоміў: гэта рэч, якая мяне з’ядае. Я проста не заўважыў, як прайшло 10 год, а я нічога так і не зрабіў. Мне стала неяк не па сабе, што я проста забяспечваю сябе рэсурсамі, але як чалавек – не рэалізуюся. І зразумеў, што для мяне вельмі важна такую сістэму зламаць.

І я гэтую сістэму зламаў – апусціўся на сацыяльнае дно.

Я хутка страціў у даходах, і мне спатрэбіўся некаторы час, каб стабілізавацца. Але ў адзін момант я для сябе зрабіў выснову, што для напоўненасці майго жыцця магчымасць выяўляць сэнсы і ідэі важней грошай. І я да гэтага часу жыву ў такой парадыгме, мне патрэбен абсалютны мінімум сродкаў для жыцця. Глабальна, я не маю патрэбу, напрыклад, у адпачынку ў Італіі, мяне гэта не цікавіць як канцэпцыя…

Маша: Я маю патрэбу ў адпачынку ў Італіі, у грошах і ва ўсім такім! (смяецца)

Жэня: Я не супраць [матэрыяльнага дабрабыту], але калі давядзецца выбіраць, то я гатовы пагадзіцца на мінімум: аплаціць жыллё, ежу, транспарт, адзенне.

Маша: Я доўга працавала менеджаркай па маркетынгу, але мне ўвесь час здавалася, што я жыву не сваё жыццё і што маё – пралятае міма. Мне было вельмі кепска, пад канец я хварэла ангінай проста пастаянна. А фатаграфіяй займацца я хацела даўно, яшчэ калі хадзіла на курсы ў Студыю 67. Калі з’явілася ФШ1, каля года я хадзіла на заняткі да Жэні, і таксама ў нейкі момант зразумела, што ўсё — я не магу заставацца на гэтай працы.

Жэня: Так, эміграцыя ставіць пытанні жорстка, даводзіцца ўвесь час рабіць такія выбары. Я для сябе вырашыў: пакуль я магу так жыць — я буду так жыць, але калі жыццё прыпрэ да сцяны –  давядзецца мяняцца. На зараз, гэта цуд, я не ведаю, як гэта адбываецца, але ўжо чатыры гады ў эміграцыі ў мяне атрымліваецца па гэтым краі хадзіць.

Гэта дастаткова небяспечны стан, таму што няма абсалютна ніякага разумення заўтра. Амаль увесь час наступны месяц – гэта фінансавая невядомасць. Я да гэтага прывык, але не хочацца, каб гэта было нормай. Ладна, не хацеў бы, каб нашая размова ў эмігранцкія слёзы ператваралася.

Фота: Каця Ігнашэвіч

Наколькі рэальна быць фінансава ўстойлівым у мастацкай фатаграфіі?

Жэня: Наогул ёсць тры шляхі, тры спосабы існавання як фатографа. Першы – фатаграфія як праца: я зарабляю сваёй творчасцю ў камерцыйных нішах. Другі – фатаграфія як хобі і для душы: я працую на іншай працы, і творчасць гэта маё хобі і самавыражэнне. Трэці – фатаграфія як мастацтва: я выбіраю шлях мастака і іду гэтым шляхам…

…на сацыяльнае дно?

Жэня: Так, на старце гэта практычна заўсёды падзенне ў яму. Трэба спярша прайсці яе, упарта працаваць гадамі, каб нарасціць сабе рэпутацыю ў асяроддзі. У жыцці кожнага аўтара павінен быць перыяд вельмі ўпартай, шматгадовай працы – тады, з вялікай верагоднасцю, будзе прарыў. Інакш практычна немагчыма. Ёсць толькі тры шляхі, і кожны абірае свой.

Сучаснаму мастаку трэба разлічваць на 10-гадзінны працоўны дзень мінімум 5 дзён на тыдзень і разумець, што працуем, працуем вельмі шчыльненька. Гэта ўласна сама творчая практыка плюс адукацыя, камунікацыя, гэта рассыланне заявак для пошуку грошай – увесь спектр таго, чым займаецца чалавек на шляху мастака. Ён адначасова і менеджар сабе, і прамоўтар, і ўсё-ўсё-ўсё. 

Гэта складаны шлях, які я не раю, але некаторым людзям ён пасуе. Фільм Дэм’ена Шазела “Whiplash” пра бубнача добра ілюструе гэты асаблівы шлях тых, хто хоча на вяршыню. Туды трапляюць праз упартую працу… А! (перабівае сам сябе) І яшчэ патрэбная ўдача. Таму што талент і працавітасць –- гэта яшчэ не гарант выніку. Табе павінна пашанцаваць. Але бывае так, што шанцуе не самаму таленавітаму, а самаму працавітаму.

У класічнай пірамідзе каштоўнасцяў творчасць і самавыяўленне знаходзяцца на верхніх ярусах. Зразумела, што многім, і фатографам у прыватнасці, хто страціў прафесію, не можа зарабіць грошай, зараз проста не да таго – яны на ўзроўні выжывання.

Але пройдзе час, людзі стабілізуюцца – і запыт на самавыяўленне вернецца. Добра было б да гэтага моманту пабудаваць нейкі падмурак, каб людзі разумелі, куды прыйсці, а не будавалі наспех нейкую новую структуру.

Фота: Marta Ejsmont, Picture Doc

Ідэя і звышмэты ФШ1

Якая галоўная ідэя фатаграфічнай платформы ФШ1? Што б вы хацелі зрабіць для беларускай фатаграфіі?

Жэня: [У маёй ідэальнай карціне свету], сфера фатаграфіі – гэта поле, у якім дзейнічае шмат гульцоў, інстытутаў. Гэтае поле і само па сабе стварае “вібрацыі”, сігналы, такія як крытыка, дыялог аб фатаграфіі, мерапрыемствы для супольнасці і гэтак далей. За кошт сумы гэтага дзеяння, яго разнастайнасці, у цябе ёсць магчымасці ў гэтае поле ўвайсці.

Мы б хацелі прастымуляваць, стварыць і настолькі развіць поле, каб беларускія фотапраекты станавіліся сацыяльна значнымі. У адрозненне ад, напрыклад, літаратуры, дзе шмат гучных інфанагодаў, абмеркаванняў, беларуская фатаграфія рэдка выклікае сапраўдную дыскусію ў грамадстве, і для мяне асабіста гэта вялікая трагедыя. Хацелася б, каб праекты ствараліся на такім узроўні, каб гэта бударажыла людзей, каб яны прыходзілі дадому і хацелі абмеркаваць са сваёй сям’ёй, з блізкімі.

Жэня: Адна з нашых самых высокіх і доўгатэрміновых мэтаў – пабудаваць працоўную сістэму, установу для адукацыі ў арт-фатаграфіі. Адукацыя мае вялікае значэнне, таму што гэта твой пачатак, выток. Гэта пэўная візуальная мова. У цябе павінна быць некалькі гадоў навучання за плячыма, каб прайсці спачатку гісторыю, потым рамяство, потым творчасць. Прычым за атрыманнем прафесіі павінна стаяць цэлая сістэма. Калі ты не маеш доступу да супольнасцяў ці інстытутаў, якія займаюцца адукацыяй, ты пачынаеш займацца альбо самаадукацыяй, альбо далучаешся да культурных інстытуцый суседніх краін. У выпадку з Беларуссю сёння – у першую чаргу, да інстытуцый Расіі,  дзе можна размаўляць на той жа мове.

Маша: У Расіі ёсць некалькі добрых школ па дакументальнай, сучаснай фатаграфіі, у якія людзям з Беларусі прасцей патрапіць без візы, і часта па больш даступным кошце, чым у польскі школ, калі ўзяць, напрыклад, Sputnik Photos.

Жэня: Вось толькі хацелася б, каб беларускія школы фатаграфіі былі на беларускай культурнай базе, бо мясцовыя культурныя коды заўсёды даюць свой спосаб глядзець на свет. Расейскае поле будзе моцна ўплываць на тое, што робяць аўтары ў Беларусі і таму нашая фатаграфія рызыкуе быць усё больш падобнай на расейскую. Зразумела, што мы заўсёды будзем пад нечым уплывам, інакш у свеце інтэрнэту ўжо немагчыма, але хацелася, каб гэтых уплываў было шмат, з розных бакоў. 

Маша: І каб быў выбар, якую карцінку свету для сябе ствараць.


Пра пераемнасць пакаленняў у беларускай фатаграфіі

Жэня: У Беларусі вялікая складанасць з сувяззю пакаленняў. Гістарычна складаецца формула: нейкае пакаленне нешта развівае і будуе – дасягае пэўнай вяршыні – адбываецца нешта – і ўсё сканчваецца, тоне. Можа, гэта наш такі беларускі лёс так існаваць? Чамусьці новае пакаленне не можа далучыцца да ранейшых напрацовак і працягнуць будаваць — яны пачынаюць будаваць ужо сваё.

Жэня: Сяргей Міхаленка шмат гадоў вёў і захаваў да гэтага часу партал ZNYATA.com, дзе ёсць рубрыка “Сустрэчы з легендай”. Дзякуючы ёй мы зараз можам аднавіць шмат імёнаў.

Неяк мы праводзілі ў нас у stories у Instagram фотагульню “Адгадайце знакамітыя беларускія фатаграфіі”. І быў здымак, да прыкладу, Анатоля Клешчука. Гэта чалавек, які здымаў наступствы Чарнобыля, дзяцей у інтэрнатах, прысвяціў сваё жыццё беларускай прыродзе, гісторыям простага чалавека, як бы гэтае азначэнне ў сучасных рэаліях ні гучала. Гадоў 20 – і гэтае імя проста заваліць пластом інфармацыі. Ніхто нічога не даведаецца, не напіша і ўсё — ён знікне. Гэта глабальная трагедыя для любога аўтара, які прысвяціў сваё жыццё творчасці. Мы спрабуем праз нейкія свае рэсурсы такія імёны замацоўваць, падсвятляць. 

Ці ставіце вы сярод сваіх прыярытэтаў гэтую задачу захавання ведаў пра тое, што было да бягучага крызісу?

Маша: Так, нам бы вельмі хацелася зрабіць сайт-архіў, у якім размяшчалася б гісторыя беларускай фатаграфіі. Бо зараз няма такога структураванага рэсурсу, падобнага да ZNYATA.com, які рабіў Сяргей Міхаленка, дадаючы фатографаў у базу. Было б выдатна, каб да гэтага сайта звярталіся і фатографы, якія пачынаюць з нуля і не ведаюць пра тое, што адбывалася ў Беларусі раней, якія былі фатографы, якія школы. Каб звярталіся яшчэ даследнікі, выкладчыкі, куратары і так далей. 

Жэня: Зразумела, што тры чалавекі не могуць рэалізаваць усе гэтыя задачы. У нармальных умовах архівацыяй ці сістэмнай адукацыяй займаецца дзяржава, вялікія інстытуцыі з рэсурсамі, і мы не можам “завібраваць” у поле больш, чым мы ёсць зараз. Але нейкія рэчы зрабіць можам.

Чыю працу працягваюць ФШ1

Не прэтэндуючы на поўнае адлюставанне фатаграфічнага ландшафту Беларусі ў гісторыі, прыводзім некалькі прыкладаў, што ўзгадваліся ў размове і натхняюць нашых суразмоўцаў.

Што ўжо атрымалася ў каманды

Жэня: Найперш, мы фіксуем тое, адбываецца ўжо зараз, у турбулентны час, – а гэта шмат складаных працэсаў. Падсвечваем імёны і падзеі праз нашыя сторыс, публікацыі ў Instagram.

Маша: Мы пачалі збіраць бібліятэку беларускіх фотакніг – гэта таксама форма архівацыі таго, што адбываецца з беларускай фатаграфіяй на гэтай тэрыторыі.

Жэня: У нашых падкастах гучыць прамая гаворка актуальных фатографаў, якія кажуць пра надзённае, што яны перажываюць зараз. Магчыма, будучым пакаленням аўтараў ці даследчыкаў гэта спатрэбіцца, каб разумець час, у якім мы знаходзіліся. А для нас як супольнасці важна само прагаворванне свайго стану, праблем, ды і рэфлексія аб творчасці, якімі катэгорыямі мы зараз думаем. Гэта “падсвятленне” аднадумцаў. Шмат аўтараў знаходзіцца ў некаторым адрыве ад супольнасці, у адзіноце, а голас у вушах праз падкаст можа стаць тваім суразмоўцам. Магчыма, ён агучыць твае ж думкі і ідэі, дапаможа табе адчуць: “Я не адзін тут”. Гэта таксама вельмi важна.

Цягам 2024 года ў ФШ1 выйшлі два падкасты:

  • Далягляд, у якім
    Яўген Атцецкі і Кацярына Кузьмічова размаўляюць з запрошаным госцем пра фатаграфію, творчасць і жыццё. Госці — фатографы, куратары, мастацтвазнаўцы і галерысты. Другі сезон чакаецца ўжо ў другой палове верасня!
  • “Адным кадрам – кароткія падарожжы па фотаздымках беларускіх фатографаў і па культурным ды гістарычным кантэксце іх стварэння. Працяг выйдзе ў канцы бягучага года.

Маша: Вельмі важная нагледжанасць у (сама-) адукацыі, размовы на канкрэтных прыкладах. Нашы падкасты, сустрэчы і практычна ўвесь Instagram прысвечаныя нагледжанасці, каб людзі глядзелі і маглі сказаць: “О! Вось як можна зрабіць!”. Усё гэта для таго, каб натхніць, паказаць, даць інфармацыю ад іншых фатографаў асабіста. Таму мы ўвесь час у пошуках нейкіх праектаў і беларускіх, і за межамі Беларусі. Як кажа Жэня, важна ствараць вібрацыі, каб гэтае поле пачало паступова рэзанаваць.

У нашым агульным праекце з фундацыяй Picture Doc зараз праходзіць ментарская праграма для 20 фатографаў у Варшаве Do Art Together, у якім 10 чалавек з досведам міграцыі, і 9 з іх – беларусы. Мы вельмі спадзяемся, што на выхадзе ў аўтараў і аўтарак будзе па праекце, і кожны можна будзе далей распаўсюджваць, паказваць партнёрам.

Мы наладжваем сувязі з мясцовымі куратарамі, шмат пішам. Ёсць ідэя сабраць агульную прэзентацыю праектаў беларускіх фатографаў і адправіць яе шэрагу польскіх куратараў.

Бо складваецца ўражанне, што яны ведаюць адно-два імя беларускіх фатографаў і ўвесь час працуюць толькі з імі. Адна куратарка падзялілася, што яна проста не ведае, дзе ёй глядзець гэтыя беларускія імёны. Таму мы хочам сабраць агульную прэзентацыю і адпраўляць кожнаму куратару, з якім мы знаёмімся, браць на фестывалі, як зараз возім кнігі.

Жэня: У нас ёсць фармат “Самапрэзентацыя”, куды часта прыходзяць альбо маладыя аўтары, альбо тыя, хто хоча атрымаць “трыбуну”. Часам гісторыі бываюць вельмі цікавыя, ад людзей, якіх мы ніколі раней ня бачылі. Набіраем праз оўпэн-кол, таму для нас заўсёды сюрпрыз, хто падасца.

Маша: Насамрэч, мы столькіх людзей яшчэ не ведаем сярод беларускіх фатографаў, і пра нас, у тым ліку яшчэ, столькі людзей не ведае!

Самапрэзентацыі кам’юніці ФШ1. Фота: Марыя Карнеенка

Ці атрымліваецца працаваць з беларускай фотасупольнасцю праз мяжу?

Маша: Людзі з Беларусі часцей за ўсё адмаўляюцца ўдзельнічаць у запісе падскастаў.

Жэня: Сёння нам напісаў чалавек з Беларусі, што ён ужо неяк наладзіў, збалансаваў сваю рэальнасць, і ўзаемадзеянне з намі можа яму гэты баланс парушыць. Вось такая сітуацыя з беларускай аўдыторыяй. Нават без статусу экстрэмістаў сам факт таго, што мы працуем тут, робіць нас таксічнымі для беларусаў у Беларусі. Неяк з гэтай праблемай мы ўзаемадзейнічаем, але цалкам вырашыць ці не заўважаць яе немагчыма.

Маша: З іншага боку, мы атрымліваем вялікую колькасць словаў падзякі. Вось учора [мастачка з Беларусі] нам сказала: “Дзякуй вам вялікі за тое, што вы робіце: і за кнігі, іх распаўсюджванне, за ўсе вашыя праекты”. Значыць, за год працы наш прагрэс бачны і ў Беларусі.

І мы самі бачым вынікі. Людзі звяртаюцца да нас, пішуць: “Парайце якія-небудзь праекты, лакацыі, парайце нешта яшчэ”. Або: “У мяне выйшла кніга, або выстава, дапамажыце распаўсюдзіць гэтую інфармацыю”, або “Я хачу вам дапамагчы”. Гэта вельмі крута.

Жэня: Мы вельмі хочам рабіць вечарынкі — з музыкай, танцамі, тусоўкамі. Бо вельмі важна яшчэ проста класна разам весяліцца, бавіць час з людзьмі.

Маша і Жэня: Мы адкрылі конкурс на бясплатную паездку для групы, каб нашы фатографы акунуліся ў атмасферу гэтага фатаграфічнага свята, знаёміліся і, што самае галоўнае, размаўлялі адзін з адным. Будуць такія сустрэчы – будуць стымулы для сумеснай творчай практыкі. І значыць, наша поле зможа расці, мы ўбачым больш таленавітых выказванняў, эфектных выставак, крутых фотакніг, новых імёнаў.


Нататка рэдакцыі:

Пакуль мы рэмантавалі сайт і вярсталі гэты артыкул, ФШ1 акурат прайшлі праз няпросты адбор удзельнікаў і ўдзельніц паездкі на Фестываль фатаграфіі w ramach Sopotu і нават паспелі з’ездзіць. Чым мы і скарысталіся: другая частка размовы будзе прысвечаная фестывалям, інфраструктуры для фатаграфіі і заглыбленню ў тое, што дае беларускім аўтарам і аўтаркам эміграцыя. Хутка на сайце!

Чытаць Частку 2.