Працягваем размову з ФШ1 пра развіццё супольнасці беларускіх творцаў у фатаграфіі, не будучы пры гэтым у Беларусі. У другой частцы мы сабралі асноўныя думкі і назіранні Яўгена Атцецкага і Марыі Карнеенкі аб практычных магчымасцях, адкрытых эміграцыяй і вялікай прысутнасцю беларускіх творцаў у замежжы.
У першыя выходныя верасня ФШ1 пабывалі на Фестывалі фатаграфіі w ramach Sopotu. Каб з’ездзіць на яго ў пашыраным складзе, улетку ФШ1 адкрылі конкурс сярод беларускіх фатографаў і фатографак. Па выніку абралі 6 чалавек з Беларусі, Прагі і розных гарадоў Польшчы.
Тэкст: Каця Раманчык
Чаму важна “фестываліць”

Што фотафестывалі могуць даць творчым людзям, якія займаюцца фатаграфіяй, ці працуюць у інстытуцыях у гэтай сферы? Як узяць максімум ад удзелу?
Жэня: Па-першае, фестываль фатаграфіі – гэта свята. Гэтая вялікая колькасць выставак, твае аднадумцы, людзі з асяроддзя. Ты трапляеш у месца, дзе людзям цікава глядзець твае працы, казаць аб фатаграфіі не душна…
Маша: …і цягам шалёнай колькасці гадзін!
Жэня: Так, ты ж не прыйдзеш на звычайную тусоўку з сябрамі, каб усім на вушы садзіцца [пра свае працы], а на фестывалях ствараецца прастора, дзе вы кажаце пра фатаграфію кожны вечар.
Акрамя таго, звычайна ёсць некалькі дзён адкрыцця, калі, апроч выставаў і дыскусій, ідуць яшчэ вечарынкі, дзе ты можаш натхніцца, паглядзець, чым жыве свет, якімі тэндэнцыямі дыхае, завесці знаёмствы, неяк сябе паказаць. Некаторыя займаюцца нетворкінгам, наладжваюцца нейкія сувязі, сяброўствы, тусоўкі, дзелавыя стасункі. Ты датыкаешся з асяроддзем больш шчыльна.
Маша: Фестывалі – гэта пазнавальнасць. Калі ты трапляеш, напрыклад, на Circulation(s), адзін з найбуйнейшых фотафестываляў у Еўропе, то цябе бачыць велізарная колькасць куратараў, арт-крытыкаў, экскурсаводаў, арганізатараў іншых фотафестываляў.
Жэня: Так што фестываль можа стаць трамплінам. Ты можаш адразу “стрэліць”, прадставіў праект – і пайшло: наступны фестываль – ты маеш зносіны ўжо з новымі куратарамі – цябе запрашаюць на рэзідэнцыі, нейкія выезды, майстар-класы… Табе адкрываюцца больш рэдкія, вузкія магчымасці.
Маша: Таксама часта на фестывалях аўтары самі праводзяць экскурсіі па сваіх выставах, і такім чынам, атрымліваюць магчымасць больш інтэнсіўна пагутарыць з гледачамі, сабраць больш меркаванняў, чым на нейкай лакальна праведзенай экспазіцыі.
Жэня: Фестывалі добра ўпісваюцца ў цыкл жыцця твайго праекту. Спачатку ты праект прыдумляеш, потым ствараеш, і потым (калі праект добры, моцны) пачынаецца яго “турнэ” працягласцю прыкладна ў год: ты ездзіш з ім на рэзідэнцыі, фестывалі, прэзентацыі (калі ёсць кніга). Потым ты ставіш кропку ў гэтым праекце і пераходзіш да наступнага. Хоць ёсць аўтары, якія ўсё жыццё працуюць над адной тэмай, у іх гэты цыкл бясконцы.
Маша: [Адваротны бок, канешне, у тым, што] трапіць на фестывалі – гэта цэлы кавалак працы. Гэта ж бясконцыя оўпэн-колы! І на кожны ты апісваеш сам фотапраект, канцэпт, сваю біяграфію, запаўняеш заяўку… Так, нехта выстрэльвае адразу, але і не заўважаць цябе могуць доўга. Адмоваў можа быць агромністая колькасць. І оўпэн-колы часцей за ўсё платныя – у сярэднім 15 еўра, што таксама важна.
Жэня: Многія прафесійныя аўтары ідуць па платных конкурсах, таму што гэта іх інвестыцыя ў кар’еру. Для беларусаў [частая рассылка платных заявак на фестывалі] не вельмі актуальная пакуль што. У чым няма нічога заганнага. Мы, вядома, хочам, каб у доступе было больш бясплатных конкурсаў. Але тады як гэтыя інстытуцыі будуць зарабляць, бо гэта частка іх камерцыйнай палітыкі і ўстойлівасці.

Інфраструктура для фатаграфіі ў Польшчы
Пажыўшы і папрацаваўшы тут ужо нейкі час, чым яшчэ вы ўражаныя тут адносна ўмоваў, інфраструктуры ў сферы фатаграфіі?
Адукацыя
Жэня: У Польшчы, на дадзены момант, больш развітыя фоташколы. Найперш, вельмі моцная Szkoła Filmowa ў Лодзі, праз якую праходзіць шмат спецыялістаў. Тут ёсць вельмі крутыя майстры сусветнага ўзроўню, а дзякуючы развітой інфраструктуры людзі больш абменьваюцца адзін з адным, больш бачаць.
Маша: У нашай ментарскай праграме Do Art Together чатыры ментары з Беларусі і чатыры ментары з Польшчы. Сярод іх адзін выкладчык з Лодзі, і гэта бачна адразу. Ад працы са святлом да працы з сэнсам — там столькі інфармацыі, якую мы проста не ведалі адкуль узяць. Плюс доступ да еўрапейскіх школ. Табе даволі проста вучыцца фатаграфіі ў Францыі, Чэхіі, Германіі. Ездзяць вельмі многія, і прывозяць потым гэты досвед у Польшчу.
Фотакнігі
Маша: Фотакнігі тут вельмі развітыя, у Беларусі да такога ўзроўню і ў лепшыя часы было далёка. Для нашай фотасупольнасці кожная новая фотакніга беларускага фатографа – падзея, мы вельмі гэтаму радуемся. Таму мне падаецца значным, што запускаецца Tamaka – выдавецтва, створанае беларусамі за межамі краіны. Асноўны акцэнт у іх якраз на кнігі сучасных беларускіх фатографаў, мастакоў, архітэктараў.
Хто больш плаціць за даволі дарагое выданне: пакупнік ці грантадаўца? Чаму ў той жа Польшчы фотакніг выпускаецца шмат?
Жэня: Выданне нармальнага тыражу каштуе даволі дорага. 10-15 і нават 20 тысяч еўра – класічны кошт, можа быць і вышэй. Для большасці аўтараў, у тым ліку ў Польшчы, гэта праблема – напраўду зшмат грошай. І тут, зноў жа, ёсць тры шляхі.
Маша і Жэня: Па-першае, больш развітая грантавая сістэма. Міністэрства культуры і спадчыны і падведамныя інстытуцыі перыядычна запускаюць конкурсы для маладых мастакоў. Ёсць магчымасць, праўда, не для ўсіх, зрабіць кнігу падчас вучобы ў Szkole Filmowej у Лодзі. І верагодна, у Варшаўскай Акадэміі Мастацтваў. Самі выдавецтвы таксама перыядычна запускаюць конкурсы, каб новым аўтарам даць магчымасць выдаць кнігу.
Па-другое, краўдфандынг. Калі ў цябе вострая тэма ці ты вядомы чалавек і ты гатовы сам такім чынам сабраць грошы. Нармальны шлях, працуе як паўсюль.
Альбо, па-трэцяе, ты ўкладаеш свае асабістыя грошы – і так таксама робяць аўтары ў надзеі акупіцца.
Маша: Калі пытанне, ці купляюць, — так, купляюць. На сайце польскага выдавецтва Blow Up Press, вельмі вядомага ў Еўропе, можна ўбачыць, якая колькасць кніг там sold out. Як аказалася, у Польшчы больш за 26 (!) штогадовых фотафестываляў. На кожным з іх ёсць свая секцыя фотакніг, дзе выстаўляюцца каля 5-6 выдавецтваў фотакніг. І далёка не толькі фатографы набываюць кнігі фатографаў. А таксама выставы. Мяне ўразіла адкрыццё адной выставы ў Dom’e spotkań z historią: прыйшло сапраўды шмат людзей, апранутых неяк спецыяльна прыгожа, і вельмі многія таксама набылі фотакнігі.
Выдавецтвы вельмі актыўна працуюць і як дыстрыб’ютары, удзельнічаючы ва ўсіх найбуйнейшых фотафестывалях. У Польшчы гэта Lódż Photo Festival, які ўваходзіць у Міжнародную асацыяцыю фестываляў фатаграфіі. Да таго ж, у ЕС ёсць вялікія кірмашы адных толькі фотакніг: Paris Photo ці кірмашы ў Касэлі ці Ляйпцыгу ў Германіі. Так што тут ёсць пэўная канкурэнцыя.
У гэтым відэарэпорце паездкі на Фестываль Фатаграфіі ў Рыбніку можна знайсці інтэрв’ю ФШ1 з Blow Up Press
Жэня: Хаця ўсё роўна, вядома, фотакнігі – гэта субкультура, яны ніколі не прысутнічаюць на рынку вельмі масава. Я выступаў з Дзмітрыем Брушко і Лесяй Песенкай на фестывалі Pradmova ў Мінску ў 2019 ці 2020 годзе.
Калі мы расказвалі пра такую з’яву, як фотакніга, я бачыў, што людзям не зразумела, што гэта і навошта, што за спосаб такі спажывання кнігі не праз тэкст, а праз карцінкі. І чаму кніга, якую ты можаш прагледзець за 10 хвілін, каштуе ў 4 разы даражэй за тую, якую ты б чытаў 3 тыдні. Пакуль у нашай культуры людзі з гэтым сродкам не прывыклі ўзаемадзейнічаць.
І дзеля справядлівасці скажу, што ва ўсім свеце яна не з’яўляецца нормай. Гэта спецыфіка нашага творчага асяроддзя, дзе фотакніга доўгі час лічылася гэтакай вяршыняй піраміды творчай рэалізацыі. Хаця асабіста я лічу, што не кожны праект павінен сканчацца кнігай і што не трэба ставіць такую мэту фармальна. Асабіста для мяне больш важна зрабіць само выказванне. Калі яно патрабуе кнігі – значыць кніга, але можа, патрэбны іншы спосаб? Не варта гнацца за хайпам, запалам ці трэмарам дасягнуць гэтай вяршыні, які ў нейкі момант, што праўда, узнікае ў шматлікіх аўтараў.
Фотакніга – перш за ўсё медыум, сродак мастацкага выказвання і асобны тып узаемадзеяння з гледачом, нароўні з выставай, інсталяцыяй. Але ў адрозненне ад выставы, дзе ты задаеш настрой з дапамогай прасторы, у фотакнігі ёсць свае спецыфічныя ўласцівасці. Напрыклад, ты можаш будаваць наратыў паслядоўна, пакуль чытач гартае старонкі.
У 2022 годзе Яўген Атцецкі выдаў сваю фотакнігу “Плошча перамен”, у якой не проста былі дакументаваныя пратэсты, але праявіўся выразны фокус на побытавой салідарнасці паміж людзьмі і чалавечых адносінах у экстрэмальных умовах.
Выданне адбылося, дзякуючы збору на Kickstarter. Кнігу падтрымалі амаль 400 бэкераў.
Маша: Фотакніга адразу ж дадае бонусаў у тваё прасоўванне, пазнавальнасць. Мяне вельмі здзівіла, што калі ты як аўтар хочаш патрапіць у англамоўную Вікіпедыю (што наогул зараз даволі складана), то не мае значэння, якія там у цябе выставы, у чыіх калекцыях твае працы ці ў якіх выданнях пра цябе напісалі. Але калі ў цябе ёсць выдадзеная кніга, то давер да цябе ў Вікіпедыі вельмі ўзрастае і гэтыя дзеры адчыняюцца лягчэй. То бок фотакніга – гэта нешта фундаментальнае, “маем вешч”!
Плюс, ты можаш перадаць сваю кнігу ў які-небудзь музей ці бібліятэку, дзе яе ўбачаць той, хто не даехаў да выставы.
Гэта таксама выдатны спосаб фіналізацыі сваіх праектаў: усё, кніга ёсць – і кропка, больш не хачу гэтай тэмай займацца.

Галерэі і калекцыянеры
Маша і Жэня: Калі з гэтым не сутыкаешся, вядома, дзіўна і цікава, што галерэі, калі бяруць аўтараў да сябе “пад крыло”, цалкам іх прасоўваюць, аплочваюць выданне іх фотакніг. Безумоўна, гэта добрая магчымасць, таму што і кошты больш адэкватныя рынку, і ёсць спецыялісты, сфакусаваныя на продажы тваіх прац. Беларускія аўтары ў масе сваёй, паколькі прыходзяць з нізоў і ніколі з гэтым рынкам не сутыкаліся, не разумеюць прынцыпаў коштаўтварэння. Кожны такі запыт для іх гэта сюрпрыз і неразуменне, як дзейнічаць, бо няма культуры, традыцыі.
Людзі проста кожны раз пратоптваюць гэтую дарожку зноўку нейкім таранам з амбіцый і настойлівасці. Гэта самая распаўсюджаная сытуацыя і вялікая праблема. Таму што нечы адзінкавы паспяхова пройдзены шлях не прыводзіць да сістэмнасці. Школа не ствараецца.
Маша: Тут ёсць калекцыянеры фатаграфіі, якім цікава глядзець на беларускіх фатографаў, бо гэта нешта новае. Сваіх польскіх фатографаў ужо ўсіх ведаюць, а тут і ўкраінскія прыехалі, і беларускія — напэўна нешта цікавае можна набыць. У верасні будзе фестываль Warsaw Gallery Weekend, у якім удзельнічаюць галерэі па ўсёй Варшаве. На гэтае мерапрыемства прывозяць калекцыянераў з розных краін. Ёсць нават турыстычнае агенцтва, якое прывозіць сюды [аматараў мастацтва з грашыма], здымае ім гасцініцы і водзіць па галерэях з таго, што я чула ад мясцовых мастакоў. Такі маштаб нам яшчэ не знаёмы.
Кірмашы
Яшчэ адна дзівосная гісторыя — кірмашы фатаграфій, на якіх публіка актыўна купляе фотаработы, што вельмі класна і нязвыкла для нас. Бо гэта не карціны і не плакаты (тут плакатная школа вельмі развіта і папулярная). Я размаўляла з адной польскай фатографкай, якая вельмі актыўна займаецца продажам сваіх фатаграфій. Яна заўсёды ведае, што яна будзе прадаваць. Куды б ні паехала, заўжды фатаграфуе нешта мэтаскіравана, ствараючы калекцыі, умоўна, “Восень”, “Зіма”, “Вясна”, “Лета”. Яна прадае ў пэўны сезон, а таксама адсочвае кірмашы ў розных гарадах: у Лодзі, Уроцлаве, у Варшаве на Stadion Narodowy. Кошт фатаграфій складае ад 300 злотых – і іх змятаюць. [Фатографка] акупляе сваё выставачнае месца ў шмат разоў. Плюс, канешне, у фатографаў ёсць сайты, дзе яны прадаюць свае фатаграфіі.
Жэня: Мы таксама даўно думаем пра тое, каб прадаваць працы беларускіх аўтараў, але пакуль што не можам падняць гэты накірунак. Хаця вельмі хацелі б зрабіць анлайн-краму з продажам работ беларускіх фатографаў, якія можна было б, напрыклад, павесіць дома.
Маша: Ды і польскай супольнасці было б здорава паказаць, што можна набыць з беларускай фатаграфіі. Калі мы прыязджаем на фестывалі, то пакуль паказваем толькі беларускія фотакнігі, якіх мы назбіралі ўжо каля 30. На апошнім фотафестывалі, у Рыбніку, у нас быў невялікі стэнд, і ўсім было вельмі цікава!


Беларускія фотатворцы ў Еўропе
То бок, цікавасць да беларускай фатаграфіі ёсць?
Маша: Ёсць, ёсць! Падчас таго ж фэсту да нас падышоў фатограф з Чэхіі, сказаў, што ў яго ёсць сябар — уладальнік галерэі, які хацеў бы прапанаваць беларускім фатографам прадаваць там свае фотакнігі. Але ў нас няма такой колькасці аўтараў і іх фотакніг, каб можна было адправіць у гэтую галерэю ў любы момант. Мы пыталі аўтараў, а на момант, калі мы задаём пытанне, усе кнігі ўжо распрададзеныя. Высветлілася, што кнігі толькі двух аўтараў мы маглі даслаць, на той момант. Але кантакт у нас ёсць, так што як толькі з’яўляецца кніга, мы проста можам адправіць яе гэтаму чалавеку. Таксама, дзякуючы той жа выставе, адна з dummy (фотакніга ў чарнавой, папярэдняй версіі) беларускага аўтара была заўважана адным еўрапейскім выдавецтвам, і хутка мусіць выйсці яе паўнавартасная версія.
Жэня: Мясцовая фотасупольнасць нас вельмі добра тут прымае, адгукаецца і ва ўсім імкнецца дапамагаць. Нават тое, што мы пішам інтэрв’ю тут [у Duży Pokój] – усё дзякуючы нашаму з ім узаемадзеянню. А адбываецца так яшчэ і таму, што мы знаходзімся ў зоне невысокай канкурэнцыі. Усе разумеюць: у творчай, праектнай фатаграфіі практычна няма грошай, няма за што “грызціся”. І адсюль дастаткова вялікая адкрытасць у супольнасці – значна цікавей адзін адно падтрымліваць.
Агулам, пра ўсю гэтую нашу масавую эміграцыю я думаю так.
Нейкі час мы тут з’яўляемся навічкамі, і таму на нас cкіравана шмат праэктараў. Палякі хочуць зразумець: хто яны, што яны робяць? Для нас гэта пэўны бонус на старце, дзякуючы якому мы атрымлівалі даволі шмат падвышанай увагі. Праз пару гадоў да нас прывыкнуць – і нам давядзецца ўзаемадзейнічаць тут на роўных з усімі, што абсалютна нармальна. Трэба паспець да гэтага падрыхтавацца: убудоўвацца ў гэтую інфраструктуру, рабіць праекты, якія цікавыя і мясцоваму грамадству, рэзаніраваць з ім.
Ці ёсць агульныя рысы ў беларускіх фотапраектах, рэалізаваных у эміграцыі пасля 2020?
Жэня: У апошнім аглядзе публічных беларускіх фотапраектаў за апошнія 5 гадоў для Рады культуры пра гэта досыць падрабязна напісана. Натуральным чынам, стрэс і крызіс, праз якія мы прайшлі ў 2020-22 гг., спарадзілі пэўныя тэмы. Натуральна, большасць аўтараў працуюць з такімі тэмамі, як страта дома, нацыянальная ідэнтычнасць, пошук новай асабістай ідэнтычнасці, прапаганда, эміграцыя – вельмі шмат персанальных рэакцый на палітычны парадак дня. Гэта нашая беларуская спецыфіка, на якую па-за ўжо не заўсёды адгукаюцца, таму што свет не жыве ў той жа праблематыцы.
Маша: Больш асабістыя, непалітычныя ці “трэндавыя” еўрапейскія тэмы беларускім аўтарам даюцца, бадай, цяжэй.
Мы не маглі не спытаць
Ці маеце вы ўжо пэўную нагледжанасць на партфоліа, наколькі нашыя фотатворцы ўмеюць цябе прэзентаваць?
Жэня: Я б не сказаў, што ў мяне вялікая нагледжанасць, але з таго, што бачыў – так, самапрэзентацыя – слабы бок многіх беларускіх аўтараў. Уменне казаць пра сябе і свой праект у супольнасці – вельмі важны навык, якому трэба вучыцца. У нас мала асяродкаў, дзе яго можна практыкаваць, а трэніравацца трэба, бо, як у любым рамястве, з першага разу не атрымаецца.
Маша: У нашых праектах і “Самапрэзентацыях” розніца заўважная. Адразу бачыш чалавека, які навучаўся прадстаўляць сябе і свае працы ў тэксце, прэзентацыі ці матывацыйным лісце, і таго, хто робіць гэта ў першы раз. Паколькі ў Польшчы больш розных курсаў і прафесійных праграм, не дзіўна, што інфармацыя ад польскіх аплікантаў структураваная лепш.
Жэня: Якасць самапрэзентацыі вельмі моцна залежыць ад таго, ці разумее сам аўтар, што ён ці яна хоча сказаць. Многія аўтары, на жаль, не разумеюць. Але калі для сябе ты адказаў(ла) на пытанні: “Што я раблю? Чаму гэта важна і што мяне тут бударажыць?”, – то ты пра гэта раскажаш, і раскажаш цікава. Калі не, то пачынаецца плаванне, у якім цябе не выратуе і chatGPT. Я наогул лічу трагедыяй, калі аўтар перадае ШІ мысленне і фармуляванне сваёй пазіцыі.
Маша: Яшчэ, банальна, бываюць напісаныя на шмат лістоў біяграфіі ці матывацыйныя лісты, якія займаюць час сяброў камісіі, але не даюць канкрэтыкі. Або калі фатаграфіі пададзеныя малееенькімі скрынамі…
Жэня: Часта творца не ставіць сябе на месца журы і не разумее, што трэба зрабіць. Калі ўжо мы закранулі падачы заявак, то мэсадж павінен быць такі, каб абсалютна нічога не дасведчаны пра цябе чалавек атрымаў максімальна дакладнае ўяўленне пра цябе за ўмоўныя дзве хвіліны чытання заяўкі наўскос, таму што пры першым чытанні выснова “так ці не?” робіцца імгненна, а больш уважлівае вывучэнне ідзе ўжо на наступных этапах. Таму патрэбны якасны візуал, выразныя мэсаджы, кароткі фармат, а не прасціны, якія ніхто не будзе чытаць, добрая расстаноўка акцэнтаў, разуменне сваёй мэты, дзе і каму ты яе транслюеш.
Якія беларускія фотатворцы добра рэалізуюцца ў міжнародным і замежным асяроддзі?
Маша: Юлія і Яўген Канаплёвы-Лейдзікі добра прадстаўленыя, як мінімум, на польскай прасторы. Праект “Без Рэтушы” на “Маланцы” глядзяць далёка не толькі фатографы, бо ўласна фатаграфія ўжо недзе ў канцы паказана.
Жэня: Не думаю, што [Жэня і Юля] ускладалі самі на сябе якую-небудзь місію, але з боку выглядае так, быццам іх асноўная функцыя – рабіць фатаграфію больш папулярнай і ўвогуле ўбудоўваць яе ў поп-культуру. Дзякуючы іх шоў, людзі больш цікавяцца фатаграфіяй, больш у яе прыходзяць, і, як вынік, наша супольнасць расце.
Выхад на тэрыторыю поп-культуры — гэта агулам вельмі добры ход.
Гэта тое, чаго не хапае той жа беларускай мове, якая не можа ўвайсці ва ўжытак абывацеля, у поп-культуру, прабіць гэтую столь. Калі б умоўны Макс Корж, збіраючы стадыёны, спяваў па-беларуску, гэта быў бы прарыў. Тое ж самае з фатаграфіяй: не хочацца замыкацца ў вельмі вузкай супольнасці. Улічваючы пастаўленую намі рамку [арт-фатаграфіі], нам будзе крыху больш складана, хаця думаю, мы можам знайсці спосаб закранаць і поп-культуру і такім чынам працаваць з больш масавай аўдыторыяй.
Жэня: У свой час моцна прагрымеў Аляксей Шлык са сваім праектам “Пацеркі з яблычных костачак”. Ён з’ехаў вучыцца ў Галандыю і думаю, дзякуючы атрыманай там адукацыі ў сферы культуры, у яго як артыста нядрэнна атрымліваецца рэалізоўвацца: мець прафесійныя выставы ў добрых галерэях, быць добра ўзгаданым у мясцовых медыя, у фатаграфічным асяроддзі.
Леся Пчолка не фатографка, але як мастачка і даследчыца, часта звяртаецца да фатаграфіі. Яе праект Roadside objects у сакавіку 2025-га паказвалі на фотафестывалі Circulation(s) у Парыжы. Леся ўвогуле добры прыклад прасоўвання ў кар’еры.


Маша: Саша Вялічка актыўна выстаўляецца, узляцела літаральна за паўтара года: [у 2024 годзе] яе праект State of denial з’явіўся адразу літаральна ўсюды. Ён быў прадстаўлены на прэстыжных французскіх фэстах Circulation(s) у Парыжы, у Арлі, на Les boutographies у Манпелье (там цэлы горад купіў сабе ў калекцыю яе працы), выстаўляўся ў варшаўскіх галерэях Zachęta і Bunkier sztuki, даехаў да Сінгапура.


Маша і Жэня: Каця Кузьмічова — гэта вельмі працавіты, працаздольны прафесіянал, які выдатна прасоўваецца па кар’ернай лесвіцы. Як толькі прыехала ў Польшчу, у яе нібы актывізаваўся рэжым “выжыць”. Каця выкладае ў Акадэміі Мастацтваў ва Ўроцлаве, мае доктарскую ступень у фатаграфіі. У яе пастаянныя выставы, праекты, яна рэдактарка першага выпуска часопіса OneBillionISO, тыражы яе фотакнігі і зіна цалкам раскуплены ў Польшчы. Калі мы прыязджаем на які-небудзь фота-фестываль, нас як беларусаў адразу пытаюцца: “А вы ведаеце Кацю Кузьмічову?”. Яна мае тут велізарны аўтарытэт. У нашай польска-беларускай праграме Каця Кузьмічова з’яўляецца ментаркай, і вялікая колькасць полькіх удзельнікаў(-ц) падавалася менавіта да Каці.

За якімі наступнымі праектамі ФШ1 сачыць
Да канца верасня:
- 17 верасня пабачыць свет першы эпізод другога сезона падкаста Далягляд. У гасцях — Яўген Канаплёў і Юля Лейдзік.
- 20 верасня запусціцца новы для ФШ1 фармат — “Фотапрагулка”. Адзін з чальцоў супольнасці ФШ1 Васіль Корзун праявіў ініцыятыву ў тым, каб ладзіць фота-прагулкі з людзьмі па Варшаве.
- 27 верасня: Двайная прэзентацыя новых ініцыятываў. ФШ1 пакажуць сваю калекцыю фотакніг і прэзентуюць ідэю публічнай бібліятэкі, якія будзе дзейнічаць на базе прасторы Duży Pokój. У другой палове івэнта будзе прадстаўленае выдавецтва TAMAKA Publishing, якое, як мы ўзгадвалі, будзе спецыялізавцца на кнігах пра выяўленчае мастацтва, фатагарфію, дызайн і архітэктуру.
У кастрычніку:
- 1 кастрычніка: Артыст-ток з беларускім фатографам Артурам Маталянцам.
- А таксама з яшчэ адкрытымі датамі плануюцца дыскусія пра праблемы і выклікі для фатаграфічнай супольнасці, прэзентацыя бібліятэкі фотакніг ФШ1 у Катавіцах на Paper Photofestival і іншыя івэнты.
