У рэлізе Ramantyzm прадстаўлены аўтарскі матэрыял без адсылак да фолк-музыкі.
Звядзеннем і мастэрынгам займаўся амерыканскі саўнд-прадзюсар і музыкант Марыё Кінтэра, вядомы па працы з гуртамі Spotlights, Sisters і артыстам лэйбла Ipecac Records — легендай рок-музыкі Майкам Паттанам (Faith No More, Mr. Bungle).
«Музычна альбом — гэта натуральная прагрэсія ў развіцці гучання гурта. Тыя, хто даўно любіць і слухае Relikt, напэўна змогуць яе адчуць і разам з тым заўважыць, што ўсе ключавыя фішкі і асаблівасці гучання гурта нікуды не зніклі. Мы імкнуліся ўтрымаць гэты баланс, але таксама хацелі зрабіць кожную песню ўнікальнай і захапляльнай — свайго роду асобнае маленькае падарожжа. Дзякуючы смелым кампазіцыйным і аранжыровачным рашэнням, а таксама шырокай гукавой палітры, нам гэта ўдалося», — кажа гітарыст каманды Віталь Макшун.
Пра што ж аўтарскія тэксты Relikt? Пра прыняцце сябе, пра складаныя выбары, з якімі сутыкаецца кожны, пра эміграцыю (цяпер гурт базуецца ў Польшчы), настальгію па часе, у якім мы ніколі не жылі, і нават пра міжпланетны каланіялізм. Удумлівы слухач знойдзе цытаты і адсылкі да твораў Адама Міцкевіча, беларускіх коміксаў «Дзе жылі бурсонікі?» з 90-х і шмат іншых «пасхалак».
«Мы ўсе сталі вандроўнікамі над морам туману. Свет раскалоўся на “да” і “пасля” — стала страшна. Мы стаім твар у твар са стыхіяй, і гэта нязручна: старыя апоры зніклі. Куды далей? Не страціць шлях да ідэалу, да ўнутранай свабоды і шчасця дапамагаюць толькі вера і пачуцці. Мы спяваем гэтыя песні паміж двума светамі — каб кожны вандроўнік не баяўся мора туману, а прыняў яго і палюбіў. І змог выйсці да святла», — распавядае бубнач Relikt Аляксандр Дзямідзенка.
Праца над песнямі пачалася яшчэ ў 2020 годзе ў Беларусі. Альбом быў запісаны ўжо ў Варшаве на студыі EverestMedia (там жа быў зведзены першы сінгл рэлізу — Scizoryk).

Relikt — беларускі гурт, які спалучае мінулае і сучаснасць, паказваючы культурную спадчыну ў нязвыклым выглядзе і робячы яе актуальнай для слухачоў, якія шукаюць нешта новае ў музыцы.
У дыскаграфіі гурта — 9 студыйных альбомаў, 2 канцэртныя DVD, 13 відэакліпаў, музыка да фільма «У агні народжаная», гімн футбольнага клуба «Крумкачы». Гурт адыграў еўрапейскі тур па Польшчы, Германіі, Нідэрландах, Літве і Эстоніі ў 2025 годзе. У бліжэйшы час Relikt абвесцяць даты тура ў падтрымку альбома Ramantyzm.