Сёння, 11 лютага, дзень народзінаў мастака.
19 з 30 літаграфій прысвечаныя краявідам і архітэктурным помнікам у межах сучаснай Беларусі, астатнія — адносяцца да сучасных Літвы, Украіны і Польшчы.

Набытая калекцыя ўтрымлівае выявы замкаў, палацаў, касцёлаў і сядзібаў у такіх гарадах і вёсках Беларусі, як Шаўры, Ліда, Крэва, Геранёны, Гейстуны, Дзевятня, Жамыслаўль, Нясвіж, Мір, Наваградак, Грушаўка, Смольгаў, Лагойск, Бялынічы, Гомель, Асвея, Камянец, Скокі, Высокае.
Літаграфіі Напалеона Орды былі набытыя на польскім аўкцыёне на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў: Паўла Царова, Ганны Краўчанкі, Ягора Яцука, Дар’і Сліж, Андрэя Грабоўскага, Юрыя К. і мецэнаткі, якая пажадала застацца непублічнай.

У будучыні калекцыя будзе перададзеная ў якасці грамадскага падарунка ў музей Напалеона Орды, што месціцца ў адноўленай радавой сядзібе мастака ў Варацэвічах.
Беларускую частку калекцыі (19 літаграфій) можна будзе пабачыць на выставе MALDZIS «Беларусь Напалеона Орды», якая пройдзе ў Варшаве ў Музеі Вольнай Беларусі з 28-га лютага да 8-га сакавіка 2026-га года.

«Напалеон Орда зрабіў для нас візуальную памяць нашай краіны. Ягоныя працы даюць нам не толькі доказы велічы ўласнай гісторыі і вельмі багатай архітэктурнай спадчыны, але таксама і магчымасці для яе аднаўлення. Як мінімум у грамадскай свядомасці», — кажа Рыгор Астапеня, апякун ініцыятывы MALDZIS.
Фотаздымкі Аліны Мазавец