Паведамляецца, што весці трэці сезон будзе Маляваныч — акцёр Аляксандр Ждановіч.
«Гэта будзе дакументальнае падарожжа праз лёсы беларусаў. Мы пакажам іх гісторыі без рэтушы, а жыццё без адлегласцяў», — паведамляе медыя.
Прэм’ера — 23 лістапада а 19:00 па мінскім часе на YouTube-канале Malanka Action і стрымінгавай платформе Belarus Tomorrow.
Нагадаем, вядучымі і суаўтарамі першых двух сезонаў праекта былі вядомыя фатографы Юлія Лейдзік і Яўген Канаплёў. Здаецца, і назва праекта «Без рэтушы» была выбрана не выпадкова.
Паводзіны каманды Malanka Media яны называюць неэтычнымі:
«Улюбёныя! Хочам паведаміць, што на дадзены момант мы не маем ніякага дачынення ні да канала Маланка, ні да новага сезона „Без рэтушы“.
Тое, што каманда Маланкі рэкламуе новы сезон з новым вядучым, выкарыстоўваючы выпускі дзе мы суаўтары і вядучыя — кажа аб іх неэтычных паводзінах на наш погляд.
Мы выйшлі з гэтага саюза, таму што я (Юля) аказалася „нязручнай“. Прадзюсар яшчэ з першага сезона намякаў, што лёгка знойдзе нам замену — „гэта не праблема“.
Мы жадаем працягнуць справу, якую рабілі з любоўю і стоадсоткавай аддачай — каб паказваць максімальна шчырыя і сапраўдныя кавалачкі з жыцця чалавека».
Пара паабяцала аб’явіць збор сродкаў на пілотную версію новага праекта — «падарожжы па ўнутраным свеце асобы».