78‑гадовы гісторык Васіль Кушнер пайшоў з жыцця 15 лістапада пасля працяглай хваробы.
З 1993 па 2011 год ён быў галоўным рэдактарам галоўнага гістарычнага часопіса ў краіне.
Як піша «Наша Ніва», Васіль Кушнер у 1971 годзе скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
У 1973 паступіў у аспірантуру Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. У 1977‑м абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Ваенна-патрыятычнае выхаванне і падрыхтоўка працоўных Беларусі да абароны Радзімы (1921‑1925 гг.)».
З 1978 па 1980 працаваў старшым выкладчыкам гісторыі СССР і саветнікам дэкана інстытута імя Хасэ Марці (горад Камагуэй, Куба). У кастрычніку 1980‑га вярнуўся ў Мінск. Працаваў старшым выкладчыкам кафедры гісторыі КПСС Мінскага педінстытута, а потым — дацэнтам.
З 1988 да 1992 года працаваў у Міністэрстве народнай адукацыі БССР.

У канцы 1990‑х Кушнер прыняў актыўны ўдзел у праекце «Славутыя імёны Бацькаўшчыны».
Быў адным з навуковых кансультантаў, а таксама аўтарам артыкулаў у «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» у 6 тамах (1994–2003) і «Беларускай энцыклапедыі» у 18 тамах (1996–2004).
У 2005 годзе выйшлі з друку вучэбныя дапаможнікі, якія ён дапамагаў рыхтаваць — «Гісторыя Беларусі: у кантэксце сусветных цывілізацый» і «Вялікая Айчынная вайна савецкага народа: у кантэксце Другой сусветнай вайны».
Меў больш за 200 публікацый на беларускай, польскай, іспанскай і іншых мовах.
З 1988 па 2003 быў дацэнтам кафедры гісторыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, з 2003 па 2008 — дацэнтам кафедры эканамічнай гісторыі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.