Przejdź do głównej treści
IIvan Marozka

«Мы разлічвалі танальнасць чалавека, танальнасць расліны».2

Іван Марозька пагутарыў са стваральнікамі ўнікальнага аўдыёвізуальнага перфарматыўнага дуэта – саўнд-артыстамі Mufer і Semashkevich. Музыкі інтэрпрэтуюць фізічныя і хімічныя даныя навакольнага асяроддзя, наглядна паказваючы штодзённы ўплыў чалавека на флору, дзякуючы чаму гледачы могуць самі ўбачыць, пачуць і адчуць гэтыя працэсы.

Hazy Flora выкарыстоўваюць аналагавыя і лічбавыя сінтэзатары, а таксама датчыкі вуглякіслага газу, вільготнасці і тэмпературы, падлучаныя да праграмы Ableton Max for Live.

З чаго ўсё пачалося? Як з'явілася ідэя сумясціць музыку з экалагічным складнікам і навакольным асяроддзем?

Жэня: Ідэя выцекла з простага жадання. Я прапанаваў Іллі паехаць у сумесны тур як два асобныя музыкі. Мы сабраліся ў яго дома, пачалі абмяркоўваць: навошта тур, для каго? У выніку вырашылі зрабіць дуэт. Сама канцэпцыя нарадзілася выпадкова, без пэўных рэферэнсаў. Вядома, ёсць людзі, якія займаюцца падобным, але мы не «сёрчылі» канкурэнтаў. Мы проста пачалі працаваць, і стала атрымлівацца. Кожны прыўносіў сваё: я адказваў за тэхнічную частку, Ілля – за музычную інтэрпрэтацыю даных. Першыя сустрэчы мы прысвяцілі фарміраванню прафесійнага падыходу: стварылі табліцы, настроілі чат-асістэнта спецыяльна пад праект Hazy Flora. Гэта шчыльнае ўзаемадзеянне і прывяло да нараджэння праекту.

Ілля: Мы з Жэнем знаёмыя даўно, разам гралі на жывых інструментах. Прыкладна паўгады таму мы адыгралі эмбіент-лайвы, і нам абодвум вельмі спадабалася. Але проста граць было сумнавата, мы шукалі агульную глыбокую тэму. Я падрыхтаваў серыю пытанняў для нашых сесій, каб зразумець, што нам на самой справе цікава ў доўгатэрміновай перспектыве. Аказалася, што гэта ўзаемадзеянне чалавека і навакольнага свету. Для пачатку выбралі працу з вуглякіслым газам. Так усё і злучылася: нашыя музычныя густы, любімыя кірункі і агульная ідэя. Мы камунікуем, граем, выступаем – і ў гэтым працэсе праект увесь час дабудоўваецца.

Як вы выбіралі параметры, якія здымаеце і інтэрпрэтуеце ў музыку?

Ілля: У нас два бакі працы з данымі. Першы – гэта датчыкі, якія працуюць у рэальным часе падчас выступу. Яны фіксуюць канцэнтрацыю вуглякіслага газу, тэмпературу і вільготнасць. Датчыкі кіруюць параметрамі ў DAW Ableton, напрыклад, колькасцю эфекту рэверберацыі і гэтак далей. Гэта дадае імерсіўнасці: гледачы могуць назіраць, як прастора, колькасць людзей у памяшканні ўплываюць на музыку. Гэта жывы працэс, які кожны раз дае нешта новае.

Другі бок – пераклад статычных даных. Мы знайшлі табліцу з фізічнымі параметрамі вуглякіслага газу. Наш першы праект называецца «CO₂ in Stasis»: мы даследуем гэтыя лічбы і пераводзім іх у ноты, выкарыстоўваючы гарманічную тэорыю Шуберта.

Мне даўно хацелася папісаць музыку, не чапаючы ноты самому, а інтэрпрэтуючы лічбавыя значэнні. Мы пралічвалі танальнасць чалавека, танальнасць расліны, хуткасць іх узаемадзеяння, каб слухач мог усвядоміць гэта нават на псіхаакустычным узроўні, без лішняга «загрузу».

Гэта значыць усю тэхнічную частку вы стварылі самі, з нуля?

Жэня: Так, цалкам. Праграмны код для датчыкаў і для Ableton напісаны намі. Вядома, не без дапамогі нейрасетак, бо мы не праграмісты ў чыстым выглядзе. У мяне быў досвед працы з Arduino, а для гэтага праекта мы ўзялі платформу ESP32. Датчык працуе аўтаномна, без правадоў, злучаючыся з камп’ютарам па сетцы.

Ілля: Сумеснымі намаганнямі мы стварылі ў Max for Live нейкае падабенства VST-плагіна. Гэта «ручкі», якія можна прызначаць на розныя параметры эфектаў. У выкананні музыкі мы выкарыстоўваем толькі «жалеза» – сінтэзатары. Я пішу midi-партыі, ператвораныя з табліц фізічных уласцівасцяў CO₂, мы пускаем іх на сінтэзатары і ў рэальным часе круцім гук, каб гэта было прыгожа.

Як публіка рэагуе на такі фармат? Людзі разумеюць, што яны сваёй прысутнасцю ўплываюць на гук?

Жэня: Калі не растлумачыць загадзя, людзі бачаць проста хлопцаў з сінтэзатарамі. Але ў канцы выступу мы расказваем, што гэта быў імерсіўны перформанс. У нас на сцэне стаіць дэвайс на стойцы, ён міргае – многія не разумеюць, што гэта, пакуль не растлумачыш. Плюс мы працуем з відэа, якое я здымаю з дрона. Мы прынцыпова не выкарыстоўваем аўтсорс, толькі свой матэрыял, які Ілля вельмі хутка апрацоўвае. Наша канцэпцыя – рабіць добра, прыгожа і без лішніх «затупаў».

Ілля: Наша музыка – не танцавальная форма, а хутчэй эмбіент ці электроніка для праслухоўвання, з элементамі IDM. У гэтай сферы часта звяртаюцца да складаных канцэпцый, але для нас важна заставацца музыкамі. Мы будуем гук так, каб гэта была музыка, якая нам самім падабаецца, якая транслюе ідэю «дыхання на малекулярным узроўні».

Жэня: Гэта прымушае чалавека воляй-няволяй задумацца аб сваім укладзе ў экалогію. Мы не гаворым напрамую «паліце менш газу», мы ствараем эмоцыю, каб задумацца лішні раз пра навакольны свет.

Ці ёсць у вас ідэі «агучыць» канкрэтныя месцы – напрыклад, беларускія балоты ці лясы Амазонкі?

Ілля: Гэта канцэптуальна іншы падыход. Праца з прасторай  зараз адбываецца праз датчыкі, які інтэрпрэтуюць асяроддзе тут і зараз. Але праца з жывой прыродай – гэта менавіта наша тэма: лясы, грыбы – флора. Пытанне ў тым, якія даныя мы можам адтуль атрымаць і як іх пераўтварыць.

Жэня: Важна зразумець, што мы возьмем за аснову музычнасці.

Можна прыгожа падабраць гукі, але трэба адказаць на пытанне «навошта?». Напрыклад, як жыццядзейнасць вавёрак уплывае на колькасць дубоў у Белавежскай пушчы. Калі мы зможам прасачыць гэтую сувязь і раскрыць яе кампазіцыйна, тады гэта мае сэнс.

Якія ў праекта глабальныя планы – у творчым і тэхнічным сэнсе?

Жэня: Мы ўжо напісалі альбом з 16 трэкаў і зараз шукаем лэйбл для дыстрыбуцыі. У планах – экспедыцыя ў лес на суткі, каб папрацаваць з тэмай грыбоў. Падаемся на арт-рэзідэнцыі, хочам трапіць на міжнародныя фестывалі. Хацелася б, каб праект прыносіў не толькі маральнае задавальненне, але і фінансавую аддачу, бо «кавалерка сама сябе не аплаціць».

Ілля: Мы хочам ускладняць працэсы: агучыць рост тых жа грыбоў ці, напрыклад, працэс выбуху ў вадзе, каб чалавек мог і пачуць, і пабачыць гэта ў запаволеным ці паскораным кантэксце. У канцы кастрычніка ў нас запланавана выступленне ў Познані. Цяпер працуем над стабільнасцю сістэмы і візуальнай часткай.

Жэня: Таксама мы пачалі калабараваць з відэамастаком – Пашам Плахай, ён зрабіў нам візуал для відэа, і мастаком па святле з Берліна – Мікалаем Балакло, у якога ёсць досвед працы ў легендарных клубах Berghain (Берлін) і Kyrylivska (Кіеў). Трэба фінансаванне, каб пратэставаць усё гэта і прыйсці да насычанага візуальнага выніку.


Не думалі манетызаваць саму тэхналогію? Выпусціць такія датчыкі як MIDI-інструменты?

Жэня: Сістэму яшчэ трэба дапрацоўваць. Калі мы зараз пра гэта напішам, нехта прадпрымальны зробіць гэта праз тыдзень (смяецца). За 750 тысяч еўра гатовы аддаць правы! Калі сур’ёзна, гэта працаёмкі працэс. Каб зрабіць прадукт, якім зможа лёгка карыстацца любы, патрэбны гранты, час і шмат тэстаў. Пакуль гэта хутчэй перспектыва будучыні.

Ілля: Адна справа – прыдумаць для сябе, іншая – увасобіць для мас. Мы шмат часу трацім на адладку кода з нейрасеткамі: дадаеш адну функцыю – адвальваецца іншая. Гэта бясконцы цыкл правак.

І апошняе пытанне: ваш любімы гук у прыродзе ці ў жыцці?

Жэня: Мне падабаецца гул заводаў, матораў, гіганцкіх выцяжак ці трансфарматарных будак. Нізкачастотны гудзячы гук – гэта маё.

Ілля: А ў мяне той, на які цела рэагуе – гук фену, які працуе ў іншым пакоі. Калі вельмі хораша заліваецца, з дзяцінства люблю. І птушкі.

Жэня: Птушкі – гэта топ! Калі гуляеш у лесе, яны часта пачынаюць пападаць у рытм і ў танальнасць. Яны як быццам перамаўляюцца з табой: «Давай у до-мажоры! Перадай дразду, каб дзяўбаў шаснаццатымі!».