Przejdź do głównej treści

EFFEA #5 — 8 000 і 15 000 EUR на міжнародныя рэзідэнцыі для творцаў на пачатку кар'еры

3 listopada 2026, 23:59 CET
1 stycznia — 31 grudnia 2027
Bezpłatnie
15 000 EUR

European Festivals Fund for Emerging Artists (EFFEA) — ініцыятыва European Festivals Association (EFA), суфінансаваная Еўрапейскім Саюзам. Фонд падтрымлівае супрацу фестываляў з розных краін, каб даць творцам на пачатку кар'еры пляцоўку для развіцця працы і бачнасць на міжнароднай сцэне. Пяты набор адкрыты з 1 верасня па 3 лістапада 2026 года. Абяруць 50 рэзідэнцый з удзелам 50 артыстаў(-ак) — асобных людзей, груп або калектываў — і каля 150 фестываляў.

Для каго:

Заяўку падае фестываль, а не артыст(-ка). Гэта ключавы момант: артысты(-кі) самі падацца не могуць — іх прапануе вядучы фестываль, які і адказвае за заяўку.

Партнёрства мусіць складацца прынамсі з трох фестываляў з трох розных краін, якія маюць права ўдзельнічаць: адзін вядучы і не менш за два фестывалі-партнёры. Патрабаванні да фестываляў:

  • Правесці прынамсі адзін выпуск фестывалю. Фестывалі, якія на момант падачы праводзяць свой самы першы выпуск, падацца не могуць;
  • Быць зарэгістраванымі на FestivalFinder.eu да падачы заяўкі;
  • Вядучы фестываль можа падацца толькі на адзін грант як вядучы, але можа ўдзельнічаць у некалькіх заяўках як партнёр.

Краіны, якія маюць права ўдзельнічаць (для вядучых фестываляў і для творцаў): Албанія, Арменія, Аўстрыя, Бельгія, Босня і Герцагавіна, Балгарыя, Харватыя, Кіпр, Чэхія, Данія, Эстонія, Фінляндыя, Францыя, Германія, Грузія, Грэцыя, Венгрыя, Ісландыя, Ірландыя, Італія, Косава, Латвія, Ліхтэнштэйн, Літва, Люксембург, Мальта, Чарнагорыя, Малдова, Нідэрланды, Паўночная Македонія, Нарвегія, Польшча, Партугалія, Румынія, Сербія, Славакія, Славенія, Іспанія, Швецыя, Туніс і Украіна.

Толькі як фестывалі-партнёры могуць далучацца Ізраіль, Палестына, Швейцарыя, Турцыя і Вялікабрытанія — пры гэтым артыстаў(-ак) з гэтых краін таксама можна прапаноўваць.

Правіла для артыстаў(-ак) сфармуляванае шырэй: прапанаваць можна асобных артыстаў(-ак), калектывы, кампаніі, ансамблі і групы любога ўзросту і грамадзянства, калі яны маюць грамадзянства або легальнае месца жыхарства ў адной з краін са спісу.

Дысцыпліны:

Фестывалі і артысты(-кі) мусяць працаваць у адной ці некалькіх з такіх сфер: архітэктура, балет, сучасны танец, цырк, дызайн і прыкладное мастацтва, лічбавыя мастацтвы, кіно, фальклор і народнае мастацтва, спадчына, міждысцыплінарныя практыкі, літаратура, музыка, опера, стрыт-арт, тэатр, фатаграфія і відэа, лялечны тэатр, скульптура, жывапіс.

Каго EFFEA лічыць emerging artist: вызначэнне не звязанае з узростам — гаворка пра навізну і пра патэнцыял міжнароднага прарыву.

Два фарматы і сумы:

  • EFFEA Discovery — для артыстаў(-ак) на ранняй стадыі кар'еры з моцным патэнцыялам міжнароднага прарыву. 40 грантаў па 8 000 EUR;
  • EFFEA Springboard — для тых, хто ўжо сталы(-ая) ў сваёй краіне і гатовы(-ая) развіваць міжнародную кар'еру. 10 грантаў па 15 000 EUR.

Каму ідуць грошы: грант атрымлівае вядучы фестываль — ён падпісвае дамову з EFA і распараджаецца бюджэтам. Гэта не прамая выплата артысту(-цы). Правілы бюджэту:

  • Не менш за 80% сумы мусіць пайсці на выдаткі артыстаў(-ак): ганарары, дарогу, пражыванне, суткавыя і падобнае;
  • Не больш за 20% можа пайсці на арганізацыю рэзідэнцыі: вытворчасць варкшопаў і майстар-класаў, паказ, камунікацыю, прасоўванне;
  • Выдаткі «in kind» — нефінансавы ўнёсак фестываляў — не могуць перавышаць 10% ад сумы гранту;
  • Карыстацца шаблонам бюджэту абавязкова, ён спампоўваецца на сайце EFFEA і загружаецца разам з заяўкай.

З гранту адразу вылічваецца ўласны ўнёсак фестывалю: 1 000 EUR для Discovery і 2 000 EUR для Springboard. Гэтыя грошы ідуць на агульныя актыўнасці праграмы — Intake і Outtake семінары, нетворкінг-сесіі, камунікацыю і прасоўванне артыстаў(-ак) і фестываляў.

Выплаты ідуць дзвюма часткамі:

  • Discovery: 4 900 EUR цягам двух тыдняў пасля падпісання дамовы і 2 100 EUR цягам 30 дзён пасля падачы і прыняцця справаздачы;
  • Springboard: 9 100 EUR цягам двух тыдняў пасля падпісання дамовы і 3 900 EUR цягам 30 дзён пасля падачы і прыняцця справаздачы.

Што мусіць уключаць рэзідэнцыя:

Discovery:

  • Адзін паказ work in progress або вынікаў вытворчасці на вядучым фестывалі;
  • Адзін варкшоп — жывы або анлайн — які право́дзіць вядучы фестываль і ў якім бярэ ўдзел прынамсі адзін(-ая) праграмны дырэктар(-ка) ад кожнага фестывалю-партнёра. Мэта — злучыць артыстаў(-ак) і фестывалі, даць канструктыўны фідбэк і стратэгіі працы з фестывальнай сцэнай. Спіс удзельнікаў(-ц) уносіцца ў фінальную справаздачу;
  • Фільм пра рэзідэнцыю да 2 хвілін, які загружаецца разам з фінальнай справаздачай;
  • Удзел у EFFEA Intake і Outtake семінарах.

Springboard:

  • Паказ выніку на вядучым фестывалі і на кожным фестывалі-партнёры — не менш за тры паказы разам;
  • Жывы майстар-клас, які вядзе сам(-а) артыст(-ка), на вядучым фестывалі і на кожным партнёрскім — прынамсі ў трох краінах. Фокус на працэсе стварэння і вытворчасці, з уцягненнем мясцовых мастацкіх супольнасцяў; сесіі могуць быць адкрытыя і для шырэйшай публікі. Спіс удзельнікаў(-ц) уносіцца ў фінальную справаздачу;
  • Фільм пра рэзідэнцыю да 2 хвілін;
  • Удзел у EFFEA Intake і Outtake семінарах.

Што чакаецца ад фестываляў:

Вядучы фестываль — кіраўнік праекта і галоўны кантакт. Ён:

  • Падае заяўку і здае афіцыйную справаздачу пасля рэзідэнцыі;
  • Атрымлівае грант і падпісвае дамову з EFA;
  • Адказвае за каардынацыю, фінансавае планаванне і ўсе аспекты рэалізацыі;
  • Прасоўвае артыстаў(-ак) у сацсетках і іншых каналах, уключае іх працу ў праграму фестывалю і дае адрасную падтрымку для міжнароднай кар'еры — фідбэк, сесіі рэфлексіі, ментарскія сустрэчы з прафесіяналамі(-камі) галіны;
  • Удзельнічае ў Intake і Outtake семінарах.

Фестывалі-партнёры дамаўляюцца пра свае ролі з вядучым фестывалем і:

  • Прасоўваюць артыстаў(-ак) і ўключаюць іх працу ў свае праграмы;
  • Наведваюць паказы, варкшопы і майстар-класы, калі гэта магчыма;
  • Сустракаюцца з вядучым фестывалем, каб абмеркаваць супрацу і гастрольныя магчымасці для артыста(-кі);
  • Удзельнічаюць у Intake і Outtake семінарах і трымаюць сувязь з камандай EFA.

Крытэрыі адбору:

Заяўкі спачатку правярае каманда EFA на адпаведнасць умовам, потым ацэньвае журы EFFEA. Глядзяць на:

  • Рэлевантнасць: наколькі рэзідэнцыя адказвае патрэбам артыста(-кі) на гэтым этапе кар'еры і мастацкай сферы, якія ў яе мэты;
  • Якасць: якасць партнёрства і роляў партнёраў, устойлівасць рэзідэнцыі ў новых вытворчых умовах, інавацыйнасць. Дадатковыя партнёры звыш двух абавязковых лічацца плюсам;
  • Патэнцыял: заяўка мусіць паказаць міжнародны патэнцыял працы артыста(-кі);
  • Уплыў і ўстойлівасць: чаканыя вынікі, уплыў — у тым ліку мясцовы — і спадчына рэзідэнцыі;
  • Бюджэт: ці дастатковы ён для артыста(-кі), ці справядлівы і прафесійны, ці забяспечаны ўнёсак фестывалю, ці збалансаваны.

Асобна ацэньваецца, ці пабудаваны бюджэт на прынцыпе справядлівай аплаты працы артыстаў(-ак) на ўсіх этапах — знаходжанне, рэпетыцыйны час, мастацкія ганарары — і ці закранае рэзідэнцыя актуальныя тэмы: разнастайнасць, устойлівасць (экалагічную, культурную, мастацкую, эканамічную і сацыяльную), лічбавыя інструменты і інклюзію.

Каго не возьмуць:

  • Артысты(-кі), якія ўжо атрымлівалі Discovery-рэзідэнцыю ў папярэдніх наборах EFFEA, не могуць атрымаць яе яшчэ раз — але могуць быць прапанаваныя на Springboard;
  • Артысты(-кі), якія атрымлівалі Springboard-рэзідэнцыю, больш не могуць удзельнічаць у наборах EFFEA;
  • Фестывалі, якія праводзяць свой самы першы выпуск на момант падачы;
  • Фестывалі, якія не адпавядаюць умовам набору.

Пры гэтым фестывалі, якія падаваліся раней — незалежна ад выніку — могуць падавацца зноў, як і партнёрствы, што ўжо складваліся ў папярэдніх наборах.

Калі праходзяць рэзідэнцыі:

З 1 студзеня па 31 снежня 2027 года. Пачаць можна ў любы момант пасля падпісання грантавай дамовы.

Для заяўкі патрэбныя:

  • Агульная інфармацыя пра вядучы фестываль або арганізацыю;
  • Інфармацыя пра прапанаваных артыстаў(-ак): кароткія біяграфіі і спасылкі — тэкставыя і аўдыявізуальныя;
  • Агульная інфармацыя пра фестывалі-партнёры;
  • Матывацыя: чаму вы падтрымліваеце гэтых артыстаў(-ак) і будуеце менавіта такое партнёрства;
  • Letter of intent (ліст пра намеры) з артыстамі(-камі) — па шаблоне;
  • Letter of intent з фестывалямі-партнёрамі — па шаблоне, асобны для Discovery і Springboard;
  • Падрабязная бюджэтная форма — па шаблоне.

Усе дакументы трэба загрузіць і падпісаць праз сайт EFFEA. Вядучы фестываль таксама мусіць праверыць, што даты рэзідэнцыі трапляюць у дазволены перыяд, а прапанаваныя артысты(-кі) адпавядаюць умовам пра папярэдні ўдзел.

Дэдлайн і графік:

  • Прыём заявак — да 3 лістапада 2026 года, 23:59 CET;
  • Ацэнка журы — лістапад 2026 года;
  • Паведамленне вынікаў заяўнікам лістом і публічнае абвяшчэнне — снежань 2026 года;
  • На прыняцце і пацвярджэнне прапановы даецца 8 дзён. Калі пацвярджэння няма, EFA лічыць прапанову адхіленай і можа перадаць грант праекту з рэзервовага спісу;
  • Перыяд рэзідэнцый — 1 студзеня — 31 снежня 2027 года;
  • EFFEA Intake Seminar — 26 студзеня 2027 года; EFFEA Outtake Seminar — 21 верасня 2027 года;
  • Фінальная справаздача — не пазней за 31 студзеня 2028 года.

Інфармацыйныя і нетворкінг-сесіі перад дэдлайнам:

  • Info Session #1 — 15 верасня,
  • Networking Session #2 — 29 верасня,
  • Networking Session #3 — 13 кастрычніка,
  • Q&A #4 — 20 кастрычніка 2026 года.

EFFEA Call #5 (PDF).

Арганізатар:

European Festivals Association (EFA), суфінансуе Еўрапейскі Саюз. Праграма рэалізуецца разам з 15 платформавымі партнёрамі: Croatian Composers Society (Харватыя), Culture Matters (Чэхія), PLMF Arts Management (Эстонія), France Festivals (Францыя), Stichting Caucasus Foundation (Грузія), German Centre — International Theatre Institute (Германія), Summa Artium Kultúra Támogató (Венгрыя), Association of Irish Festival Events (Ірландыя), ItaliaFestival (Італія), Kosovar Centre for New Music / ReMusica (Косава), ARC Research and Consultancy (Мальта), Asociația Centrul Cultural Clujean (Румынія), ArtLink (Сербія), Sweden Festivals (Швецыя), Development Centre «Democracy through Culture» (Украіна).