«Шуфлядка» — конкурс беларускамоўных рукапісаў ад фестывалю інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA
PRADMOVA шукае завершаныя рукапісы для дзяцей і падлеткаў, нон-фікшн і масавых жанраў. Прыз — выданне папяровай кнігі.
Для каго: аўтары(-кі), якія пішуць па-беларуску або маюць аўтарызаваны пераклад свайго тэксту на беларускую мову.
Падавацца могуць як сталыя аўтары(-кі), так і дэбютанты(-кі). Абмежаванняў паводле ўзросту, грамадзянства, месца жыхарства і іншых крытэрыяў няма.
Рукапіс можна падаваць пад псеўданімам.
Намінацыі:
- Творы для дзяцей і падлеткаў: проза, паэзія, навукова-папулярныя тэксты, янг-эдалт і інш.;
- Нон-фікшн: біяграфіі, мемуары, кнігі рэпартажаў, падарожніцкая літаратура, аўтафікшн і інш.;
- Масавыя жанры: дэтэктыў, трылер, хорар, фантастыка, фэнтэзі, прыгоды, меладрама і інш.
Можна падаваць толькі завершаныя арыгінальныя рукапісы:
- Напісаныя па-беларуску;
- Або напісаныя на іншай мове, але перакладзеныя аўтарам(-кай) ці аўтарызавана перакладзеныя на беларускую.
Не прымаюцца рукапісы, якія ўжо былі выдадзеныя і маюць ISBN, у тым ліку як электронная або аўдыякніга, а таксама выдадзеныя на іншых мовах.
Рукапіс не павінен утрымліваць звестак пра аўтара(-ку): прозвішча, ініцыялы і іншыя пазнакі. Усе прынятыя рукапісы разглядаюцца журы ананімна.
Журы вызначыць найлепшы рукапіс у кожнай з трох намінацый. Агульная колькасць пераможцаў(-ц) — не больш за тры.
Выданне кніг будзе арганізавана на ўмовах тэндару для беларускіх выдавецтваў і выдавецкіх ініцыятываў.
Таймлайн:
- 13 ліпеня — 3 жніўня 2026 — прыём заявак;
- Верасень — доўгі спіс;
- Кастрычнік — кароткі спіс;
- Лістапад — абвяшчэнне пераможцаў(-ц).
Падача праз Google-форму конкурсу. Калі з загрузкай рукапісу нешта не атрымліваецца, яго можна даслаць на email: shuflyadych@gmail.com