Хэйка! Вяртаемся ў святочны этэр, каб парадаваць вас падборкай лепшага калякультурніцкага кантэнту на беларускім YouTube.

«Мы імкліва тупеем». Мазгі і беларуская мова, украінец і расеец на сцэне / МІРЗАЛІЗАДЭ, Мова нанова

Стэндап-комік Ідрак Мірзалізадэ даў інтэрв’ю Мікіце Мелказераву на канале БЕЛСАТ LIFE, дзе разважае пра беларускую мову, беларускі стэндап і «паўзучую беларусізацыю». А таксама пра эксперымент, калі на адной сцэне выступілі комік з Украіны і комік з Расеі. Выпуск выйшаў за некалькі дзен да раптоўнай смерці Мікіты Мелказерава.

Вышыванка — хроніка 2020 года рукамі Руфіны Базловай

Беларуская мастачка Руфіна Базлова выкарыстоўвае традыцыйную вышыўку, каб захаваць памяць аб пратэстах 2020 года і расказаць пра палітвязняў у Беларусі. Вышыўка чырвонымі ніткамі на белым фоне адлюстроўвае кожнага чалавека, несправядліва асуджанага ў Беларусі. На сваім канале Мікалай Халезін пагаварыў з ёй аб пратэстах, аб новай кнізе, аб уплыве мастацтва на міжнародны парадак дня і аб тым, як захоўваць сувязь з радзімай.

Паміж Літвой і Ізраілем: як пабудаваць культурнае жыццё ў Вільні

На Malanka Media выйшаў новы выпуск другога сезона праекта «З Літвы з любоўю» — з івэнт-мэнэджэркай Таццянай Штэйнбук. Яе шлях мог прывесці ў Ізраіль, але адно паведамленне на Facebook змяніла ўсё. Ужо больш за сем гадоў яна жыве і працуе ў Вільні. Таццяна стала адной з заўважных фігур гарадскога асяроддзя, запусціўшы разам з Надзеяй Ількевіч праект Create Culture Space. Гэты выпуск аб тым, як ствараць і развіваць ініцыятывы ў новай краіне, не маючы гатовых адказаў і не страчваючы сябе.

БЕЛАРУСКАЯ МУЗЫКА ў сусветных топах! Хто запісаў самы круты альбом 2025?

«Беларуская музыка — найкруцейшая ва Ўсходняй Еўропе, дакладна вам кажу! А сёння яшчэ і пакажу трынаццаць самых кайфовых альбомаў 2025. Як думаеце, хто на першым месцы? Залятайце глядзець, слухаць і спрачацца», — абяцае Саша Чарнуха.

Глядзіце выпуск на канале «Міністэрства сепультуры».

БЕЛАРУСКІ ЕДУЦЬ НА ПАДЛЯШША, рэж. Арцём Лобач, Беларусь 2025 г.

Група беларускіх жанчын, што жывуць у эміграцыі, вырашае адправіцца ў падарожжа на Падляшша, каб пазнаёміцца з культурай тамтэйшых беларусаў.

Прыбыўшы на Падляшша, яны сустракаюць мясцовых беларусаў, якія вызначаюць сваю нацыянальную ідэнтычнасць праз праваслаўе.

У школе, дзе выкладаецца беларуская мова, гераіні заўважаюць, што яна існуе побач з польскай, а капліца ўнутры навучальнай установы падкрэслівае цесную сувязь мясцовых беларусаў з праваслаўем.

Аднак адкрыццё, звязанае з Купаллем, найбольш здзіўляе нашых гераінь. Зоя Майстровіч, захавальніца народных песень, кажа, што на Падляшшы гэта свята амаль не адзначаецца. У выніку дзяўчаты вяртаюцца ў Варшаву, дзе 22 чэрвеня разам з супольнасцю беларусаў у эміграцыі арганізуюць традыцыйнае, паганскае Купалле на беразе Віслы.

Бонус: NAVIBAND — Пачынаем жыць (2026)

«Калі ноччу ты адзін 
І патухае наваколле 
Чаму мы пачынаем жыць, 
Калі назад няма дарогі?»