Гомельскі абласны суд асудзіў палітзняволенага Кірыла Краўцова за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» па «справе Гаюна». Як стала вядома «Гомельскай вясне», прысуд Кірылу набыў моц.

Як пісаў sekktor.online, 46-гадовы гамяльчанін Кірыл Краўцоў быў затрыманы ў чэрвені 2025 года.

Краўцоў вядомы як сузаснавальнік унікальнай арт-вёскі «Чырвоны Кастрычнік» у Рэчыцкім раёне. Тут ён жыў, займаўся рамесніцтвам, арганізаваў сваю ганчарную вытворчасць, ладзіў фестывалі, творчыя сустрэчы.

Амаль 15 гадоў таму Кірыл удзельнічаў у падарожжы «З табурэткай да акіяна» — тады некалькі чалавек аўтаспынам аб’ехалі палову свету.