Размова з пісьменніцай выйшла на канале Columbus Post журналісткі Ксеніі Галубовіч.

«Калі я даведалася пра хваробу — знішчыла чарнавік новай кнігі, усё пазнішчала. У мяне цяпер увогуле мінулага няма, няма вялікай колькасці рэчаў.

Я, відаць, адчувала, што хворая. Як ішла ў адпачынак напрыканцы красавіка — пачала прыбіраць усё на працы. Вышаравала свой стол так, каб не было нічога арганічнага, каб не сапсавалася. І тое самае зрабіла з хатай пасля дыягназу — як толькі стала на ногі, пачысціла, каб не пакідаць па сабе след.

Я бачыла многа слядоў па мёртвых людзях, і мне гэта зусім не спадабалася. Лічу, што сыходзіць трэба экалагічна.

Што да кнігі — да новай вярнуся. Аднак хачу пісаць кнігу на задавальненні, калі ты чымсьці захоплены. А тыя кнігі пісаліся на вельмі змрочным настроі. Таму што цяжка перажыць столькі гістарычных траўмаў», — расказала пісьменніца.

Ева Вежнавец, сапраўднае імя Святлана Курс — беларуская пісьменніца, журналістка. У 2021 годзе уганаравана Прэміяй Ежы Гедройца за найлепшую кнігу прозы на беларускай мове за кнігу «Па што ідзеш, воўча?».