Мурал, створаны на фестывалі Vulica Brasil, знік са сцяны будынка на праспекце Машэрава, 9.

Па словах чыноўнікаў з адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска, тынкоўку знялі падчас мадэрнізацыі. Там, дзе раней бурліла культурніцкае жыццё, зараз строгі цагляны будынак з новымі вокнамі.

«Шчыра кажучы, у мяне знікненне мурала і фактычна знікненне будынка „Корпуса“ (таму што яго перабудавалі грунтоўна ад каркаса) выклікае толькі палягчэнне. Мне вось усе гэтыя пяць гадоў, пакуль „Корпуса“ няма, было неяк няёмка, што стаіць будынак з гэтым муралам, з якім звязана наша дзейнасць і з якім звязаныя вельмі крутыя, насычаныя часы. Для тых, хто застаецца, гэта было такім сумным напамінам пра згубленыя добрыя часы», — распавёў CityDog.io былы арт-дырэктар культ.цэнтра Папа Бо.