Класіфікаваць арт-рэзідэнцыі – задача з зорачкай, таму што амаль кожную з іх можна параўнаць са слаёным пірагом, дзе кожны слой указвае на важныя асаблівасці яе зместу. У аснове гэтага гайда ляжыць класіфікацыя, апісаная ва ўжо згаданым Даведніку па арт-рэзідэнцыях для полісі-мейкераў ЕС, аднак тут я дадаю ёй сваю інтэрпрэтацыю, вылучаючы ўзроўні-тыпы, што могуць суіснаваць у адной і той жа арт-рэзідэнцыі.
Арт-рэзідэнцыі ў залежнасці ад таго, кім яны арганізуюцца
Ствараючы рэзідэнцыйныя праграмы, іх арганізатары звычайна маюць два фокусы ўвагі: альбо на чыстае мастацкае развіццё творцы ці арт-групы, альбо на адмыслова вызначаную мэту ці павестку – апошнія называюць тэматычнымі рэзідэнцыямі. Пра іх – ніжэй, тут жа спынімся на арганізатарах рэзідэнцый.
«Класічная» мадэль рэзідэнцыі
Гэта самы «чысты» тып – калі з мэтай арганізацыі рэзідэнцыйных праграм для творцаў утвараецца цэлая асобная інстытуцыя. Такія ўстановы часта маюць устойлівую і моцную рэпутацыю ў свеце мастацтва, паколькі робяцца заўважнымі цэнтрамі для мастацкіх і творчых сустрэч і абмену. Як следства, ва ўсім свеце і ў Еўропе ўрады і фонды ахвотна інвестуюць у падобныя рэзідэнцыйныя ўстановы.
Уся іх дзейнасць прысвячаецца развіццю мастакоў і/або развіццю мастацкай творчасці, таму рэзідэнты часта могуць разлічваць на візіты куратараў, праграмных менеджараў іншых інстытуцый і калекцыянераў, прыцягнутых рэпутацыяй установы альбо запрошаных у адпаведнасці з профілем артыста. Часта такія інстытуцыі прапануюць таксама суправаджальную публічную праграму: выставы, адчыненыя дзверы, сустрэчы, кафэ і г. д.
Фота: Nikola Djakovic, Перфоманс Neda Kovinic
Akademie Schloss Solitude – гэта міжнародная праграма Artist-in-Residence ў Штутгарце, Германія, якая падтрымала каля 1700 маладых мастакоў з больш за 120 краін з моманту адкрыцця ў 1990 годзе. Назва Akademie Schloss Solitude аб'ядноўвае веру ў мастацкі, навуковы абмен з паняццем прытулку. Для Akademie Schloss Solitude вельмі важна, каб стыпендыяты ўсіх дысцыплін маглі працаваць і даследаваць без штодзённага ціску і тэрмінаў прэзентацый. Паралельна, Akademie прапануе магчымасці камунікацыі і прэзентацыі праектаў грамадскасці, у тым ліку працуючы на іх міжнародную бачнасць.
Рэзідэнцыі пры мастацкіх установах і фестывалях
У гэтым выпадку рэзідэнцыі могуць існаваць у цэнтры сучаснага мастацтва або іншай культурніцкай ўстанове і такім чынам атрымліваюць прамыя ці ўскосныя бенефіты ад блізкасці да актыўнага мастацкага асяроддзя – з яго прафесійным кіраўніцтвам, прасоўваннем, сталай аўдыторыяй і зацікаўленымі наведвальнікамі і ўдзельнікамі.
Каб падтрымаць беларускіх, а потым і ўкраінскіх творчых дзеячаў за апошнія 2-3 гады, многія культурніцкія ўстановы Польшчы і, у прыватнасці, Варшавы прапанавалі свае адмысловыя праграмы арт-рэзідэнцый: Тэатральны Інстытут імя З. Рашэўскага праз адкрытыя і закрытыя наборы дагэтуль арганізуе рэзідэндыі для беларускіх тэатралаў, даючы ім магчымасць цягам 1-3 месяцаў падрыхтаваць свае тэатральныя праекты, эцюды, практычныя заняткі. Ужо некалькі год існуе Лабараторыя A-I-R у Цэнтры сучаснага мастацтва «Уяздоўскі замак» у Варшаве з міжнароднай праграмай, адмысловыя месцы для рэзідэнтаў падтрымліваюць Дамы культуры Środmiejście i Staromiejski, Новы Тэатр, Музей сучаснага мастацтва і многія іншыя.
Фота: праект Vanishing Points з рэзідэнцыі Уяздоўскага замка
Рэзідэнцыі, арганізаваныя мастацкімі дзеячамі
Створаныя выбітнымі прафесіяналамі ў той ці іншай галіне мастацтва, гэтыя рэзідэнцыі ўвасабляюць каштоўнасці, эстэтыку і іншыя адметнасці іх заснавальнікаў і заснавальніц – індывідуальных ці групавых. Іх каманды вар'іруюцца ад невялічкіх арганізацый пад кіраўніцтвам асобных творцаў – да арганізацый, што з'яўляюцца важным звяном мясцовай арт-сцэны. Дзякуючы сувязі з вядомай асобай і «сістэмай каардынат» сваіх фаўндараў, гэтыя рэзідэнцыі часта маюць выразны профіль і факусуюцца на пэўным мастацкім сектары ці прафесійнай сетцы.
Тут жа ўзгадаем «самаарганізаваныя» арт-рэзідэнцыі – тыя, што узнікаюць на аснове гарызантальных сувязяў мастакоў, як ініцятыва супольнасці роўных.
Фота: Рэзідэнцыйны праект Trizavisim у DDC, 2015, www.derida-dance.com
Derida Dance Centre – cамастойная культурная адзінка ў Сафіі. Гэта адзіная арганізацыя ў Балгарыі, якая праз праграму рэзідэнцый дае ўмовы прадстаўнікам сектара незалежнага мастацтва ў галіне сучаснага танца, тэатра і міждысцыплінарнага мастацтва для павышэння іх прафесійнага развіцця, ажыццяўлення прадзюсарскай дзейнасці і прадстаўлення сваёй прадукцыі.
© Фонд Піны Баўш; Фатограф Вальтэр Фогель
Фонд Піны Баўш, знакамітай візіянеркі ў сучасным танцы, разам з Фондам мастацтваў Паўночнага Рэйна-Вестфалі з 2016 года штогод прапануе праграму стыпендый The Pina Bausch Fellowship. Яна рэалізуецца ў межах праграмы Finding Language for Life («Шукаючы мову для жыцця») і паслядоўна транслюе крэда Піны Баўш праз дапамогу талентавітым танцорам і харэографам. Кожная стыпендыя працягласцю да 3 месяцаў распрацоўваецца выключна заяўнікамі і вылучанымі ім ментарамі.
Арт-рэзідэнцыі паводле стаўлення да працэсу і выніку
Тэматычныя рэзідэнцыі ахопліваюць самыя розныя падыходы, але аб'ядноўвае іх тое, што мэта рэзідэнцыі – не толькі і не столькі індывідуальнае мастацкае развіццё, Вялікае значэнне мае ўнёсак у агульную тэму, які здольны даць удзельнік ці ўдзельніца рэзідэнцыі. Часта тэматыка можа весці да прызнання пэўнай спадчыны ці ідэнтычнасці, альбо, скажам, да абмеркавання грамадска-палітычнай павесткі. Па досведзе публікацыі оўпэнколаў у sekktor, большасць рэзідэнцый можна аднесці да гэтай групы.
Колькасць тэматычных рэзідэнцый значна вырасла за апошнія гады, маючы арганізатараў як з вузкамастацкіх сфер, так і старонніх. Ёсць меркаванне, што гэта можа быць доказам росту прызнання каштоўнасці патэнцыялу мастацтва і творчасці ў грамадстве.
Даследчыя рэзідэнцыі
Тут досвед рэзідэнцыі ў першую чаргу будуецца на працэсе даследаванняў. Артысты часам ствараюць рашэнні і альтэрнатыўныя падыходы да праблемы, якая выяўляецца ў выніку самога гэтага даследавання. Даследчыя рэзідэнцыі значна адрозніваюцца ад тэматычных больш блізкімі адносінамі творцаў да людзей і месцаў, з якімі і ўнутры якіх яны працуюць.
Мастачка Jeanne van Heeswijk (Нідэрланды) стварае рэзідэнцыйныя праекты, зыходзячы з ідэі, што супольнасці павінны разам ствараць сваю ўласную будучыню. На працягу многіх гадоў яна працуе з супольнасцямі ад Ратэрдама да Ліверпуля, каб палепшыць іх раёны і даць ім магчымасць ствараць уласныя канцэпты будучыні. Яна называе гэта «радыкалізацыяй мясцовага».
Трэнінг XI: Праектаванне інклюзіўных прастор, BAK, Утрэхт. Фота: Том Янсен
Вытворчыя рэзідэнцыі
Вось дзе распрацоўка і практычная рэалізацыя ідэі ці праекта з'яўляецца галоўнай мэтай. Арганізацыя прапануе ўмовы, матэрыялы, абсталяванне і ноу-хау. Гэта блізка да замоваў творцам канкрэтных твораў, але тут і сам працэс ацэньваецца як пэўны вынік. Многія рэзідэнцыі па асобных дысцыплінах адносяцца да гэтай катэгорыі.
Беларускім літаратам будзе вядомы Балтыйскі цэнтр пісьменнікаў і перакладчыкаў у горадзе Вісбю на шведскім востраве Готланд. Гэта міжнародны рэзідэнцыйны цэнтр пісьменнікаў і літаратурных перакладчыкаў, які час ад часу мае прапановы і для беларускіх аўтараў. Цэнтр дзейнічае як месца працы над матэрыялам, а таксама арганізуе сустрэчы літаратурных прафесіяналаў, міжнародныя семінары, чытанні і іншыя праекты.
І яшчэ некалькі фарматаў рэзідэнцый
Міждысцыплінарныя і міжсектаральныя
Такія рэзідэнцыі могуць прымаць мастакоў, якія працуюць з разнастайнымі сродкамі (медыя), у розных дысцыплінах і галінах мастацтва. Міждысцыплінарнасць – трэнд, укаранёны ў будучыню: як мастакі, так і гаспадары рэзідэнцыі ўсё часцей шукаюць магчымасці супрацы з партнёрамі з іншых сектараў па-за межамі свету мастацтва.
Музейны інкубатар New Inc (Нью-Ёрк, ЗША) – гэта інкубатар для людзей, якія працуюць на стыку мастацтва, дызайну і тэхналогій. Праграма NEW INC імкнецца дапамагаць творчым практыкам у розных дысцыплінах распрацоўваць устойлівыя бізнес-мадэлі. Навучальны план уключае семінары, панэльныя дыскусіі, запрошаных выступоўцаў, ментарскую падтрымку, грамадскія мерапрыемствы і працоўныя праектныя групы.
Рэальныя, віртуальныя і гібрыдныя
Пандэмія COVID19 пакінула ў спадчыну віртуальныя, альбо анлайн-рэзідэнцыі. За 2022 год у чыстым выглядзе яны склалі крыху больш за 6,5% рэзідэнцый, паводле падлікаў сеткі On-the-Move, рэзка даказаўшы прыярытэтную каштоўнасць працы ўжывую. Аднак «дыгітальны складнік» інтэгруецца ў планаванне (і прадмет працы) мноства AiR-праграм, якія могуць утрымліваць шматэтапнасць арт-вытворчасці, альбо замежную экспертызу, рэалізацыю арт-працэсу ў розных краінах адначасова і, канечне, стварэнне віртуальных галерэй. Іншымі словамі, спалучэнне анлайну і афлайну прадказальна не абмінула і рэзідэнцыйныя праграмы.
Яшчэ з 2017 года Штутгарцкая Akademie Schloss Solitude і Цэнтр мастацтва і медыя ZKM Карлсруэ тройчы на год ладзяць «Вэб-рэзідэнцыі». Мастакам прапануецца паэксперыментаваць з лічбавымі тэхналогіямі і формамі дыджытал-мастацтва і камунікацый. Гэты фармат імкнуўся да дэцэнтралізаванай і міжнароднай дыскусіі на тэмы, зададзеныя запрошанымі куратарамі ад digital arts, інтэрнэт-культуры, тэхналогій і грамадства.
Па працягласці:
Тэрміны рэзідэнцый могуць адрознівацца ў залежнасці ад відаў мастацтва і запрошаных творцаў. Індывідуальныя творцы, якія працуюць, скажам, у візуальных мастацтвах альбо літаратуры, часта зацікаўленыя ў больш працяглых тэрмінах, а творцы з калектыўных відаў мастацтва, такіх, як танец і тэатр, часцей аддаюць перавагу больш кароткім перыядам. Агулам у апошнія гады назіраецца тэндэнцыя праводзіць у рэзідэнцыях менш часу.
Калі раней былі больш распаўсюджанымі рэзідэнцыі працягласцю ад 6 да 12 месяцаў, то зараз часцей – у 3 месяцы, некалькі тыдняў ці нават да аднадзённых рэзідэнцый. Гэта тлумачыцца сучаснымі эканамічнымі рэаліямі, а ў выпадку замежных мастакоў – тым фактам, што іміграцыйныя і візавыя правілы дазваляюць да 3 месяцаў часовага знаходжання ў адной краіне ЕС.
Самая хуткая з вядомых рэзідэнцый доўжыцца ўсяго 6 гадзін і мае адпаведную назву – The 360 Minute Creative Residency (ва ўмовах самаізаляцыі 2020-га яна скарацілася да 360 секунд і праходзіла анлайн). Яе арганізатары – творчае кам’юніці з Нью-Ёрка Holes in the wall – вырашылі выкарыстаць у якасці прасторы для рэзідэнцыі ўвесь горад і ўсе магчымыя праявы творчасці. Па механіцы фармат нагадвае Tinder: за 6 гадзін у пары з падабраным вам творцам іншага жанру трэба стварыць новы твор мастацтва.
Фота: Holes in the Wall Collective Archive
Платныя і бясплатныя
Усе «бізнес-мадэлі» арт-рэзідэнцый можна спрасціць да гэтага простага крытэру ўдзелу: альбо трэба часткова ці цалкам аплаціць свой «доступ» (часта – без конкурснага адбору), альбо ўдзел бясплатны і на конкурснай аснове. У sekktor мы робім прыярытэт публікацыі апошніх – fully funded residencies. З арганізацыйнага пункту гледжання, рэзідэнцыі могуць ладзіцца з любым наяўным пакетам рэсурсаў (у нашых шыротах усё можа пачацца з даступнага лецішча), з грантавай і без грантавай падтрымкі. Платнасць можа быць і пэўным фільтрам, які вызначае не столькі статус апліканта на праграму, колькі яго матывацыю. Аднак з платнымі варта быць дадаткова асцярожнымі і аддаць час на вывучэнне водгукаў папярэдніх удзельнікаў і ўдзельніц.
У наступным гайдзе мы разбярэм «чэк-ліст» з іншых крокаў у тым, як выбраць і як падрыхтавацца да падачы на запаветную AiR-праграмы.