У фармальнай мастацкай адукацыі Беларусі бракуе выкладання дысцыплін, звязаных з прагматычнымі аспектамі развіцця кар’еры ў сучасным мастацтве: напісаннем праектных прапановаў і канцэптаў, фармаваннем уласнай стратэгіі і канцэпцыі самапрэзентацыі ці супрацы з інстытуцыямі. Што значыць, што адпаведныя веды і навыкі, праактыўнасць і свядомасць вам, верагодна, ужо даводзіцца «дабіраць» самастойна. Добрая навіна ў тым, што падача заявак на рэзідэнцыі можа стаць выдатным і заўсёды актуальным трэнажорам у асэнсаванні вашай кар’ернай стратэгіі і месцы ў сусвеце сучарту. З чаго тут пачаць?
Пастаўце сябе на першае месца
Калі абставіны не вымушаюць, не кідайцеся адразу пісаць заяўкі – толькі б кудысьці патрапіць*. Запішыце і ацаніце свае ўласныя мэты і задачы і ўжо пасля параўнайце іх з цікавымі вам рэзідэнцыямі: ці адпавядае іх прапанова вашым мэтам? Задайце сабе «праверачныя» пытанні: «На якім этапе кар'еры я знаходжуся? Якім я бачу свой будучы шлях? Ці хачу я працаваць у калектыве ці засяродзіцца на сваім бачанні і ўласным праекце? Ці хачу (гатовы) я працаваць у зусім новым асяроддзі ці буду шукаць студыю ў сваім горадзе, каб жыць дома?».
Не спрабуйце трапіць у рэзідэнцыю, якая не адпавядае вашай катэгорыі: вы не проста дарэмна выдаткуеце час на заяўку – гэтая рэзідэнцыя проста не зможа вам дапамагчы. Сёння міжнародная інфраструктура мастацтва настолькі вялікая, што AiR-праграмы адмыслова абмяжоўваюць «выбарку», каб быць карыснымі менавіта творцам з іх вузкай нішы.
*У абставінах асабістага ці знешняга крызісу і турбулентнасці любое дзеянне мае больш шанцаў стаць паваротнай магчымасцю, чым бяздзеянне. У sekktor год таму мы публікавалі кейс Лены Рабкінай, на той момант, фатографкі на самым старце кар’еры, якая ўзялася за напісанне заявак на ўсе праграмы рэзідэнцый, якія, увага, усё ж адпавядалі яе інтарэсам – аднак не досведу. Яна падыйшла да задачы як да працы на поўную стаўку – і як вынік напісання цэлымі днямі першых заявак, яна за некалькі месяцаў паехала на тры першыя вялікія міжнародныя праграмы, якія дазволілі ёй канструктыўна выкарыстаць неспрыяльны час на творчасць, навучанне і міжнародны абмен з іншымі творцамі. Зараз Лена працягвае працаваць па праграмах рэзідэнцый, вандруючы па краінах Еўропы і набіраючы партфоліа грамадскаарыентаваных арт-праектаў.
Таксама пашукайце, хто быў у рэзідэнцыі да вас. Наколькі вы адпавядаеце гэтым творцам па ўзросце? Ці падобныя іх працы на тое, чым вы займаецеся? На якім этапе сваёй кар'еры яны знаходзіліся: пачаткоўцы ці ўжо сталыя? Часта рэзідэнцыі арыентуюцца менавіта на творцаў пэўнага тыпу.
Інвестуйце ў самапрэзентацыю
Каб падрыхтаваць заяўку як на рэзідэнцыі, так і на многія іншыя прафесійныя магчымасці сферы мастацтва, вам неабходна мець тыповы мінімальны пакет дакументаў:
- CV, альбо рэзюме. У еўрапейскай практыцы пад ім разумеецца кароткі (1-2 старонкі) дакумент з апісаннем у адваротнай храналогіі вашых асноўных прафесійных дасягненняў у сферы мастацтва: адпаведная адукацыя, праца, выставы (як асабістыя, так і групавыя), узнагароды, публікацыі. Гэта дакумент з даволі фармальнай структурай, таму тут можна нагугліць класічныя прыклады альбо скарыстацца анлайн-канструктарамі CV, з якіх зручна генераваць PDF-файлы: Zety.com ці нават LinkedIn. Калі ў вас некалькі прафесійных «роляў», то з гнуткай рэпрэзентацыяй досведу добра спраўляецца адзін з першых і самых вядомых сервісаў – Europass CV. У ім, акрамя іншага, зручна хаваць «лішнюю» інфармацыю ў залежнасці ад таго, куды вы плануеце адправіць заяўку.
- Artist biography – мастацкая біяграфія. Арганізатары праграм могуць прасіць кароткую (да 150 словаў) альбо поўную (праўда, і тут лепш «упісацца» ў 2 старонкі) біяграфію. Гэта наратыўны тэкст, дзе ў храналагічным парадку і ў 3-яй асобе вам неабходна апісаць гісторыю свайго мастацкага шляху – ад дзяцінства па сённяшні дзень. Надайце асобную ўвагу падзеям, якія паўплывалі на вашу эстэтыку і мастацкі стыль, нават (ці асабліва), калі гэта былі складаныя моманты вашага жыцця.
- Artist statement, альбо мастацкі маніфест. Гэта кароткі тэкст (100-150 словаў), задача якога – адказаць на пытанні, «Што? Як? Чаму?» вы робіце тое мастацтва, якое робіце. Гэта вельмі псіхатэрапеўтычны дакумент, само напісанне якога карысна, каб шчыра ўбачыць свае матывы, прынцыпы і адметнасць. Каб як мінімум натрэнераваць разуменне самога жанру мастацкага маніфесту, скарыстайцеся дапамогай… штучнага інтэлекту: нават даволі просты Artist statement Generator на аснове ключавых словаў пра вашу творчасць сфармуе маніфесты ў розных інтанацыях – ад фармальнай да total bullshit (па іроніі, у гэтай катэгорыі складаюцца лепшыя варыянты).
- Portfolio – парфтоліа. Кульмінацыйны і ў большасці выпадкаў самы важны для прыняцця рашэння пункт у спісе. Задача партфоліа – паказаць найлепшыя працы мастака альбо прадставіць канкрэтны (экспазіцыйны) праект. Партфоліа складаецца са скарочанай біяграфіі і CV, мастацкага маніфесту і калекцыі лепшых прац (паслядоўнасць гэтых частак можа быць рознай). Велізарную ролю граюць афармленне і лаканічнасць, таму паміж перфекцыянізмам і мінімалізмам абірайце добра аформлены мінімалізм. Аптымальнай колькасцю прац лічыцца 10, але вельмі залежыць. Калі вы маеце шматгадовы мастацкі досвед, можна выбіраць творы апошніх год, альбо тыя, што найлепш рэпрэзентуюць адметнасці стылю ці перыядаў творчасці. І канешне, звярніце ўвагу, што многія арганізатары арт-рэзідэнцый маюць свае патрабаванні да партфоліа.
Проза жыцця ў тым, што версій дакументаў з гэтага спісу ў вас назбіраецца мноства, паколькі рэкамендуецца адаптоўваць іх пад канкрэтную магчымасць. Больш за тое, таксама вам могуць спатрэбіцца: рэгістрацыйная анкета, праектная заяўка плюс бюджэт, матывацыйны (суправаджальны) ліст. Падача заявак – гэта пуць не без болю, і каб найхутчэй дасягнуць фазы прыняцця, знайдзіце магчымасць прайсці нават самы базавы курс па фандрайзінгу – так вы хутчэй пазбавіцеся мноства тыповых памылак у апісанні сваіх ідэй у праектнай логіцы і даволі тэхнічнай лексіцы. Праўда, адзначу, што ў падачы менавіта на рэзідэнцыі фармальную мову варта збалансоўваць жывым асабістым тлумачэннем матывацыі. Абгрунтоўваючы матывацыю, шчыра (і без «вады») пішыце, напрыклад, што ў вас паваротны момант у кар’еры, альбо праект мае канкрэтныя тэрміны ці інфанагоды з бягучага кантэксту.
Кансультуйцеся з дасведачанымі калегамі па арт-супольнасці
А іх сярод беларусаў немала! Уласна, у аснове прапанаванай інструкцыі па пакеце неабходных дакументаў – мініканспект нядаўняй лекцыі куратаркі Вольгі Кліп па партфоліа менеджменце. Зараз Вольга набірае новую групу на адпаведны мінікурс, асноўную тэорыю хутка можна будзе «падвучыць» на sekktor. Індывідуальна кансультуе па пытаннях кар’еры ў мастацтве беларускі мастак і аўтар Аляксей Талстоў. Сваю адукайцыную базу па тэме прапануе «Амбасада культуры» на сайце рэзідэнцыйнай праграмы PerspAktiv, рэалізаванай імі супольна з шэрагам партнёраў, за дзейнасцю якіх, дарэчы, варта сачыць.
Стратэгія ўласнага прафесійнага прасоўвання ў свеце мастацтва – асобная і комплексная тэма. Але калі набыць сістэмныя веды магчымасцяў не бачна, ёсць базавая парада: назапашвайце нагледжанасць за анлайн-прадстаўленасцю іншых творчых дзеячаў.
Можна адзначыць цэльнасць і паслядоўнасць самапрэзентацыі мультыдысцыплінарнай мастачкі Дашы Цемры, якія можна назіраць па яе сайце, профілю ў Instagram і партфоліа, промароліках для экспазіцыйных праектаў. І нават па кожным выхадзе у публічнасць, што выдатна падтрымлівае яе адметнасць як мастачкі, што камбінуе мастацкія сродкі ад жывапісу да перформансу.
Памятайце, што вы ўсталёўваеце стасункі – найперш з людзьмі, а не інстытуцыямі
Як аўтарка мікрамедыя, дзе асноўны кантэнт – оўпэнколы менавіта на рэзідэнцыі, я не магу не пацвердзіць базавае правіла: уважліва чытайце тэкст абвесткі – там, як у добрым пытанні, ёсць палова адказаў і лепшыя падказкі. У ідэале – вывучце профіль рэзідэнцыі, канкрэтных яе арганізатараў і куратараў, калі ёсць, тэмы і папярэднія наборы – нават пры змене акцэнтаў кожны год, звычайна прасочваецца сістэма прыярытэтаў у ацэнцы заявак.
Пры гэтым на практыцы асабістыя кантакты граюць не апошнюю ролю. Як многія праграмы падтрымкі агулам, кожная рэзідэнцыя схільная мінімізаваць свае рызыкі. Таму знаёмства з супрацоўнікамі ці нават папярэднімі ўдзельнікамі рэзідэнцыі грае вялікую ролю: арганізацыі лягчэй даверыцца чалавеку, пра (адэкватнасць) якога нешта ўжо вядома.
Карысна патэлефанаваць ці звязацца па пазначаных кантактах, апісаць свой праект супрацоўнікам і спытаць, ці пасуе ён у прынцыпе. Гэта зберажэ ваш час, і вы не сутыкнецеся з непрыемнай сітуацыяй, калі працу адхіляюць, напрыклад, з-за тэхнічнай немагчымасці яе рэалізаваць, што з інструкцыі не відавочна.
Ёсць сэнс і падавацца на адну і тую ж рэзідэнцыю, якая вас захапляе, некалькі разоў, нават калі ў мінулы вас не ўзялі. Па-першае, ваша імя могуць запомніць і пачаць пазнаваць. Па-другое, могуць змяніцца абставіны, а значыць, і прыярытэты. Акрамя таго, рэзідэнцыі часта запрашаюць для ацэнкі заявак новых куратараў, і тыя могуць убачыць ваш праект праз сваю сістэму каштоўнасцяў, этыку і густ.
Разгледзьце альтэрнатывы класічным рэзідэнцыям
Напрыклад, звярніце ўвагу на карпаратыўныя рэзідэнцыі. Буйныя, зазвычай тэхналагічныя, карпарацыі таксама сталі ладзіць арт-рэзідэнцыі. У 2005-м Марк Цукерберг запрасіў мастака Дэвіда Чоэ выканаць некалькі насценных роспісаў у офісе кампаніі ў абмен на пакет яе акцый. З 2012 года Facebook ужо рэгулярна запрашае творцаў папрацаваць у розных філіялах і наняла для гэтага каманду куратараў. Для замоўцы ў гэтым шмат пераваг: мастак пераўтворыць прастору, стварае творчую атмасферу для супрацоўнікаў, транслюе такія каштоўнасці кампаніі, як наватарства і схільнасць да эксперыментаў. Акрамя таго, у супрацоўнікаў узнікае магчымасць увесь час назіраць, як працуе мастак. Мастакі-рэзідэнты пры гэтым могуць інтэграваць свой праект (ад жывапісу да перформансу) у працу кампаніі.
Добрай ідэяй будзе таксама сачыць за кампаніямі, якія займаюцца вытворчасцю тэхналагічных інструментаў і платформ для дызайнераў і творцаў. У 2017 годзе Google збіраў мастакоў, мультыплікатараў, дызайнераў і нават танцораў, каб патэсціць Tilt Brush – новы інструмент для стварэння 3D-малюнкаў у віртуальнай рэальнасці.
Мастак Брэдлі Тэадор выкарыстоўвае HTC Vive і Google Tilt Brush. Аўтар: Google
https://www.youtube.com/watch?v=LBJPIgNXUDI
Вы можаце сказаць, што гэта прыклады з іншай рэчаіснасці, але ўжо іх можна выкарыстоўваць для фармавання нашай – прапануючы праекты падобных арт-рэзідэнцыі знізу. Калі вы самі ці хтосьці з вашых знаёмых дастаткова праактыўны, каб прапанаваць ідэю рэзідэнцый пэўнай кампаніі, чые прастора, прадукты альбо карпаратыўная культура вам падабаецца, то абавязкова спрабуйце! Гэта будзе добрым лакальным прэцэдэнтам рэстарту супрацы дзеячаў культуры з бізнес-партнёрамі.
Падайце заяўку на… сваю ўласную рэзідэнцыю
Калі гара не ідзе да Магамета, то арганізуйце арт-рэзідэнцыю самі – асабліва, калі вы гарыце нейкай ідэяй, маеце сваю мастацкую супольнасць і напрацавалі пэўны сацыяльны капітал. А для пошуку фінансавага капіталу зараз выключна спрыяльныя часы: для донарскіх інстытуцый арт-рэзідэнцыя можа быць прывабным фарматам працы з самымі рознымі і асабліва ўразлівымі групамі, альбо на тэмы, якія могуць якасна паўплываць на грамадскі дыскурс, супрацьстаяць пашырэнню дэзынфармацыі, прасунуць новыя наратывы ў шырокіх грамадскіх колах. У краінах ЕС не менш значны прыярытэт – прыцягненне ўвагі да экалагічнай павесткі. Падкрэслю, што праекты на гэтыя і падобныя тэматыкі зараз вельмі чакаюцца ад дзеячаў мастацтва і культуры ў большасці конкурсах грантаў, а рэзідэнцыі як па сутнасці творчыя лабараторыі і інкубатары здольныя паскорыць стварэнне арт-праектаў, якія робяць свет крыху лепшым.
Аб’ектыўна, арганізацыя ўласнай рэзідэцыі – тэма для асобнай серыі гайдаў. Гэтую ж у наступным тэксце мы завершым аглядам платформ і крыніц інфармацыі пра праграмы інстытуцыйнай падтрымкі для мабільнасці творцаў, каб вы маглі шукаць такія магчымасці самастойна.