«Калі вы ведаеце, што вы робіце, ваш зашыфраваны бэкап можна наўпрост у КДБ даслаць, і ніхто яго не прачытае». Запусціўся бясплатны беларускі сэрвіс рэзервовага капіявання ArchiveByNet
Беларускія культурніцкія, медыйныя і даследчыя праекты сутыкаюцца з сур’ёзным выклікам: як захаваць свае напрацоўкі і ўнікальны кантэнт, калі бракуе рэсурсаў на складаную і дарагую архіўную інфраструктуру? Журналіст sekktor.online пагутарыў Іванам Бахціным з Клуба беларускіх мецэнатаў, які ўласнаруч стварыў ArchiveByNet — бясплатны сэрвіс рэзервовага капіявання.
Праект прапануе ініцыятывам зрабіць дадатковую копію сайтаў, баз дадзеных, PDF, аўдыё, відэа і іншых файлаў у бяспечным воблачным сховішчы.
Сэрвіс працуе ў анлайн-фармаце і арыентаваны на медыя, даследчыкаў, даследчыц і культурныя ініцыятывы, якія ствараюць унікальны кантэнт.
Атрымаць можна каля 100 GB на праект бясплатна (большы аб'ём або рэгулярнае стварэнне рэзервовых копій — па дамоўленасці).
Гэта не публічны архіў і не замена папулярнаму archive.org, кажа каманда праекта. Доступ да файлаў застаецца выключна ў вашай ініцыятывы. Падача заявак бестэрміновая.
— Іван, якую сістэмную патрэбу вырашае ваш праект? Чаму кропкавае захаванне файлаў на асабістых жорсткіх дысках або звычайных Гугл-дысках ужо не працуе для беларускага сектара?
— Любое дадатковае захаваньне лепш за нічога, і асабістыя жорсткія дыскі і файлавыя сховішчы ўжо добры пачатак. Для бэкапаў ёсьць папулярнае правіла “3-2-1”: мець 3 копіі агулам (арыгінал + дзьве дадатковыя), захоўваць іх на 2-х розных тыпах носьбітаў, і мець адну копію ў фізычна далёкім месцы ад іншых (на выпадак пажару ці яшчэ чаго). Мець добрыя бэкапы, відавочна, можна і бяз нас, але ArchiveByNet – гэта просты і бясплатны варыянт мець дадатковую копію, у воблаку, хутчэй за ўсё ня там, дзе знаходзіцца ваш праект.
— Ці сутыкаліся вы з прэцэдэнтамі, калі беларускія ініцыятывы цалкам знікалі з лічбавай прасторы? Ці стаў нейкі канкрэтны выпадак штуршком для стварэння сэрвісу?
— На жаль, так, пэрыядычна я сутыкаюся з спасылкамі на сайты, якія цяпер не існуюць. Ёсьць розныя прычыны на гэта: недзе людзям самім становіцца ня так цікавы іх праект, недзе ён забываецца за іншымі клопатамі нашага часу; здараецца, што аўтар праекту памірае, і не застаецца каму падтрымліваць яго далей. Не магу сказаць, што нейкі канкрэтны выпадак стаў штуршком, проста неяк накапілася гэтая думка, маўляў, «Ды як жа ж так?». Як прыклад, я згадваю letapis.by, дзе была прыгожая анімаваная стужка часу гісторыі нашых зямель, а цяпер яе няма.
— Чаму вы асабіста ўзяліся за стварэнне гэтага праекта і ўклаліся часам і грашыма?
— Думаю, таму што мог. Я, на жаль, не магу захаваць гістарычныя будынкі ці помнікі ў Беларусі. А дапамагчы захоўваць лічбавую спадчыну — магу.
Магчыма, гэта мая пэрсанальная схільнасьць: я дужа не люблю губляць дадзеныя. Я нядаўна знайшоў у сябе нават экспартаваныя з старажытных кнопачных тэлефонаў гісторыі смс паведамленьняў, з тых часоў, калі людзі яшчэ перапісваліся праз смс.
— Ці гатовыя вы падтрымліваць гэты праект праз год, тры ці пяць гадоў, калі аб'ёмы дадзеных значна вырастуць?
— Я асабіста — так. Але, думаю, галоўнае, чаму вучаць гісторыі зьніклых праектаў, гэта тое, што, каб праект жыў, ён ня можа абапірацца на аднаго ці пару людзей. Ён мусіць быць інстытутам, які жыве незалежна ад людзей, што прыходзяць і сыходзяць. Дарасьціць ArchiveByNet да інстытуту – гэта мая мара і мэта.
Наколькі вырастуць аб'ёмы дадзеных для захаваньня – гэта добрае пытаньне. З аднаго боку, архіўнае сховішча ў воблаку даволі таннае, зь іншага – розных цікавых матэрыялаў і архіваў дужа багата. Захоўваць дадзеныя можна і яшчэ таньней, чым гэта зроблена цяпер, праект будзе эвалюцыянаваць разам з патрэбамі.
— Як гарантуецца бяспека захаваных дадзеных? Дзе фізічна знаходзяцца серверы і хто мае адміністратарскі доступ да сховішчаў?
— На дадзеным этапе праект факусуецца на захаваньні бэкапаў рэсурсаў, якія і так публічныя. Тым ня менш, акрамя схільнасьці да захаваньня, я маю схільнасьць і да параноі, таму раблю ўсё, што ведаю, каб доступ да бэкапаў быў толькі ў саміх уласьнікаў праектаў. Адміністратарскі доступ, акрамя мяне, маюць яшчэ два чалавекі. Фізычна для захаваньня выкарыстоўваюцца сэрверы AWS у Эўропе.
— Як архіў абаронены ад патэнцыйных кібератак або спробаў атрымаць доступ ад сілавікоў?
— У праекце агулам, і для абароны ў прыватнасьці, выкарыстоўваюцца максымальна стандартныя інструмэнты і падходы. Патэнцыйныя атакі могуць быць таксама тыповымі. DDoS можа зрабіць рэсурс часова недасяжным. І я бы прадказаў, што, калі на праект адбудзецца пасьпяховая атака, яна імаверней будзе зьвязаная зь людзьмі, а не з тэхналёгіямі.
Паўтаруся, на дадзеным этапе праект скіраваны на дадатковае захаваньне і так публічных дадзеных. Груба кажучы, тут і красьці няма чаго.
З практычнага пункту гледжаньня, адчувальныя дадзеныя ўсё ж можна захоўваць, але толькі ў зашыфраваным самім карыстальнікам выглядзе. Калі вы ведаеце, што вы робіце, вы разумееце, што ваш зашыфраваны бэкап можна наўпрост ў КДБ даслаць, і ніхто яго не прачытае. Калі вы ня ўпэўненыя, што вы робіце, лепей не захоўвайце адчувальныя дадзеныя ні ў нас, ні ў якіх іншых сэрвісах.
— Ці ёсць у планах магчымасць пры згодзе стваральнікаў і/ці пасля змены палітычнай сітуацыі зрабіць некаторыя з гэтых архіваў публічнымі для даследчыкаў будучыні?
— Самы аптымістычны плян палягае у тым, што глядзець гэтыя бэкапы нікому не спатрэбіцца, бо самі праекты будуць жыць. Але здараецца рознае. Я думаю, сам ArchiveByNet будзе запатрабаваны незалежна ад палітычнай сытуацыі, дадзеныя губляюцца таксама праз шмат іншых прычынаў, акрамя палітычных. Я бы хацеў, пры згодзе аўтараў, аднаўляць праекты і захоўваць іх у публічным доступе, магчыма, у музэйным — толькі для чытаньня — фармаце. Ёсьць рэсурсы, якія ўжо хочацца аднавіць, але ўсё, што ад іх засталося, гэта кавалкі на Wayback Machine ад archive.org ці раскіданыя яшчэ недзе матэрыялы, што патрабуе значна больш часу, чым калі б былі бэкапы.
— Калі ініцыятыва раптам спыніць сваё існаванне або яе каманда страціць сувязь, што будзе з заархіваванымі дадзенымі? Ці прадугледжаны нейкі «пратакол» на такі выпадак?
— Залежыць, наколькі катастрафічная сытуацыя разглядаецца. Калі адначасова зьнікнуць усе адміністратары, то напэўна так, праект памрэ, а ініцыятывы, якія ім карысталіся, пабачаць, чаму важна мець некалькі бэкапаў. Спадзяюся, да гэтага ня дойдзе, мы ўсё ж у розных далёкіх краінах.
Для менш катастрафічных сытуацый фармальнага пратаколу пакуль няма, але вашая праўда: праект мусіць быць больш «інстытуцянальным», і ў гэтым кірунку варта рухацца.
— Можа, вам зараз патрэбна дапамога або партнёрства, каб праект развіваўся?
— На дадзеным этапе найперш важна, каб розныя культурніцкія ініцыятывы даведаліся пра існаваньне такога інструмэнта, дзе можна захаваць дадзеныя і матэрыялы, каб дадаткова абараніць іх ад зьнікненьня.
Яшчэ, на сайце можна заданаціць капейчыну, каб у праекта была большая фінансавая падушка на выпадак чаго.