Creative Innovation Lab 2027 — гранты на інавацыі для кіно, гульняў, музыкі, кніг і музеяў
Creative Innovation Lab — конкурс праграмы Creative Europe (кірунак Cross-sectoral), які праводзіць European Education and Culture Executive Agency (EACEA). Ён фінансуе інавацыйныя інструменты, мадэлі і рашэнні на стыку аўдыявізуальнай сферы, у тым ліку гульняў, з музыкай, кнігамі або музеямі. У 2027 годзе асаблівая ўвага — штучнаму інтэлекту і таму, каб еўрапейскі кантэнт было лягчэй знайсці анлайн.
Для каго:
Юрыдычныя асобы (публічныя і прыватныя), зарэгістраваныя ў краінах — удзельніцах Creative Europe: у краінах ЕС (разам з заморскімі краінамі і тэрыторыямі), а таксама ў краінах ЕЭП і іншых краінах, асацыяваных з праграмай. Акрамя таго, арганізацыя павінна належаць — цалкам або большасцю — грамадзянам(-кам) краін-удзельніц, напрамую або праз іншыя кампаніі. Для кампаній на біржы, калі ўласнікаў(-ніц) немагчыма вызначыць, вырашае краіна біржы. Міжнародныя арганізацыі могуць падавацца незалежна ад краіны.
Можна падавацца адной арганізацыяй або кансорцыумам мінімум з 2 арганізацый. Арганізатары запрашаюць шырокае кола ўдзельнікаў: прыватныя і публічныя арганізацыі, тэхналагічныя кампаніі і стартапы, аўдыявізуальныя, культурныя і крэатыўныя арганізацыі. Асабліва чакаюць бізнес-інкубатары і акселератары.
Не могуць падавацца:
- Фізічныя асобы — акрамя самазанятых, у якіх бізнес не мае асобнай юрыдычнай асобы;
- Органы ЕС;
- Арганізацыі, да якіх ЕС ужывае рэстрыкцыйныя меры.
Фармат:
Праект звычайна доўжыцца да 24 месяцаў; падоўжыць яго можна, калі гэта абгрунтавана. Заяўку можна напісаць на любой афіцыйнай мове ЕС, але рэзюмэ праекта — заўсёды па-англійску; арганізатары настойліва раяць пісаць па-англійску ўсю заяўку.
Што прапануецца:
- Грант пакрывае да 80% прымальных выдаткаў. Максімальнай сумы на праект няма;
- Агульны бюджэт конкурсу — 7 183 502 EUR;
- Частку гранта можна перадаваць іншым арганізацыям у выглядзе грантаў (financial support to third parties) — да 60 000 EUR на аднаго атрымальніка. Больш — толькі калі без гэтага немагчыма дасягнуць мэты праекта і гэта абгрунтавана ў заяўцы.
Што чакаецца ад удзельнікаў(-ц):
- Праект распрацоўвае, развівае або пашырае інавацыйныя інструменты, мадэлі ці рашэнні для аўдыявізуальнай сферы (у тым ліку гульняў) — абавязкова — і мінімум адной з сфер: музыка, кнігі, музеі;
- Заяўка паказвае, як менавіта сферы супрацоўнічаюць, на якіх умовах і што гэта дае кожнай з іх;
- Праект адпавядае адной або некалькім тэмам: віртуальныя светы як новае асяроддзе для прасоўвання еўрапейскага кантэнту і абнаўлення аўдыторыі; інавацыйныя бізнес-інструменты для вытворчасці, фінансавання, распаўсюду або прасоўвання з новымі тэхналогіямі (штучны інтэлект, big data, блокчэйн, віртуальныя светы, NFT і інш.); «зялёныя» практыкі, якія змяншаюць уплыў аўдыявізуальнай і іншых культурных сфер на навакольнае асяроддзе ў духу European Green Deal і New European Bauhaus;
- Сярод бізнес-інструментаў асабліва цікавяць кіраванне правамі і манетызацыя (напрыклад, сумесныя падпіскі на кантэнт розных еўрапейскіх платформаў) з празрыстай і справядлівай аплатай аўтарам(-кам) і артыстам(-кам), а таксама збор і аналіз даных для стварэння кантэнту і развіцця аўдыторыі;
- Заяўка мае стратэгіі экалагічнай устойлівасці, гендарнага балансу, інклюзіі і разнастайнасці.
Асобна ацэньваюць, як праект прыцягвае прыватныя і ўласныя інвестыцыі і ці просіць ён ад ЕС менш за дазволеныя 80%.
Для заяўкі патрэбныя:
- Частка A — адміністрацыйныя звесткі пра ўдзельнікаў і зводны бюджэт (запаўняецца анлайн);
- Частка B — апісанне праекта па шаблоне з сістэмы падачы, да 50 старонак;
- Частка C — дадатковыя даныя пра праект і яго ўнёсак у паказчыкі праграмы (запаўняецца анлайн);
- Declaration on independence and ownership (дэкларацыя пра незалежнасць і ўласнасць) — па шаблоне з сістэмы падачы.
Як падавацца:
Толькі праз сістэму падачы на EU Funding & Tenders Portal — праз старонку конкурсу CREA-CROSS-2027-INNOVLAB. Да падачы ўсім удзельнікам трэба стварыць рахунак EU Login і зарэгістраваць арганізацыю ў Participant Register, каб атрымаць 9-значны код PIC.
Адбор:
Заяўкі ацэньвае камісія з удзелам незалежных экспертаў(-ак) па 100-бальнай шкале: адпаведнасць мэтам конкурсу — 40 балаў, якасць зместу і дзейнасці (у тым ліку бізнес-мадэль і суфінансаванне) — 40, кіраванне праектам — 10, распаўсюд вынікаў — 10. Каб прэтэндаваць на грант, трэба набраць мінімум 70 балаў.
Таймлайн:
- Ацэнка — травень – верасень 2027 года;
- Вынікі — кастрычнік 2027 года;
- Падпісанне грантавай дамовы — студзень 2028 года.
Кантакт:
Пытанні пра конкурс — EACEA-CROSS-INNOVLAB@ec.europa.eu; тэхнічныя пытанні пра партал — у IT Helpdesk.
Арганізатар:
Еўрапейская камісія, праграма Creative Europe (кірунак Cross-sectoral). Конкурсам кіруе European Education and Culture Executive Agency (EACEA).
Важна:
- Грант не фінансуе стварэнне кантэнту і арганізацыю культурных падзей;
- Не падыходзяць: мультымедыйныя мастацкія праекты і інсталяцыі; імерсіўныя туры, падзеі, музычныя кліпы і імерсіўныя досведы для рознічнага гандлю; рэклама і прамоцыя турыстычных напрамкаў, прадуктаў, брэндаў або арганізацый; даведнікі, інструкцыі і (інтэрактыўныя) электронныя кнігі; праекты пра запісы жывых выступаў, тэлегульні, ток-шоу, кулінарныя і рэаліці-шоу, часопісы, навіны, медыяграматнасць, адукацыйныя праграмы; дакументальныя фільмы пра турызм, making-of і рэпартажы; платформы e-learning;
- Мінімум 20% выдаткаў заяўнікі фінансуюць з уласных або іншых крыніц; грант не можа прыносіць прыбытак;
- Конкурс залежыць ад канчатковага зацвярджэння бюджэту ЕС на 2027 год — пры істотных зменах яго могуць змяніць або скасаваць;
- Калі пры падрыхтоўцы заяўкі выкарыстоўваеце генератыўны ШІ, трэба праверыць змест і раскрыць, якія інструменты і як вы выкарыстоўвалі.