Dutch Foundation for Literature — да 10 000 EUR выдавецтвам на пераклад кніг з нідэрландскай і фрызскай
Dutch Foundation for Literature (Nederlands Letterenfonds) падтрымлівае пераклады якаснай нідэрландскай літаратуры: мастацкай прозы, нон-фікшн, графічных раманаў, паэзіі, дзіцячай літаратуры і класікі.
Для каго:
Выдавецтвы за межамі Нідэрландаў, якія выдаюць пераклад кнігі, напісанай па-нідэрландску або па-фрызску. Гранты таксама могуць атрымаць літаратурныя часопісы і лічбавыя выданні. Выдавецтва павінна забяспечыць добры распаўсюд і прасоўванне кнігі ў сваёй краіне.
Што прапануецца:
- Грант на пераклад — звычайна 80% ганарару паводле дамовы з перакладчыкам(-цай), астатнія 20% плаціць выдавецтва. Для кніг, якія фонд лічыць нідэрландскай класікай, — да 100% ганарару;
- Максімальная сума гранту — 10 000 EUR;
- Для паэзіі грант разлічваюць з ганарару да 3 EUR за радок (мінімум 50 EUR за верш);
- Дадатковы грант на вытворчасць паўнакаляровых ілюстраваных кніг для дзяцей і падлеткаў, графічных раманаў і паэзіі — да 2800 EUR для ілюстраваных выданняў і да 1400 EUR для паэзіі.
Сума залежыць ад стандартнай ставкі перакладу ў вашай краіне: для кожнай краіны або рэгіёна ёсць ліміт, і ўсё, што звыш яго, плаціць выдавецтва. Грошы выплачваюць выдавецтву пасля выхаду кнігі.
Умовы:
- Арыгінал выдадзены прызнаным нідэрландскім або фламандскім выдавецтвам;
- Ёсць дамова з нідэрландскім праваўладальнікам (калі твор не ў грамадскім набытку) і дамова з перакладчыкам(-цай);
- Фонд рэкамендуе працаваць з прафесійнымі літаратурнымі перакладчыкамі(-цамі). Калі перакладчыка(-цы) няма ў базе фонду, спачатку ацэньваюць якасць яго ці яе перакладаў;
- Кніга павінна выйсці цягам двух гадоў пасля ліста з пацверджаннем гранту;
- У кнізе трэба надрукаваць згадку пра падтрымку Dutch Foundation for Literature;
- Адно выдавецтва можа атрымаць падтрымку не больш чым на пяць назваў аднаго аўтара(-кі) ў адным жанры;
- У заяўцы трэба паведаміць пра іншыя гранты на тыя ж выдаткі — тады суму могуць паменшыць.
Што чакаецца ад выдавецтва:
- Даслаць фонду дармовыя асобнікі кнігі пасля выхаду;
- Пацвердзіць выплату ганарару перакладчыку(-цы) банкаўскай выпіскай.
Калі перакладчык(-ца) атрымаў(-ла) менш, чым пазначана ў дамове, грант прапарцыйна памяншаюць.
Бліжэйшы дэдлайн: 5 лістапада 2026 года.
Заяўка павінна трапіць у фонд не пазней чым за 5 месяцаў да выхаду кнігі; кнігі, выдадзеныя да пасяджэння, не разглядаюць. Рашэнне прымаюць цягам 22 тыдняў. У 2026 годзе фонд праводзіць шэсць раундаў; даты на 2027 год пакуль не апублікаваныя.
Як падавацца:
Праз анлайн-форму. Пасля яе запаўнення прыйдзе ліст-пацверджанне — патрэбныя дакументы трэба даслаць у адказ на яго. Падрабязнасці — у рэгламенце праграмы (PDF).
Кантакт: Jane Dinmohamed — j.dinmohamed@letterenfonds.nl.
Арганізатар: Dutch Foundation for Literature (Nederlands Letterenfonds).