Перайсці да асноўнага зместу

Gate 27 — бясплатныя рэзідэнцыі 2027 у Стамбуле і Айвалыку для мастакоў(-чак), куратараў(-ак) і даследчыкаў(-ц)

18 кастрычніка 2026
Istanbul, Турцыя
Бясплатна

Gate 27 — міжнародная крэатыўная рэзідэнцыя, заснаваная ў 2019 годзе. Яна разглядае мастацкую працу як метад даследавання і запрашае да размовы пра экалогію, устойлівасць, даступнасць і мясцовыя творчыя сеткі, на стыку мастацтва, навукі і прамысловасці. Рэзідэнтаў(-ак) прымаюць у двух месцах: у стамбульскім раёне Енікёй (Сарыер) і ў Айвалыку на Эгейскім узбярэжжы.

Праграма адкрытая для тых, хто працуе ў візуальных мастацтвах, куратарстве, літаратуры, музыцы, архітэктуры і дызайне.

  • Падавацца трэба з праектам;
  • Дзве пляцоўкі. У Стамбул запрашаюць тых, хто жыве па-за Стамбулам і па-за Турцыяй:. У Айвалык — наадварот, тых, хто «жыве ў Стамбуле або мае трывалыя сувязі з культурнай і мастацкай супольнасцю Стамбула», а ад іх праектаў чакаюць сувязі з рэгіёнам;
  • Этап кар'еры як умова не прапісаны, але пляцоўкі апісаныя па-рознаму: Енікёй — «especially for emerging and established artists», Айвалык — для аўтараў(-ак) сярэдняга і сталага этапу, якія хочуць паглыбіць працяглы праект.

Працягласць:

  • Стамбул, Енікёй: ад 4 да 12 тыдняў;
  • Айвалык: толькі 4 тыдні. Пляцоўка працуе з траўня да снежня і прымае адначасова адну асобу або дуэт;
  • Канчатковы тэрмін вызначаюць арганізатары пасля размовы з вамі.

Што прапануецца:

  • Ні за падачу, ні за пражыванне плаціць не трэба;
  • Стамбул: асобны пакой з асобным санвузлом, прасторныя агульныя рабочыя зоны сярод зеляніны, вытворчая майстэрня з базавымі інструментамі (цыркулярная і сталовая пілы, дрыль, шліфавальная машына, вуглавая шліфмашына, ручны інструмент), цалкам абсталяваная агульная кухня. Штотыднёвыя закупы базавых прадуктаў ад арганізатараў. Транспартная картка на 1 000 турэцкіх лір на тыдзень (≈ 18 EUR);
  • Айвалык: ціхае адасобленае жыллё сярод прыроды, асобны пакой з санвузлом, рабочая прастора ўнутры жылля, трохразовае харчаванне штодня і адна паездка ў абодва канцы ў Айвалык і на востраў Джунда штодня;
  • Доступ да мастацкіх майстэрань, навуковых лабараторый і бібліятэкі універсітэта Сабанджы — бясплатна, але паводле наяўнасці месцаў;
  • Магчымасць правесці падзею для прафесійнай аўдыторыі; прасоўванне рэзідэнта(-кі) і праекта праз PR-план арганізацыі, друкаваны і лічбавы.

Ганарару, стыпендыі, суткавых і бюджэту на вытворчасць у гэтай праграме няма.

Што арганізатары не пакрываюць: візавы збор, авіябілеты і любыя міжнародныя ці міжгароднія перамяшчэнні, трансфер з аэрапорта, таксі і машыну з кіроўцам, выдаткі на вытворчасць работы. Міжнародная медыцынская страхоўка абавязковая і павінна пакрываць усю дарогу ў абодва канцы і ўвесь час побыту — яе трэба мець да прыезду.

Што чакаецца ад удзельнікаў(-ц):

  • Працаваць менавіта над тым праектам, з якім вас узялі. Правіла жорсткае: калі вы захочаце заняцца іншым праектам ужо пасля пачатку, працягваць рэзідэнцыю вы не зможаце;
  • Быць адкрытым(-ай) да зносін з мясцовымі культурнымі і мастацкімі дзеячамі(-камі);
  • Удзел у відэа пра працэс, якое Gate 27 здымае ў канцы рэзідэнцыі;
  • Прэзентацыя вынікаў у канцы праграмы;
  • Запоўніць Health Declaration Form (алергіі, фобіі);
  • Перадаць работу ў калекцыю Gate 27 (эскіз, малюнак, работу, тэкст ці справаздачу) — гэта заахвочваюць, але не патрабуюць.

Арганізатар:
GATE27 KÜLTÜR SANAT TURİZM VE DIŞ TİCARET A.Ş. Стамбульскі адрас: Yeniköy Mh. Türkbostan Sk. No:27, Sarıyer/İstanbul. Партнёр праграмы — універсітэт Сабанджы.