Перайсці да асноўнага зместу

Goethe-Institut Translation Funding — да 8000 EUR выдавецтвам на пераклад кніг з нямецкай мовы

1 снежня 2026
1 лістапада 2026, 0:00 CET
Бясплатна
8 000 EUR

Translation Funding Programme Goethe-Institut дзейнічае каля 50 гадоў. За гэты час праграма падтрымала выданне прыкладна 7000 кніг на 45 мовах.

Для каго:

Прафесійныя выдавецтвы з любой краіны, якія хочуць выдаць пераклад кнігі з нямецкай мовы. Выдавецтва павінна мець пацверджаны досвед выдання якаснай літаратуры і прафесійныя каналы распаўсюду.

Перавага аддаецца перакладам на мовы, на якія творы аўтара(-кі) або нямецкую літаратуру наогул перакладалі мала ці не перакладалі зусім.

Што можна перакладаць:

  • Мастацкую літаратуру, паэзію, ілюстраваныя кнігі, коміксы і графічныя раманы для дарослых, дзяцей і падлеткаў;
  • Нон-фікшн і эсэ на актуальныя грамадскія тэмы;
  • Гуманітарныя і сацыяльныя даследаванні, цікавыя шырокаму колу чытачоў(-ак).

Кніга павінна быць напісаная па-нямецку і выдадзеная ў друкаваным выглядзе ў нямецкамоўнай краіне. Перакладаць трэба з арыгінала. Класіку разглядаюць, толькі калі тэкст яшчэ не перакладалі або выдавецтва абгрунтуе, навошта патрэбны новы пераклад.

Нельга падавацца з:

  • Лёгкай белетрыстыкай і дэтэктывамі;
  • Вузкаспецыяльнымі навуковымі працамі (напрыклад, дысертацыямі), даведнікамі, падручнікамі, вучэбнымі матэрыяламі і юбілейнымі выданнямі;
  • Тэатральнымі тэкстамі і нотамі;
  • Гадавікамі, краязнаўчымі выданнямі і каталогамі выставаў;
  • Кнігамі пра хобі і рукадзелле, практычнымі дапаможнікамі, кулінарнымі кнігамі і турыстычнымі даведнікамі;
  • Мастацкай і дзіцячай літаратурай аўстрыйскіх аўтараў(-ак) XX–XXI стагоддзяў і сучасных швейцарскіх аўтараў(-ак) — на іх трэба падавацца адпаведна ў BMWKMS (Аўстрыя) і Pro Helvetia (Швейцарыя).

Што прапануецца:

Пасля выхаду кнігі Goethe-Institut вяртае выдавецтву частку выдаткаў на пераклад — звычайна 40–60%, але не больш за 8000 EUR за кнігу. Ліцэнзію, друк і рэдагаванне праграма не аплачвае.

Ганарар перакладчыку(-цы) трэба выплаціць цалкам, незалежна ад памеру гранту: грошы вяртаюць толькі пасля таго, як перакладчык(-ца) пацвердзіць атрыманне ўсёй сумы. Пагадненне аб фінансаванні дзейнічае тры гады.

Што чакаецца ад выдавецтва:

  • Падпісаць пагадненне з Goethe-Institut да таго, як пераклад пойдзе ў друк;
  • Змясціць лагатып Goethe-Institut і згадку пра падтрымку ў друкаваным выданні і электроннай кнізе;
  • Даслаць асобнік кнігі ў штаб-кватэру Goethe-Institut у Мюнхене і дадатковыя асобнікі ў Goethe-Institut у сваёй краіне;
  • Перадаць пацверджанне перакладчыка(-цы) пра атрыманне ганарару.

Для заяўкі патрэбныя:

  • Скан падпісанай дамовы з праваўладальнікамі;
  • Скан падпісанай дамовы з перакладчыкам(-цай);
  • Абгрунтаванне праекта ад выдавецтва;
  • CV перакладчыка(-цы) са спісам выдадзеных перакладаў з нямецкай, адукацыяй, стыпендыямі і ўзнагародамі;
  • Арыгінал кнігі ў PDF або Word.

Для анталогіі ці іншай уласнай выбаркі тэкстаў дадаткова патрэбныя спіс тэкстаў з арыгінальнымі назвамі і бібліяграфічнымі данымі, абгрунтаванне выбару і сканы ўсіх тэкстаў.

На кожную кнігу падаецца асобная заяўка; за адзін раунд рэкамендуюць падаваць не больш за тры. Мова заяўкі — нямецкая або англійская.

Дэдлайн:

Прыём заявак адкрыты з 1 лістапада да 1 снежня 2026 года — для перакладаў, якія пойдуць у друк у сакавіку 2027 года або пазней.

Праграма праводзіць тры раунды на год з дэдлайнамі 15 красавіка, 15 верасня і 1 снежня.

Як падавацца:

Праз Goethe Application Portal. Спачатку трэба стварыць акаўнт тыпу «Organisation/enterprise».

Кантакт: Andreas Schmohl — andreas.schmohl@goethe.de; Christiane Descoubes — christiane.descoubes@goethe.de.