Koneen Säätiö — штогадовы грантавы набор на даследаванні і мастацкую працу, звязаныя з Фінляндыяй
Koneen Säätiö (Kone Foundation) — незалежны фінскі фонд, які штогод падтрымлівае даследаванні і мастацтва. Фонд апісвае свае каштоўнасці так: акадэмічная і мастацкая свабода, экасацыяльная свядомасць, вытрымка, разнастайнасць, смеласць, адчуванне супольнасці і праўда. На практыцы гэта значыць, што фонд ахвотна падтрымлівае міждысцыплінарныя, эксперыментальныя і крытычныя праекты і аддае перавагу шматгадовым персанальным грантам, якія дазваляюць працаваць доўга і спакойна.
Для каго:
- Асобныя людзі;
- Працоўныя групы — міжнародныя ў тым ліку;
- Арганізацыі з фінскім бізнес-ідэнтыфікатарам (Finnish business ID).
Групы і арганізацыі вызначаюць адну кантактную асобу, якая падае заяўку і адказвае за праект.
Важна для беларусаў(-ак): фінскае грамадзянства не абавязковае, але праект мусіць мець сувязь з Фінляндыяй. Фонд лічыць такой сувяззю:
- Грамадзянства Фінляндыі — тады працаваць можна і за мяжой;
- Прывязку да фінскай установы, від на жыхарства ў Фінляндыі або працу, якая вядзецца ў Фінляндыі;
- Для працоўных груп — прынамсі аднаго(-ю) удзельніка(-цу) з Фінляндыі або базаванага(-ю) ў Фінляндыі; астатнія могуць быць з любых краін.
Гэта значыць, што беларусы(-кі), якія жывуць у Фінляндыі, звязаныя з фінскай установай або робяць праект у Фінляндыі, могуць падавацца. Без такой сувязі заяўка не праходзіць. Грант можна атрымліваць на фінскі або замежны банкаўскі рахунак.
На што можна падацца:
- Акадэмічныя даследаванні ў гуманітарных, сацыяльных і экалагічных навуках;
- Мастацкія даследаванні (artistic research);
- Прафесійная мастацкая праца ва ўсіх сферах мастацтва;
- Міждысцыплінарныя праекты, якія спалучаюць даследаванне і мастацтва;
- Папулярызацыя навукі.
У той самы дэдлайн ідзе і асобная праграма фонду Metsän puolella («For the Woods») — для праектаў пра лясы, якія спалучаюць даследаванне, мастацтва, журналістыку і актывізм. Заяўка падаецца праз той самы анлайн-сэрвіс, кантакт праграмы — metsanpuolella@koneensaatio.fi.
Што прапануецца:
1. Персанальны грант (выплачваецца непасрэдна чалавеку). Памер залежыць ад этапу кар'еры:
- Узровень 1 — 2 700 EUR на месяц, 32 400 EUR на год: аўтары(-кі) з досведам менш за 10 гадоў і даследчыкі(-цы) на этапе PhD (doctoral researchers);
- Узровень 2 — 3 200 EUR на месяц, 38 400 EUR на год: аўтары(-кі) з досведам ад 10 гадоў і postdoc-даследчыкі(-цы);
- Узровень 3 — 3 800 EUR на месяц, 45 600 EUR на год: аўтары(-кі) з досведам ад 20 гадоў і даследчыкі(-цы) ўзроўню дацэнта (dosentti).
Персанальны грант можна прасіць і на няпоўную занятасць — 25%, 50% або 75% ад поўнай сумы.
2. Фінансаванне выдаткаў праекта (бюджэт, якім распараджаецца праект). Бюджэт падаецца толькі тады, калі вы просіце грошы звыш персанальнага гранту. Пакрывацца могуць:
- Выдаткі на даследчую і мастацкую працу;
- Заробкі за працу карацей за адзін месяц;
- Арэнда рабочай прасторы, калі яна сапраўды патрэбная для праекта;
- Выдаткі, звязаныя з інваліднасцю: аплата памочніка(-цы), дарога, абсталяванне;
- Дарога — з перавагай нізкаэмісійнага транспарту; унутраныя пералёты па Фінляндыі фінансуюцца толькі з добрым абгрунтаваннем;
- Адміністрацыйныя выдаткі (overhead) — звычайна не больш за 15% ад выдаткавай часткі, без уліку персанальных грантаў.
Сумы для групавых заявак:
- Даследчыя групы — звычайна 200 000–500 000 EUR; жорсткай верхняй мяжы фонд не вызначае;
- Мастацкія групы і арганізацыі — максімум 250 000 EUR.
Умовы і тэрміны:
- Даследчыя заяўкі — фінансаванне да 4 гадоў;
- Асобныя мастакі(-чкі) і мастацкія групы — да 3 гадоў;
- Мінімальны тэрмін: 6 месяцаў для асобных заяўнікаў(-ц), 1 месяц для груп;
- Пасля 4 гадоў фінансавання запар трэба зрабіць перапынак прынамсі на год, перш чым падавацца зноў;
- Можна падаць больш за адну заяўку, але пра гэта трэба напісаць у раздзеле пра іншае фінансаванне. Калі станоўчае рашэнне будзе па некалькіх заяўках, фінансаванне звычайна даюць толькі па адной;
- Грант выплачваецца штомесяц і толькі за той час, калі праца сапраўды ідзе, — авансам грошы не даюцца. Гадавы грант трэба выкарыстаць цягам 3 гадоў пасля прысуджэння, двухгадовы — цягам 4, трохгадовы — цягам 5, чатырохгадовы — цягам 6.
Нельга фінансаваць:
- Навучанне ў магістратуры, стажыроўкі, курсы павышэння кваліфікацыі;
- Даследаванні ў псіхалогіі, тэалогіі, праве і бізнес-навуках без міждысцыплінарнага вымярэння, а таксама медыцынскія даследаванні;
- Рамонт і рэканструкцыю будынкаў;
- Заяўкі толькі на закупку абсталявання або толькі на аперацыйныя выдаткі;
- Хобі, генеалогію і краязнаўчыя праекты.
Для заяўкі патрэбныя:
- Рабочая назва і сціслае апісанне праекта — да 2 000 знакаў. Фонд адмыслова папярэджвае, што эксперт(-ка) чытае гэтае апісанне першым;
- План даследавання або працы: да 4 старонак для асобных заяўнікаў(-ц) і да 8 старонак для груп і арганізацый, разам са спісам крыніц;
- CV — да 4 старонак; асобны спіс публікацый дадаваць не трэба;
- Бюджэт — толькі калі вы просіце фінансаванне выдаткаў звыш персанальнага гранту;
- Партфоліа — абавязковае для заявак на мастацкую працу і мастацкае даследаванне; можна як PDF або спасылка на сайт, для групы дапускаецца агульнае партфоліа;
- Дыплом — абавязковы для даследчых заявак;
- Рэкамендацыя — абавязковая для даследчыкаў(-ц) на этапе PhD і пажаданая для postdoc-даследчыкаў(-ц) на пачатку кар'еры; да 4 000 знакаў, максімум тры рэкамендацыі;
- Для арганізацый — гадавая справаздача, фінансавая справаздача і аўдытарскі вынік за мінулы год плюс план дзейнасці на бягучы.
Тэхнічныя дэталі: адзін файл — не большы за 10 МБ; не давайце спасылак, якія патрабуюць рэгістрацыі або лагіну (Google Drive, Spotify).
Дэдлайн і графік:
- Прыём заявак: 1–15 верасня 2026 года; закрыццё — 15 верасня 2026 года, 16:00 EEST (15:00 CEST таго ж дня). Пасля дэдлайну заяўку нельга ні змяніць, ні падаць;
- Рэкамендацыі прымаюцца да 22 верасня 2026 года, 16:00 EEST; калі рэкамендацыю дадае сам(-а) заяўнік(-ца) файлам, — да 15 верасня, 16:00 EEST;
- Дыпломы і дазволы, якіх не хапае на момант падачы, можна дасылаць да 15 лістапада 2026 года;
- Рашэнні пра фінансаванне — канец лістапада — пачатак снежня 2026 года. Спіс грантаатрымальнікаў(-ц) публікуецца на сайце ў снежні, заяўнікам(-цам) прыходзіць ліст.