Перайсці да асноўнага зместу

Na trwałe 2027 — да 6 000 PLN і навучанне для грамадскіх архіваў, зарэгістраваных у Польшчы

3 снежня 2026, 23:59 CET
1 студзеня — 31 траўня 2027
Польшча
Бясплатна
6 000 PLN

Na trwałe — праект Centrum Archiwistyki Społecznej (CAS), установы культуры з Варшавы, які дапамагае грамадскім архівам упарадкаваць і захаваць свае калекцыі: фотаздымкі, аўдыя- і відэазапісы, дакументы — і фізічныя, і лічбавыя. Выбраныя архівы атрымліваюць грошы на архіўныя працы, матэрыялы для захоўвання, навучанне і кансультацыі. Гэта набор на выпуск 2027 года.

Для каго:

Грамадскія архівы (archiwa społeczne — архівы, якія ствараюць і вядуць мясцовыя супольнасці і арганізацыі) у Польшчы. Падавацца могуць архівы, якія вядуць:

  • Няўрадавыя арганізацыі ў сэнсе польскага закона аб грамадска карыснай дзейнасці і валанцёрстве;
  • Самаўрадавыя ўстановы культуры, напрыклад бібліятэкі і дамы культуры;
  • Колы вясковых гаспадынь (koła gospodyń wiejskich) і асацыяцыі вясковых гаспадынь.

Абавязковыя ўмовы: арганізацыя мае сядзібу ў Польшчы, а архіў унесены ў Baza Archiwów Społecznych(знешні сайт). Зарэгістравацца ў базе(знешні сайт) можна і падчас набору — праверка новай заяўкі займае 5 рабочых дзён.

Не могуць падавацца:

  • Фізічныя асобы і нефармальныя групы;
  • Удзельнікі праекта двух папярэдніх выпускаў (2025–2026);
  • Члены журы, супрацоўнікі(-цы) CAS і іх сем'і.

Фармат:

Студзень – травень 2027 года. Архіўныя працы вядзе сам архіў у сваёй сядзібе; супрацоўнікі(-цы) CAS прыязджаюць з візітамі, навучанне і частка кансультацый праходзяць анлайн. Праект агульнапольскі; усе матэрыялы і форма — па-польску.

Што прапануецца:

  • Да 6 000 PLN (≈ 1 360 EUR) брута на ганарары людзям, звязаным з архівам, за выкананне архіўных прац. Выплаты ажыццяўляюцца пасля іх завяршэння;
  • Матэрыялы для захоўвання — бескіслотныя тэчкі і скрыні, вонкавыя дыскі для лічбавых копій — на суму да 1 000 PLN (≈ 230 EUR) брута. Іх купляе і дасылае CAS;
  • Анлайн-навучанне па працы ў Otwarty System Archiwizacji (OSA — бясплатная анлайн-сістэма CAS для апісання калекцый) і па апісанні калекцый у ёй;
  • Анлайн-навучанне па пошуку фінансавання для архіва;
  • 1–2 візіты супрацоўнікаў(-ц) CAS у архіў: ацэнка патрэбаў калекцыі, навучанне на ўласных матэрыялах;
  • Кансультацыі з CAS цягам усяго праекта;
  • Кансультацыі са знешнімі экспертамі(-камі), напрыклад з рэстаўратаркай: максімум адна на месцы і тры анлайн;
  • Магчымасць пазычыць у CAS прафесійны сканер для плоскіх матэрыялаў да фармату A4.

Што чакаецца ад удзельнікаў(-ц):

  • Падпісаць дагавор аб супрацы з CAS;
  • Да 15 траўня 2027 года выканаць архіўныя працы, апісаныя ў заяўцы: упарадкаванне і апісанне матэрыялаў, перапакоўку ў архіўныя ўпакоўкі, дыгіталізацыю, канвертацыю файлаў у фарматы без страт якасці, рэзервовыя копіі;
  • Унесці вынікі ў OSA і апублікаваць іх на партале zbioryspoleczne.pl — мінімум 75 % лічбавых файлаў з апісаннямі або 100 % апісанняў калекцыі; мінімум 100 файлаў;
  • Цягам 15 дзён пасля заканчэння прац даслаць выніковую справаздачу.

Для заяўкі патрэбныя:

  • Анлайн-форма з апісаннем калекцыі: чаму яе трэба апрацаваць і захаваць менавіта зараз, у чым яе каштоўнасць, якія працы патрэбныя і як калекцыю будуць выкарыстоўваць далей;
  • Заява (załącznik nr 2), падпісаная асобай, якая можа прадстаўляць арганізацыю, — скан з асабістым подпісам або дакумент з электронным подпісам (profil zaufany, podpis osobisty ці кваліфікаваны подпіс);
  • Выпіска з KRS або іншага рэестра, дзе зарэгістраваная арганізацыя;
  • Дакументацыя калекцыі: для фізічных матэрыялаў — 5–10 фота, разам да 10 MB; для лічбавых файлаў (сканы, фота) — 5–10 файлаў, разам да 10 MB; для аўдыя- і відэазапісаў — фрагмент да 5 хвілін (mp3 або mp4, да 10 MB) з апісаннем усіх запісаў; для змешаных калекцый — адпаведная камбінацыя.

Як падавацца:

Запоўніце анлайн-форму(знешні сайт). Заяву, выпіску з рэестра і дакументацыю калекцыі дашліце на natrwale@cas.org.pl. Адна арганізацыя падае адну заяўку. Падрыхтаваць адказы загадзя дапаможа чарнавік формы (.docx)(знешні сайт); умовы — у рэгламенце (PDF)(знешні сайт).

Адбор:

Спачатку CAS правярае заяўкі фармальна, потым іх ацэньвае журы (мінімум тры чалавекі: прадстаўнікі CAS і запрошаныя эксперты(-кі)). Крытэрыі:

  • Каштоўнасць і ўнікальнасць калекцыі для культурнай спадчыны — гістарычная, сацыяльная, мастацкая, рэгіянальная, дакументальная (0–10 балаў);
  • Патрэба ў архіўных працах: стан захаванасці, умовы захоўвання, раскіданасць калекцыі (0–10 балаў);
  • Патрэба арганізацыі ў падтрымцы: каманда, фінансы, абсталяванне, веды (0–10 балаў);
  • Адпаведнасць аб'ёму калекцыі і прац тэрміну і бюджэту праекта (0–5 балаў);
  • План выкарыстання вынікаў — ведаў і самой калекцыі (0–5 балаў).

За два наборы выберуць да 10 удзельнікаў. Рашэнні журы канчатковыя, апеляцыі няма.

Таймлайн:

  • Да 10 студзеня 2027 года — вынікі;
  • Да 25 студзеня 2027 года — падпісанне дагавораў;
  • Студзень – травень 2027 года — архіўныя працы, навучанне, візіты, кансультацыі;
  • Да 15 траўня 2027 года — унясенне матэрыялаў у OSA;
  • Да 31 траўня 2027 года — выніковая справаздача;
  • Чэрвень – ліпень 2027 года — падвядзенне вынікаў і выплаты.

Другі набор плануецца на 4 траўня – 3 чэрвеня 2027 года; CAS можа яго не праводзіць, калі ўсіх удзельнікаў выберуць у першым.

Кантакт: Joanna Michałowska, natrwale@cas.org.pl; тэл. +48 22 294 11 04 (аўторак – чацвер, 10:00–15:00).

Арганізатар:

Centrum Archiwistyki Społecznej (CAS) — установа культуры ў Варшаве, якая падтрымлівае грамадскія архівы ў Польшчы. Праект вырас са стратэгіі CAS па ўмацаванні захаванасці грамадскіх калекцый.