NIAS Safe Haven Fellowship — 5 месяцаў у Амстэрдаме для даследчыкаў(-ц), мастакоў(-чак) і журналістаў(-ак) у небяспецы
Netherlands Institute for Advanced Study (NIAS) дае часовы прытулак тым, чыю працу абмяжоўваюць або блакуюць дзяржаўныя ці недзяржаўныя структуры, — каб яны маглі працягваць даследаванні ў бяспецы. Праграма разлічаная на дасведчаных даследчыкаў(-ц): калі вы не з акадэміі, ваш праект усё адно мусіць быць даследчым. За семестр NIAS дае да трох стыпендый: дзве — на навуковыя праекты, адну — на літаратурныя, журналісцкія або мастацкія даследаванні.
Для каго:
- Даследчыкі(-цы) з PhD і мінімум трыма гадамі даследчага досведу пасля абароны — на момант падачы;
- Пісьменнікі(-цы), журналісты(-кі) і мастакі(-чкі) з дыпломам бакалаўра (універсітэт або ўніверсітэт прыкладных навук) і мінімум 7 гадамі прафесійнага досведу.
Праграма для тых, хто не можа працягваць працу там, дзе жыве, праз вайну або канфлікт, а таксама для тых, чыю акадэмічную свабоду вайна ці канфлікт сур'ёзна абмяжоўваюць. Праект мусіць быць даследчым і ўпісвацца ў гуманітарныя або сацыяльныя навукі. Трэба валодаць англійскай на акадэмічным узроўні (C1).
Не могуць падавацца: супрацоўнікі(-цы) NIAS і KNAW; былыя стыпендыяты(-ткі) NIAS, калі з іх папярэдняй заяўкі не прайшло 10 гадоў; тыя, у каго ў NIAS ужо разглядаецца іншая заяўка.
Што прапануецца:
- Пяць месяцаў у NIAS у Амстэрдаме, каб працаваць над уласным праектам;
- Стыпендыя 3 500 EUR у месяц — для тых, у каго падчас стыпендыі няма дастатковага даходу (на яе падаюць асобна);
- Кабінет з інтэрнэтам, бібліятэка, тэхнічная і практычная падтрымка;
- Агульныя абеды ў працоўныя дні;
- Субсідаванае жыллё ў Fellows House — 975 EUR у месяц, ёсць і сямейныя кватэры для тых, хто едзе з дзецьмі. Калі вы жывяце ў Нідэрландах, замест гэтага можна атрымаць кампенсацыю паездак — да 250 EUR у месяц;
- Кампенсацыя дарогі — адзін білет туды і назад, да 1 500 EUR;
- Запрашальны ліст для візы. Калі патрэбны дазвол на працу, NIAS сам падае на яго заяўку;
- Штотыднёвыя семінары, магчымасць зладзіць экспертны варкшоп і публічныя падзеі ў NIAS.
Што чакаецца ад удзельнікаў(-ц):
- Працаваць над праектам поўны час і быць у інстытуце фізічна мінімум чатыры дні на тыдзень — ад пачатку да канца стыпендыі;
- Наведваць штотыднёвы семінар па чацвяргах і ўдзельнічаць ва ўводным перыядзе першыя два тыдні;
- Зрабіць мінімум дзве рэцэнзіі на заяўкі іншых кандыдатаў(-ак) на стыпендыі NIAS;
- Згадваць NIAS у публікацыях і іншых працах, якія вырастуць са стыпендыі;
- Звычайна — удзельнічаць у інтэрв'ю, відэа і фотаздымках, праз якія NIAS расказвае пра сябе;
- Прытрымлівацца Кодэкса паводзін NIAS і нідэрландскага кодэкса даследчай добрасумленнасці.
Для заяўкі патрэбныя:
Усе дакументы — па-англійску, кожны асобным файлам .doc, .docx або .pdf.
- Даследчы праект — да 1 500 слоў разам са зноскамі, без спісу літаратуры: апісанне праекта, даследчае пытанне, метадалогія і тэарэтычны ўклад;
- CV — да 2 старонак A4: усе ступені і рэлевантныя пасады з датамі, а таксама асобны спіс да 10 галоўных публікацый або прац са спасылкамі (неанглійскія назвы — з перакладам);
- Матывацыйны ліст;
- Risk statement — да 500 слоў: якая менавіта пагроза вашай свабодзе працы і чаму патрэбны пераезд.
Калі карыстаецеся генератыўным ШІ, гэта трэба пазначыць у заяўцы і ў спісе літаратуры да праекта.
Дэдлайн: 14 снежня 2026 года, 12:00 CET — на першы семестр 2027–2028 навучальнага года (верасень 2027 — студзень 2028). Прыём заявак ідзе ўвесь год, адбор — двойчы на год, з дэдлайнамі ў чэрвені і снежні.
Пасля адпраўкі прыйдзе аўтаматычны ліст: рэгістрацыю трэба пацвердзіць цягам 48 гадзін — інакш заяўка стане несапраўднай. Змяніць заяўку пасля падачы нельга, а няпоўныя адхіляюць. Падаваць можа толькі сам(-а) кандыдат(-ка), не пасярэднікі. Кожную заяўку ацэньваюць два знешнія рэцэнзенты(-кі), канчаткова выбірае дырэктар NIAS паводле рэкамендацыі камітэта.
Кантакт: partners@nias.knaw.nl
Арганізатар: NIAS — Netherlands Institute for Advanced Study, інстытут Каралеўскай акадэміі навук Нідэрландаў (KNAW). Партнёры праграмы — University of Amsterdam, Maastricht University і KNAW.
Важна:
- Квіткі на дарогу трэба купляць самім, а візу і, калі патрэбна, дазвол на працу — афармляць у пасольстве Нідэрландаў у вашай краіне. Дапамагчы з дарогай NIAS спрабуе, толькі калі вы не можаце выехаць самастойна праз палітычныя, юрыдычныя ці іншыя абмежаванні;
- Стыпендыя часовая і не дае права застацца ў Нідэрландах. Перанесці яе на іншы семестр нельга, а калі вы не можаце быць у NIAS увесь семестр, прапанову адклікаюць;
- NIAS не дапамагае з прытулкам, эвакуацыяй і псіхалагічнай падтрымкай.