Перакладчыцкая майстэрня — анлайн-праграма для перакладчыкаў і перакладчыц на беларускую мову
Перакладчыцкая майстэрня — гэта прастора для прафесійнага росту, творчага эксперыменту і ўважлівай працы з тэкстам. Асноўны фокус праграмы — практыка: пераклад на беларускую мову, абмеркаванне, рэдагаванне і дапрацоўка тэкстаў да прафесійнага ўзроўню. Гэта магчымасць папрацаваць са сваім перакладам, атрымаць змястоўную зваротную сувязь, навучыцца глядзець на тэкст рэдактарскімі вачыма і стаць часткай перакладчыцкай супольнасці.
Для каго: для тых, хто хоча паспрабаваць сябе ў мастацкім перакладзе на беларускую мову або ўжо перакладае і хоча развівацца прафесійна.
Да ўдзелу запрашаюць як новых удзельнікаў(-ц), так і выпускнікоў(-ц) мінулых сезонаў Перакладчыцкай майстэрні.
Вядоўца:
Андрэй Хадановіч — паэт, перакладчык, літаратуразнаўца, ганаровы старшыня Беларускага ПЭНа і папулярызатар беларускай літаратуры ў Еўропе.
Што будзе ў праграме:
- 11 сустрэч з разборам перакладаў на беларускую мову, зробленых удзельнікамі(-цамі);
- 2 сустрэчы, прысвечаныя карэктуры і рэдактуры тэксту;
- дадатковая сустрэча пра культурныя правы і аўтарскае права — пра асноўныя правы перакладчыкаў(-ц) і юрыдычныя аспекты іх працы;
- магчымасць для 5 найбольш матываваных удзельнікаў(-ц) працягнуць працу над сваімі перакладамі індывідуальна з ментарамі(-камі).
Кожны(-ая) з пяці адабраных удзельнікаў(-ц) зможа правесці дзве дадатковыя сустрэчы з экспертамі(-камі), чые кансультацыі будуць найбольш карыснымі для далейшай працы над тэкстам.
Заняткі будуць праходзіць кожны чацвер з 18:00 да 20:00 (беларускі час) — або да заканчэння працы над апошнім перакладам.
З меркаванняў бяспекі ўдзел можа быць зашыфраваны: можна карыстацца псеўданімам і працаваць без уключанай камеры.
Старт заняткаў: 15 кастрычніка 2026 года.
Да заяўкі трэба далучыць файл з арыгінальным тэкстам і вашым перакладам на беларускую мову — у выглядзе табліцы з двума слупкамі: арыгінал і пераклад.
Можна загрузіць некалькі перакладаў.
Вынікі адбору паведамяць кожнаму(-ай) індывідуальна пасля 5 кастрычніка 2026 года.
Бяспека:
Беларускі ПЭН абвешчаны ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем», а сацсеткі Андрэя Хадановіча — «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Калі вы знаходзіцеся ў Беларусі або плануеце туды ехаць, улічвайце асабістыя рызыкі перад пераходам па спасылках, падпіскай або падачай заяўкі.