Platform Dalí — рэзідэнцыі ў навуковых інстытуцыях Барселоны з ганарарам 7500 EUR
Platform Dalí — ініцыятыва Fundació Gala-Salvador Dalí, якая звязвае мастакоў(-чак) і навукоўцаў, каб шукаць іншыя спосабы разумення свету. Гэта першы штогадовы адкрыты набор на рэзідэнцыі ў межах яе праграмы даследаванняў і творчасці.
Для каго:
- Мастакі(-чкі) любога грамадзянства і любой дысцыпліны з прынамсі васьмю гадамі прафесійнага досведу;
- Падавацца можна індывідуальна або калектывам;
- Папярэдні досвед працы з навуковымі ўстановамі або лабараторыямі не патрабуецца — арганізатары асабліва вітаюць тых, хто робіць гэта ўпершыню;
- Заяўкі акадэмічнага або тэарэтычнага характару, без выразнага мастацкага вымярэння, не разглядаюцца.
Тэма 2027 года — «What is real?» У 1927 годзе Сальвадор Далі напісаў, што ‘to look is a form of invention‘. Тэма запрашае разглядаць рэальнасць не як зададзеную, а як рухомую тэрыторыю з’яўлення, трансфармацыі, нявызначанасці і спекуляцыі: што існуе па-за прамым успрыманнем, якія нябачныя сувязі злучаюць формы жыцця, матэрыю і свядомасць, дзе ілюзія і сімуляцыя сустракаюцца з гіперрэальнасцю сучаснасці.
Партнёрскія навуковыя ўстановы:
- Barcelona Supercomputing Center (BSC-CNS);
- ICFO — the Institute of Photonic Sciences;
- Institute of Marine Sciences (ICM-CSIC);
- Institute for High Energy Physics (IFAE);
- Экасістэма Barcelona Biomedical Research Park (PRBB), уключна з Centre for Genomic Regulation (CRG) і European Molecular Biology (EMBL) Barcelona.
Праграма доўжыцца 12 месяцаў і мае тры этапы:
- Азнаямляльны візіт (да 3 дзён) — знаёмства з установай, яе даследчым кантэкстам і мастацкай ды навуковай супольнасцямі Барселоны;
- Рэзідэнцыя на месцы (да 45 дзён) — размовы з даследчыкамі(-цамі), візіты ў лабараторыі, прэзентацыі і ўдзел у штодзённым жыцці ўстановы;
- Развіццё даследавання і мастацкая вытворчасць (каля 10 месяцаў) — праца над праектам, з кансультацыямі навукоўцаў і куратарскай падтрымкай ад Platform Dalí.
Цягам першых шасці месяцаў рэзідэнт(-ка) падае прапанову новага твора, астатні час ідзе на вытворчасць. Створаная праца будзе паказаная на выставе Platform Dalí не пазней за 2029 год.
Перыяды рэзідэнцый: люты — красавік 2027 або верасень — лістапад 2027. Дакладныя даты ўзгадняюцца паміж Platform Dalí, установай і рэзідэнтам(-кай).
Прапануецца:
- Ганарар 7500 EUR (выплачваецца непасрэдна);
- Доступ да вытворчага бюджэту да 25 000 EUR на стварэнне новага твора;
- Падтрымка ад Platform Dalí і камандаў партнёрскіх навуковых установаў цягам усёй рэзідэнцыі;
- Доступ да абсталявання, экспертызы і даследчых супольнасцяў установы — у межах яе рэгламенту;
- Для тых, хто жыве не ў Барселоне, Platform Dalí пакрывае дарогу, пражыванне, суткавыя і страхоўку на час азнаямляльнага візіту і рэзідэнцыі — у межах загадзя вызначанага бюджэту.
Для падачы патрэбны (па-каталонску, па-іспанску або па-англійску):
- Асабістыя даныя: імя, адрас, грамадзянства і кантакты;
- Кароткая біяграфія або CV з апісаннем практыкі і прафесійнага шляху;
- Партфоліа або сайт з рэлевантнымі папярэднімі працамі;
- Абраны навуковы цэнтр з ліку партнёраў Platform Dalí;
- Праектная прапанова да 700 словаў: даследчая фаза ў навуковым цэнтры, цікавасць менавіта да гэтай лабараторыі і тое, як праект адказвае на тэму «What is real?».
Поўныя ўмовы — у рэгламенце набору (PDF).