Playground Magazine — прапановы для англамоўнага часопіса пра еўрапейскія крэатыўныя індустрыі
Playground Magazine шукае аўтараў(-ак), ілюстратараў(-ак), фатографаў(-ак) і іншых крэатыўных прафесіяналаў(-ак) для шостага нумара. Часопіс зацікаўлены ў смелых, асабістых і нетрывіяльных ідэях пра творчыя індустрыі ў Еўропе.
Для каго: для людзей, якія жывуць у Еўропе і працуюць або цікавяцца творчымі індустрыямі: мастацтвам, камунікацыямі, пісьмом, музыкай, гульнямі, кіно, рамёствамі, падзеямі і іншымі сферамі.
Пра часопіс
Playground Magazine даследуе творчыя індустрыі праз эсэ, рэпартажы, размовы і эксперыментальныя фарматы. У фокусе — сумленнасць, супрацоўніцтва, доўгатэрміновыя ідэі і гульнявы падыход.
Рэдакцыя шукае тэмы, якія могуць быць важнымі для творчай супольнасці і праз некалькі гадоў, а не толькі адлюстроўваюць кароткатэрміновыя трэнды.
Якія фарматы можна прапанаваць:
- Эсэ або opinion piece — арыенціровачна 550–900 слоў у фінальнай версіі;
- Ілюстрацыі і фатаграфічныя праекты;
- Фотаэсэ;
- Інтэрв’ю з чалавекам, які можа прапанаваць свежы погляд на тэму;
- Коміксы, куратарскія спісы, нестандартныя тэкставыя або візуальныя фарматы;
- Іншыя эксперыментальныя ідэі.
На этапе падачы не трэба дасылаць гатовую працу. Дастаткова ідэі, кароткага апісання і прыкладаў папярэдніх праектаў.
Важна:
Адабраныя ўдзельнікі(-цы) павінны будуць падрыхтаваць фінальны матэрыял на працягу трох тыдняў пасля замовы.
Прапануецца:
- Ганарар ад 1500 SEK (≈ 136 EUR);
- Аўтарскі асобнік часопіса;
- Магчымасць далучыцца да міжнароднай творчай сеткі Playground.