University of Exeter Creative Fellowships 2026–27 — 6 000 GBP на 4–5 тыдняў працы з навуковымі групамі
Creative Fellowships — штогадовая праграма Arts and Culture University of Exeter (Вялікабрытанія), якая запрашае творчых людзей на кароткую працу ў навуковыя групы ўніверсітэта.
Для каго:
Творчыя людзі любых дысцыплін: візуальнага, лічбавага і гукавога мастацтва, сцэнічных мастацтваў, рамёстваў, дызайну, кіно, літаратуры, музыкі і іншых.
Арганізатары(-кі) чакаюць ад кандыдатаў(-ак):
- Досведу размяшчэнняў або рэзідэнцый, дзе вы працавалі з людзьмі не з мастацкага поля;
- Умення планаваць праекты і здаваць іх у тэрмін;
- Цікавасці да таго, як творчыя працэсы і мастацкае мысленне працуюць у розных кантэкстах;
- Гатоўнасці да супрацы;
- Гатоўнасці і магчымасці праводзіць час на кампусах University of Exeter.
Фармат:
Дзве стыпендыі. Кожная — даследчае размяшчэнне на 4–5 тыдняў у міждысцыплінарнай групе ўніверсітэта. Час дзеляць паміж даследаваннем на месцы і працай над творам; яго можна правесці адным блокам або расцягнуць на некалькі месяцаў. Канкрэтныя тэрміны ўзгадняюць з універсітэтам. Праект трэба завяршыць у 2026–27 навучальным годзе: ганарар разлічаны на студзень – ліпень 2027 года. Праца на ўмовах фрылансу.
Арганізатары(-кі) падкрэсліваюць, што гэта не рэзідэнцыя: творца працуе з універсітэцкай камандай на роўных — прапануе новыя падыходы і тэмы для размоваў і пры гэтым развівае ўласную практыку. Абодва бакі павінны атрымаць ад абмену новыя ідэі і спосабы працы.
Групы, якія прымаюць стыпендыятаў(-ак):
- The Coast of Good Health — даследчы праект кафедры археалогіі і гісторыі. Праца на кампусе Streatham, а таксама выезды ў Teignmouth. Кіраўніца — Dr Rebecca Williams; у камандзе таксама Dr Sariqua Wagley і Dr Camille Mathieu. Абавязковых дат няма;
- A Different Lens: Engaging with images from the Imperial Institute Archive — праект аддзела Special Collections. Архіў на кампусе Streatham. Кіраўніца — Caroline Walter, Head of Heritage Collections. Абавязковых дат няма.
Тэма:
The Coast of Good Health. У 1932 годзе газета The Graphic назвала ўзбярэжжа каля Teignmouth з чырвонымі скаламі «Узбярэжжам добрага здароўя», куды можна збегчы на адпачынак. У 2026 годзе ў тых жа водах актывісты і актывісткі арганізацыі Surfers Against Sewage правялі акцыю пратэсту супраць забруджвання сцёкавымі водамі. Праект, які пачаўся ў траўні 2026 года, глядзіць на забруджванне і змену клімату праз мікрабіялогію, гісторыю і грамадскую актыўнасць: што мінулыя і сённяшнія даныя кажуць пра карысць і пагрозы марской вады. Каманда хоча адысці ад схемы, дзе навукоўцы проста паведамляюць публіцы пра рызыкі, і разам з мясцовымі людзьмі расказаць пра здароўе, асяроддзе і мора праз гісторыі штодзённага жыцця.
A Different Lens. У аддзеле спецыяльных калекцый (Special Collections) нядаўна алічбавалі амаль 2 000 шкляных негатываў Imperial Institute — візуальны архіў пра людзей, мясціны і прамысловасць Брытанскай імперыі. Гэта рэшткі калісьці вялікай калекцыі, створанай для адукацыйных і камерцыйных мэтаў імперыі; яна ставіць пытанні пра ўладу, суб'ектнасць, замоўчванні і ролю фатаграфіі ў каланіяльных наратывах. Калекцыя цяпер на прамежкавым этапе: здымкі можна знайсці і спаслацца на іх, але апісанняў яшчэ няма. Каманду цікавіць, ці можа творчая праца без гатовых апісанняў, якія часта паўтараюць мову і погляды стваральнікаў архіва, адкрыць прастору для цікаўнасці — і чым рызыкуе такая праца без кантэксту.
Што прапануецца:
- Бюджэт 6 000 GBP (≈ 7 080 EUR) на адну стыпендыю, з ПДВ — на ганарар, абсталяванне, дарогу, пражыванне і вытворчыя выдаткі;
- Відэа- і фотаздымку, арганізацыю падзей, прасоўванне і распаўсюд вынікаў Arts and Culture аплачвае асобна. Пра кожную стыпендыю здымуць кароткі фільм;
- Знаёмства з ключавымі людзьмі ў групе, праца побач з даследчыкамі(-цамі) і супрацоўнікамі(-цамі), удзел у сустрэчах кафедры, праца са студэнтамі(-камі) і публікай;
- Публічныя падзеі, на якіх Arts and Culture паказвае працэс і вынікі стыпендыі;
- The Coast of Good Health: магчымасць далучыцца да выездаў у архівы і на мікрабіялагічны адбор проб, а таксама ўдзельнічаць у падрыхтоўцы сустрэчы з мясцовымі і актывісцкімі групамі ў Teignmouth вясной 2027 года. Пасля стыпендыі магчымая далейшая сумесная праца і заяўкі на фінансаванне;
- A Different Lens: каманда мяркуе, што вынікам могуць стаць лічбавыя або фізічныя выставы, гасцявыя семінары для профільных курсаў і публічныя падзеі. Канчатковы фармат выбірае творца;
- 100 GBP за падрыхтоўку і ўдзел у інтэрв'ю.
Што чакаецца ад удзельнікаў(-ц):
- Прыйсці без гатовай ідэі выніку і разам з камандай распрацаваць новую працу, звязаную з уласнай практыкай і ўніверсітэцкім кантэкстам;
- Мець да канца стыпендыі чарнавую працу ў развіцці — завершаны твор не патрабуецца, але праца павінна весці да адчувальнага выніку, які паказвае працэс і сэнс праекта;
- Дакументаваць і ацэньваць працэс — гэта частка праекта;
- Цесна кантактаваць з камандай Arts and Culture і дзяліцца працэсам з публікай ва ўніверсітэце і рэгіёне;
- Праводзіць час на кампусе.
Для заяўкі патрэбныя:
- Пісьмовы адказ на адну старонку: на якую стыпендыю вы падаецеся і які ўнёсак можаце зрабіць ва ўзаемакарысны абмен ведамі і практыкай;
- Да 6 выяваў працы або спасылка на адно відэа, калі гэта мае сэнс;
- CV.
Як падавацца:
Дашліце матэрыялы на artsandculture@exeter.ac.uk. Памер ліста — да 10 МБ. Падацца можна толькі на адну з дзвюх стыпендый.
Адбор:
Кандыдатаў(-ак) запрашаюць на анлайн-інтэрв'ю ў Teams. У камісіі — кіраўнік(-ца) групы, якая прымае стыпендыята(-ку), прадстаўнік(-ца) Arts and Culture і яшчэ адзін(-на) супрацоўнік(-ца) універсітэта. На кожны праект — адна стыпендыя.
Таймлайн:
- Інтэрв'ю A Different Lens — 30 лістапада 2026 года;
- Інтэрв'ю The Coast of Good Health — 2 снежня 2026 года;
- Праца — студзень – ліпень 2027 года;
- Сустрэча ў Teignmouth (The Coast of Good Health) — вясна 2027 года, дата пакуль не вызначаная.
Кантакт: artsandculture@exeter.ac.uk