ZMINA:Resilience — да 25 000 EUR на сумесныя мастацкія праекты Украіны і краін Creative Europe
ZMINA:Resilience — праект IZOLYATSIA Foundation (Украіна) і Malý Berlín (Славакія) з удзелам Trans Europe Halles (Швецыя). Другі набор фінансуе сумесную творчасць украінскіх мастакоў(-чак) і культурніцкіх арганізацый з калегамі з краін Creative Europe на тэму ўстойлівасці (resilience). Кожны партнёр мае адыгрываць прыкладна аднолькава важную ролю — творча, арганізацыйна або ў працы з аўдыторыяй.
Для каго:
Арганізацыі ў галіне мастацтва і культуры, зарэгістраваныя ў краінах — удзельніцах праграмы Creative Europe (краіны ЕС і шэраг краін па-за ЕС).
- У праекце мінімум два партнёры з дзвюх розных краін, і адзін з іх — з Украіны;
- Украінская арганізацыя павінна быць зарэгістраваная на тэрыторыі, якую фактычна кантралюе ўрад Украіны;
- Асобныя мастакі(-чкі) і фрылансеры(-кі) не могуць падавацца самі — толькі праз арганізацыю-партнёра, якая адпавядае ўмовам;
- Падыходзяць усе творчыя сектары, акрамя аўдыявізуальнага.
Што трэба зрабіць у межах праекта:
- Стварыць і паказаць міжнародную сумесную працу на тэму ўстойлівасці;
- Правесці публічны паказ у мясцовасці кожнага партнёра — мінімум два, у тым ліку ва Украіне;
- Укласціся ў тэрмін — да 7 месяцаў у межах перыяду з лютага да жніўня 2027 года.
Што прапануецца:
- Грант да 25 000 EUR, які пакрывае да 90% выдаткаў праекта (агульны бюджэт набору — 187 500 EUR, плануюць падтрымаць 7–10 праектаў);
- Выплаты: 70% — пасля падпісання дамовы, астатняе — пасля зацвярджэння справаздачы.
Гэта бюджэт праекта для арганізацый-партнёраў, а не асабістая выплата. Суфінансаванне абавязковае — не менш за 10% агульнага бюджэту праекта.
Што можа пакрывацца:
Па фіксаваных стаўках (незалежна ад рэальных выдаткаў):
- Ганарар за мастацкую працу — 75 EUR на чалавека ў дзень;
- Дарога — 350 EUR за паездку туды і назад;
- Мясцовая дарога (напрыклад, на трэнінгі) — 65 EUR за паездку туды і назад;
- Дадаткова 300 EUR за «зялёную» паездку — больш за 600 км у адзін бок не самалётам;
- Пражыванне і суткавыя — 75 EUR за ноч;
- Віза, калі патрэбная, — 80 EUR.
Паводле фактычных выдаткаў:
- Перавозка абсталявання, у тым ліку страхоўка;
- Матэрыялы і абсталяванне (толькі амартызацыя);
- Паслугі для рэалізацыі праекта: вытворчасць, арэнда абсталявання і памяшканняў для падзей;
- Камунікацыя, маркетынг і дакументацыя;
- Кіраванне і адміністраванне — да 20% агульнага бюджэту (грант разам з уласным унёскам).
Умовы:
- Усе выдаткі — толькі пасля падпісання дамовы і ў межах перыяду рэалізацыі;
- Падвойнае фінансаванне з бюджэту ЕС забаронена;
- Абавязкова выконваць патрабаванні ЕС да брэндынгу і бачнасці;
- Бюджэт ацэняць на эфектыўнасць і рэалістычнасць і могуць скарэктаваць перад падпісаннем дамовы.
Крытэрыі ацэнкі:
- Адпаведнасць мэтам набору і патэнцыял праекта для міжкультурнага дыялогу;
- Якасць: улік скразных тэм (лічбавізацыя, экалогія, інклюзія) і даступнасці, роўныя ролі партнёраў, маштаб — колькасць гледачоў і мясцовых паказаў;
- Уплыў і ўстойлівасць, у тым ліку планы на будучыя паказы.
Спачатку заяўкі праходзяць тэхнічную праверку, потым кожную ацэньваюць два незалежныя эксперты(-ткі). Канчатковае рашэнне прымае адборачная камісія з улікам геаграфічнай, сектаральнай і тэматычнай разнастайнасці. Індывідуальнага фідбэку не будзе, рашэнні канчатковыя.
Для заяўкі патрэбныя (PDF ад кожнага партнёра):
- Гарантыйны ліст па шаблоне, падпісаны кіраўніком(-цай) арганізацыі;
- Рэгістрацыйныя дакументы (для ўкраінскіх арганізацый — поўная выпіска з Адзінага дзяржаўнага рэестра, датаваная пасля 5 кастрычніка 2026 года);
- Статут або аналагічны дакумент — усе старонкі, з перакладам на англійскую, калі арыгінал на іншай мове;
- Форма заяўкі і бюджэт — запаўняюцца на платформе.
Мова заяўкі — англійская. Падае адзін вядучы заяўнік ад імя ўсяго партнёрства.
Дэдлайн: 4 снежня 2026 года, 23:59 па кіеўскім часе / 22:59 CET.
Таймлайн:
- Ацэнка заявак — снежань 2026 года;
- Вынікі — студзень 2027 года;
- Падпісанне дамоў — люты 2027 года;
- Рэалізацыя — люты–жнівень 2027 года.
Інфармацыйныя вэбінары:
- Па-ўкраінску — 27 кастрычніка 2026 года, 13:00 па Кіеве / 12:00 CET (рэгістрацыя);
- Па-англійску — 3 лістапада 2026 года, 14:00 па Кіеве / 13:00 CET (рэгістрацыя).
Кантакт: hi@zmina.eu — адказваюць цягам двух працоўных дзён.
Арганізатары:
IZOLYATSIA Foundation (Украіна), Malý Berlín (Славакія) з удзелам Trans Europe Halles (Швецыя). Праект суфінансуе Еўрапейскі саюз.