Прэзентацыя альбома «Карова белая» Светы Бень і .К у Берліне

Берлін стане першым горадам, дзе музыкі прадставяць альбом «Карова белая». Нагадаем, ужо выйшаў першы сінгл «Дух дыхае».
Гэты альбом — сольны праект Святланы Бень, але па сваёй сутнасці —паўнавартасная калабарацыя двух артыстаў.
Менавіта тут, у Берліне, пасля невялікага сумеснага еўрапейскага тура мінулай вясной, нарадзілася ідэя гэтай кружэлкі. Падчас доўгіх прагулак па горадзе музыкі вырашылі, што песні, падрыхтаваныя для канцэртнай праграмы, абавязкова павінны быць запісаныя. Паступова гэтая думка перарасла ў ідэю стварыць паўнавартасны альбом.
У «Карову белую» ўвайшлі песні розных гадоў: адны былі напісаныя зусім нядаўна, другія ўжо пражылі доўгае канцэртнае жыццё, але ніколі раней не выдаваліся, а некаторыя з'явіліся ўжо падчас працы над запісам.
Усе кампазіцыі атрымалі новае музычнае прачытанне дзякуючы Яўгену Кучмейну, які аранжыраваў, музычна спрадзюсаваў, запісаў і звёў увесь альбом, прыўнёсшы ў яго сваё адметнае гучанне і аўтарскі погляд.
Запіс праходзіў на перасоўнай студыі «Нёман-9», якая вандруе разам з музыкам. Апошні год студыя знаходзілася ў Малых Азеранах на Падляшшы, недалёка ад беларускай мяжы, дзе і быў створаны альбом.
Праз крыху больш чым год пасля той берлінскай прагулкі Святлана Бень і Яўген Кучмейна вяртаюцца ў горад, дзе пачалася гісторыя «Каровы белай», каб упершыню прадставіць яе слухачам.