На якіх сайтах можна знайсці такія магчымасці? Вылучаем некалькі груп з канкрэтнымі прыкладамі.
Сайты-агрэгатары ад арганізацый і сетак па тэмах мабільнасці ў мастацтве і культуры
- Самы вялікі рэсурс для пошуку рэзідэнцый – www.resartis.org. Адначасова гэта сайт сусветнай сеткі арганізатараў арт-рэзідэнцый – ад дзяржаўных установаў да самаарганізаваных творцамі. Res Artis агрэгуе інфармацыю пра рэзідэнцыі з усяго свету і праводзіць для іх канферэнцыі, на якіх арганізатары AiR-праграм знаёмяцца і абменьваюцца досведам. На сайце шукаць іх можна не толькі па краінах, гарадах і тэрмінах, але і, напрыклад, па спецыялізацыях і нават па матэрыялах, з якімі рэзідэнцыя працуе. Можна ўключыць фільтры: скажам, каб пошук не выдаваў рэзідэнцый, дзе вам давядзецца плаціць за знаходжанне. Аднак гэты пункт трэба правяраць кожны раз асобна.
- TransArtists.org – сайт-агрэгатар ад DutchCulture, нідэрландскай арганізацыі, якая прапануе «нетворкінг і веды» для падтрымкі як свайго нацыянальнага культурніцкага сектару, так і міжнароднага культурнага супрацоўніцтва. Платформа TransArtists факусуецца на арт-рэзідэнцыях і акумулюе вялікую іх базу з усёй планеты. Сайт мае актуальны дызайн, зручную структуру для публікацый не толькі абвестак, але і іншай карыснай інфармацыі для творцаў. Тут можна знайсці сістэматызаваныя парады па падачы заявак, фінансаванні і планаванні знаходжання ў рэзідэнцыях.
- On-the-move.org – гэта сайт-агрэгатар ад аднайменнай глабальнай сеткі культурніцкіх арганізацый, якія прапануюць магчымасці прафесійнай мабільнасці ў розных сферах мастацтва. У структуры самой сеткі ёсць некалькі працоўных груп па пэўных тэмах: група інфармацыйных пунктаў мабільнасці, група вымушанай мабільнасці, група фундатараў мабільнасці, група, арыентаваная на экалагічную павестку, і група міжнародных праграм прафесійнага развіцця. Таму суперсіла On the Move – заўсёды бясплатныя анонсы ад моцных і шматлікіх партнёраў, плюс дзясяткі аналітычных дакументаў па мабільнасці і фінансаванні для дзеячаў культуры і кансультацыйныя праграмы.
- Яшчэ адзін актыўны, але параўнальна менш вядомы рэсурс – www.rivet.es. Тут даволі зручная сістэма пошуку – у прыватнасці, лёгка зразумець, ці прапануе рэзідэнцыя фінансаванне праекта і пражыванне, або патрабуе выдаткаў з вашага боку. Дарэчы, з’яўленне гэтага сайта-агрэгатара таксама стала вынікам адной з арт-рэзідэнцый.
- Развіваецца таксама ArtRabbit – платформа для адкрыцця мастацтва, якая мае раздзел для оўпэнколаў, прапануе email-рассылку і рэгулярныя падборкі, а таксама мае свой мабільны дадатак. Яшчэ год таму вялікая доля анонсаў там тычылася Вялікабрытаніі, зараз жа геаграфічны спектр абвестак глабальны, пры гэтым платформа ўжо на ўваходзе прапануе Artist opportunities з вашага рэгіёна.
- CuratorSpace – платформа з падобным фунцыяналам, якая звязвае творцаў і куратарамі ад галерэй ці арт-рэзідэнцыйных праграм. Тут можна падпісацца на навіны, а калі залагініцца на платформу, то і настроіць пад сябе тыпы цікавых вам магчымасцяў і іх тэматыку.
- Існуюць таксама добрыя агрэгатары на платнай аснове, якія прапануюць зручную для наладкі пад сябе базу оўпэнколаў, а таксама шэраг адукацыйных матэрыялаў для арт-дзеячаў. Напрыклад, на artenda.net ёсць бясплатны тэставы перыяд, а сама падпіска на сервіс хутчэй сімвалічная – каля 3,5 еўра на месяц. Там жа можна і апублікаваць свае анонсы.
Рэгіянальныя вэб-рэсурсы і дапаможнікі ад профільных арганізацый
- Калі вы шукаеце магчымасці ў Штатах і Канадзе, то час ад часу заходзьце ў раздзел Calls for Artists на The ArtGuide. Гэта сціплы па дызайне, але добра структураваны інтэрнэт-рэсурс, які змяшчае базу мастацкіх конкурсаў, адкрытых конкурсаў і магчымасцяў для творцаў з усяго свету. Шмат конкурсаў ад галерэй выставаў сучаснага мастацтва, прэмій і грантаў для творцаў публікуе інтэрнэт-каталог Re-title. А таксама можна вылучыць creative-capital.org – гэта амерыканская арганізацыя Creative Capital, якая дае вельмі вялікія гранты на рэалізацыю арт-праектаў, але, акрамя таго, стварае ўласныя падборкі рэзідэнцый. Сэнс у тым, што вам не трэба сумнявацца, ці добрыя гэта прапановы: у такія курыраваныя падборкі трапляюць толькі сапраўды годныя праграмы.
- Калі вас цікавяць рэзідэнцыі ў краінах Еўропы, то ёсць добры сістэматызаваны матэрыял для пошуку, напрыклад, арт-рэзідэнцый па краінах Вышаградскай групы: Польшча, Чэхія, Славакія, Венгрыя. «Феномен арт-рэзідэнцый у краінах Вышаградскай групы» – гэта выніковае даследаванне ў рамках міжнароднага праекта Connecting V4 ART-IN-RES. Даследаванне і добра апісвае важнасць арт-рэзідэнцыі, і дае наўпроставы спіс арганізатараў арт-рэзідэнцый з набольш блізкага нам рэгіёна. Пачытаць яго можна анлайн як PDF-брашуру на issuu.com. Альбо, калі вы жывяце ці праездам у Варшаве, фізічны асобнік можна бясплатна ўзяць, папярэдне замовіўшы праз Telegram-чат @sekktor_hello.
- Базу ведаў адмыслова для беларусаў крок за крокам фармуе «Амбасада Культуры» – новая ўстанова ад заснавальніц менскай галерэі «Ў» Ганны Чыстасердавай і Валянціны Кісялёвай. На сайце рэзідэнцыйнага праекта PerspAaktiv, якую яны ладзяць з партнёрамі, можна знайсці спіс праграм і рэзідэнцый, якія вылучыліся супрацай з беларускімі творцамі, куратарамі і арт-даследчыкамі; а таксама відэа-эксплейнеры, якія дапамогуць зарыентавацца ў еўрапейскай арт-інфаструктуры і магчымасцях супрацы з мастацкімі інстытуцыямі ў розных краінах ЕС і асобных важных кропках беларускай дыяспары.
Суполкі і адмысловыя акаўнты ў сацыяльных сетках
Групы ў Facebook. Падаецца, гэтая сацсетка страціла былую папулярнасць сярод беларусаў. Але яе алгарытмы у адказ на ўвядзенне ў раздзеле «Суполкі» запыту open calls for artists выдадуць дзясяткі груп, і сярод іх можна выбраць некалькі буйнейшых і самых жывых, адпаведных вашым сферам дзейнасці і рэгёну. Напрыклад, мы любім карыстацца:
- OPEN CALLS (суполка-лідар з больш за 156 тысяч падпісчыкаў) і OPEN CALLS / RESIDENCIES / OPPORTUNITIES FOR ARTISTS (каля 100 тысяч удзельнікаў). Тут публікуюцца оўпэнколы з усёй планеты, з даволі раўнамернай размеркаванасцю па краінах і рэгіёнах, а таксама па сферах дзейнасці і культурніцкіх прафесіях.
- Literary residencies: open calls for writers and translators – суполка з больш за 2500 удзельнікаў – аўтараў і перакладчыкаў па розных літаратурных жанрах. Гэта група паўстала як унутраная пляцоўка польскай праграмы сеткі UNESCO Cities of Literature, якую супольна рэалізуюць (у тым ліку з таргетам на беларусаў) Гарадскі Інстытут культуры ў Гданску, KBF – Культурніцкі офіс Кракава і Старамейскі Дом культуры ў Варшаве. Аднак апошнім часам у суполцы публікуюцца таксама оўпэнколы з Цэнтральна- і Усходнееўрапейскага рэгіёну агулам. Група закрытая, але можна трапіць, абгрунтаваўшы сваю адпаведнасць па прафесіі.
І канешне, Instagram, які называюць сацыяльным медыя для візуалаў. Тут найпрасцей наладзіць сваю стужку магчымасцямі, падпісаўшыся на старонкі цікавых вам мастацкіх, культурніцкіх і грамадскіх арганізацый, якія займаюцца арт-праектамі, а таксама на асобных арт-дзеячаў – медыяінфлюэнсераў.
У Інстаграме нам зручна сачыць за «дырэкторыем рэпостаў оўпэнколаў», які прадказальна называецца open call for artists. Яго ўладальніца і энтузіастка – ювелірная мастачка Dee, якая спантанна вырасціла кам’юніці мікраблог з уласнага акаўнту. Калі вы любіце гартаць сторыс і калі яшчэ не падпісаліся на профіль Вольгі Мжэльскай, то зрабіце гэта літаральна зараз – яна рэгулярна публікуе абвесткі магчымасцяў, асабліва з Польшчы і бліжэйшых краін.
Канал sekktor з’явіўся ў Telegram з задачай стаць такой крыніцай інфармацыі пра магчымасці, даступныя для беларускіх дзеячаў і дзяячак мастацтва і культуры. Пры тым крыніцай з хуткім, літаральна падручнага доступам, бо дэдлайны маюць уласцівасць падгараць у любыя часы, а ў сённяшнія – арыентацыя ў магчымасцях, як і развівацца, і нават застацца ў сваёй культурніцкай прафесіі, – на вагу золата. Мы імкнемся прапанаваць больш яшчэ інфармацыі, якая будзе пасаваць профілю і інтарэсам кожнага асобнага творцы ці культменеджара, з больш зручнымі карыстальніцкім досведам. Таму неўзабаве – запросім тэставаць уласную платформу.