Перайсці да асноўнага зместу

Culture Moves Europe 2026–2027 — гранты арганізацыям на міжнародныя рэзідэнцыі

18 студзеня 2027, 23:59 CET
12 красавіка 2027 — 31 сакавіка 2028
Бясплатна
55 000 EUR

Culture Moves Europe — схема мабільнасці ЕС у межах Creative Europe, якую рэалізуе Goethe-Institut. Гэты набор — для тых, хто хоча прыняць у сябе рэзідэнцыю: арганізацыя падае канцэпцыю, а ў выпадку адбору сама выбірае ад 1 да 5 рэзідэнтаў(-ак) з іншых краін Creative Europe. Праект рэзідэнцыі павінен адпавядаць дзвюм з пяці мэт: ствараць, навучацца, даследаваць, наладжваць сувязі або трансфармаваць.

Для каго:

Юрыдычныя асобы, якія зарэгістраваныя і базуюцца ў адной з краін Creative Europe (у тым ліку ў заморскіх краінах і тэрыторыях і аддаленых рэгіёнах ЕС): некамерцыйныя арганізацыі, культурныя цэнтры, музеі, фонды, кампаніі, грамадскія арганізацыі, а таксама, паводле арганізатараў, самазанятыя. Арганізацыя павінна працаваць у адной з галін:

  • Архітэктура;
  • Культурная спадчына;
  • Дызайн і дызайн адзення;
  • Літаратура;
  • Музыка;
  • Сцэнічныя мастацтвы;
  • Візуальныя мастацтвы.

Падыходзяць і зусім новыя арганізацыі, і тыя, што працуюць даўно.

Краіны Creative Europe — гэта 27 краін ЕС і шэраг іншых, сярод іх Украіна, Малдова, Грузія і Арменія.

Беларусы(-кі), якія легальна жывуць у краіне Creative Europe, могуць стаць рэзідэнтамі(-камі), калі іх абярэ арганізацыя з іншай краіны праграмы. Асабліва чакаюць мастакоў(-чак) і культурных прафесіяналаў(-ак) у выгнанні, якія легальна жывуць у краіне Creative Europe і маюць статус бежанца або гуманітарную абарону.

Фармат:

  • Дзве фазы: спачатку падаецца канцэпцыя рэзідэнцыі і дакументы арганізацыі, а пасля адбору — звесткі пра выбраных рэзідэнтаў(-ак);
  • Працягласць — ад 21 да 90 дзён: кароткатэрміновая рэзідэнцыя (21–31 дзень), сярэднетэрміновая (32–62 дні) або доўгатэрміновая (63–90 дзён), лічацца толькі дні самой рэзідэнцыі, без падрыхтоўкі і дарогі рэзідэнтаў(-ак);
  • Рэзідэнцыя ідзе адным бесперапынным перыядам: перапынкі і падзел на этапы не дазваляюцца, а ўсе рэзідэнты(-кі) ўдзельнічаюць у ёй ад першага да апошняга дня;
  • Рэзідэнцыя праходзіць у краіне, дзе зарэгістраваная арганізацыя. Трэба вызначыць асноўны горад або вёску, дзе рэзідэнты(-кі) жывуць і працуюць; частку праграмы можна правесці ў іншых месцах той жа краіны, калі гэта патрэбна для мэт рэзідэнцыі і абгрунтавана ў заяўцы;
  • Рэзідэнты(-кі) — ад 1 да 5 чалавек ад 18 гадоў (верхняй мяжы ўзросту няма), якія легальна жывуць у іншай краіне Creative Europe і працуюць у адной з сямі галін; грамадзянства не мае значэння. Рэзідэнтамі(-камі) не могуць быць тыя, хто ўжо ўдзельнічаў(-ла) у рэзідэнцыях набораў 2025–2026 або 2026–2027 гадоў, а таксама ментары(-кі) гэтага ж праекта;
  • Рэзідэнтаў(-ак) можна запрасіць напрамую, выбраць праз уласны адкрыты набор або спалучыць абодва спосабы — так, як апісана ў заяўцы.

Што прапануецца:

Прымаючай арганізацыі:

  • 50 EUR у дзень на кожнага рэзідэнта(-ку);
  • Пры патрэбе — падтрымка даступнасці: 375, 675 або 1200 EUR у залежнасці ад працягласці рэзідэнцыі, на дадатковыя выдаткі, звязаныя з патрэбамі рэзідэнтаў(-ак).

Кожнаму рэзідэнту(-цы):

  • Суткавыя — 30 EUR у дзень;
  • На дарогу — 400 EUR (адлегласць да 5000 км) або 800 EUR (ад 5000 км), адлегласць форма разлічвае аўтаматычна па прамой у адзін бок;
  • Дадаткова за экалагічную дарогу (любы транспарт, акрамя самалёта, пры адлегласці ад 600 км) — 400 EUR;
  • Дадаткова на візу — 120 EUR;
  • Дадаткова для бацькоў — 200 EUR на кожнае дзіця да 18 гадоў;
  • Дадаткова для тых, хто едзе з заморскіх краін і тэрыторый або аддаленых рэгіёнаў ЕС ці туды, — 175 EUR;
  • Падтрымка даступнасці: 375, 675 або 1200 EUR у залежнасці ад працягласці, аплата асабістага асістэнта(-кі) або перакладчыка(-цы) жэставай мовы, магчымасць ляцець самалётам на адлегласць менш за 600 км.

Усе дадатковыя выплаты і падтрымку даступнасці трэба запытаць у residency info card на другой фазе — пазней папрасіць іх нельга.

Максімальная сума гранта — 55 000 EUR, з падтрымкай даступнасці — 60 000 EUR.

Увесь грант Goethe-Institut пералічвае арганізацыі на рахунак у банку з краіны Creative Europe, а арганізацыя сама перадае рэзідэнтам(-кам) іх часткі: суткавыя, грошы на дарогу, дадатковыя выплаты і падтрымку даступнасці. Спосаб і графік выплат фіксуюцца ў дамове з кожным(-ай) рэзідэнтам(-кай). Калі арганізацыя па дамоўленасці сама купляе білеты, рэзідэнт(-ка) усё роўна атрымлівае рэшту ад поўнай сумы на дарогу.

Грант выплачваецца двума траншамі: 60% асноўных сум — цягам 30 дзён пасля падпісання грантавай дамовы, астатнія 40% і ўсе дадатковыя выплаты — пасля зацвярджэння справаздачы.

Умовы:

  • Мець рэсурсы, каб правесці рэзідэнцыю, і забяспечыць рэзідэнтаў(-ак) належным жытлом і працоўнай прасторай;
  • Прызначыць мінімум аднаго ментара(-ку), які(-ая) будзе суправаджаць рэзідэнтаў(-ак) у творчай працы;
  • Самастойна выбраць рэзідэнтаў(-ак) з іншых краін Creative Europe і падаць пра іх residency info card;
  • Не браць з рэзідэнтаў(-ак) платы за ўдзел. Разумны ўнёсак можна прасіць толькі за харчаванне, сумесныя абеды або мясцовы транспарт, калі іх забяспечвае арганізацыя, і па дамоўленасці з рэзідэнтамі(-камі);
  • Заключыць з кожным(-ай) рэзідэнтам(-кай) дамову на англійскай мове: агульная сума і яе складнікі, спосаб і графік выплат, працягласць рэзідэнцыі, згадка пра падтрымку Culture Moves Europe;
  • Пазначаць падтрымку Culture Moves Europe у публікацыях і матэрыялах праекта;
  • Цягам 30 дзён пасля заканчэння рэзідэнцыі падаць справаздачу: дамовы з рэзідэнтамі(-камі), падпісаныя імі пацверджанні ўдзелу, білеты, адзін дакумент пра пражыванне, два фінансавыя дакументы пра выдаткі арганізацыі і 5 фота або іншых файлаў з рэзідэнцыі.

Не падтрымліваюцца:

  • Больш за адну заяўку ад адной арганізацыі — разглядаецца толькі першая;
  • Праекты, якія ўжо фінансуюцца з бюджэту ЕС на тыя ж даты і выдаткі;
  • Рэзідэнцыі, звязаныя з атрыманнем акадэмічнай ступені рэзідэнтамі(-камі) або камандай;
  • Праекты выключна ў аўдыявізуальнай сферы, звязаныя з кінаіндустрыяй і разлічаныя на паказ на ТБ, у кіно, на платных стрымінгавых або гульнявых платформах;
  • Праекты выключна пра нон-фікшн: біяграфіі, эсэ без мастацкіх элементаў, даведнікі, навуковыя працы і падобнае;
  • Рэзідэнцыі, якія толькі паказваюць ранейшыя працы рэзідэнтаў(-ак): выставы, канцэрты, спектаклі;
  • Арганізацыі, чые супрацоўнікі(-цы) працуюць у Goethe-Institut, інстытуцыях і агенцтвах ЕС або ўваходзяць у пул экспертаў(-ак) Culture Moves Europe;
  • Арганізацыі, зарэгістраваныя ў Расіі або больш як на 50% у ўласнасці такіх арганізацый.

Крытэрыі ацэнкі:

Заяўкі ацэньваюць па 20-бальнай шкале:

  • Наколькі праект пабудаваны вакол дзвюх абраных мэт — 4 балы;
  • Запланаваныя актыўнасці і ролі ў камандзе — 4 балы;
  • Доўгатэрміновы ўплыў на арганізацыю, кар'еры рэзідэнтаў(-ак), мясцовую супольнасць і міжнароднае поле — 4 балы;
  • Памяшканні, абсталяванне і пражыванне — 3 балы;
  • Ментары(-кі) і план ментарства — 2 балы;
  • Экалагічная ўстойлівасць — 2 балы;
  • Празрысты працэс адбору рэзідэнтаў(-ак) — 1 бал.

Каля 60% падтрыманых праектаў — кароткатэрміновыя рэзідэнцыі, каля 25% — сярэднетэрміновыя, каля 15% — доўгатэрміновыя. Канчатковы адбор робіць журы з прадстаўнікамі(-цамі) Еўракамісіі і Goethe-Institut з улікам геаграфічнага і галіновага балансу. Фідбэк на заяўкі не даюць.

Для заяўкі патрэбныя:

  • Канцэпцыя рэзідэнцыі для 1–5 рэзідэнтаў(-ак), якая адпавядае дзвюм мэтам праграмы;
  • Дакумент, які пацвярджае статус юрыдычнай асобы;
  • Мастацкае партфоліа арганізацыі або прэзентацыйныя матэрыялы пра яе дзейнасць;
  • Кароткае CV ментара(-кі).

Усе дакументы падаюцца ў PDF. Партфоліа і CV (1–2 старонкі на кожнага(-ую) ментара(-ку)) — па-англійску, дакумент пра рэгістрацыю — на любой мове.

На другой фазе для кожнага рэзідэнта(-кі) спатрэбяцца дакумент, які сведчыць асобу, кароткае CV, партфоліа і пацвярджэнне легальнага пражывання.

Форма запаўняецца па-англійску. Свабоднае валоданне мовай не патрабуецца: можна карыстацца анлайн-перакладчыкамі, моўныя навыкі не ацэньваюцца.

Усе заяўкі разглядаюць пасля дэдлайну, кожную ацэньваюць два незалежныя эксперты(-кі).

  • Прыём заявак — з 15 кастрычніка 2026 года па 18 студзеня 2027 года;
  • Вынікі першай фазы — да 9 сакавіка 2027 года праз Goethe-Application Portal;
  • Выбар рэзідэнтаў(-ак) і residency info card — з 9 сакавіка па 31 ліпеня 2027 года (23:59:59 CEST);
  • Грантавую дамову рыхтуюць да 30 дзён пасля адабрэння карткі, таму падаць яе варта мінімум за 30 дзён да пачатку рэзідэнцыі;
  • Самы ранні пачатак рэзідэнцыі — 12 красавіка 2027 года, самае позняе заканчэнне — 31 сакавіка 2028 года.

Як падавацца:

Зарэгіструйцеся ў Goethe-Application Portal як «Organisation/Enterprise», выберыце «Culture Moves Europe funding», а потым — «call for residency hosts 2026-2027». Чарнавік можна захоўваць і рэдагаваць да адпраўкі. Перад падачай уважліва прачытайце call document на старонцы набору.

Пасля адпраўкі заяўку змяніць нельга. Падаваць яе павінен(-на) чалавек, які(-ая) мае права прадстаўляць арганізацыю, — заяўкі ад трэціх асоб не прымаюцца.

Кантакт: CultureMovesEurope.Residency@goethe.de. Пакуль набор адкрыты, штомесяц праходзяць анлайн-сесіі Question Time для residency hosts, дзе каманда адказвае на пытанні.

Арганізатар: Еўрапейская камісія (праграма Creative Europe), рэалізуе Goethe-Institut.