Стыпендыяльная праграма Gaude Polonia: 6 месяцаў на творчую працу ў любым горадзе Польшчы
Польскі Нацыянальны Цэнтр культуры аб'явіў 26-ы набор на адну з найвялікшых стыпендыяльных праграм, даступных для беларускіх дзеячаў і дзяячак культуры і мастацтваў.
На паўгадовую стыпендыю могуць прэтэндаваць творцы з краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы і постсавецкіх дзяржаў (у першую чаргу з Беларусі і Украіны), якія прадстаўляюць наступныя сферы: кіно, фатаграфію, кансервацыю твораў мастацтва, літаратуру/пераклад, музейную справу, музыку, візуальныя мастацтвы, тэатр, а таксама гісторыю і крытыку кіно, музыкі, мастацтва, тэатра. Набор заявак будзе доўжыцца да 15 кастрычніка 2026 года.
Праграма Gaude Polonia была заснавана ў 2003 годзе. Яна служыць умацаванню культурных сувязяў і будаўніцтву добрых адносін Польшчы з яе суседзямі (у першую чаргу з Украінай і Беларуссю), прасоўванню польскай культуры ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе і постсавецкіх дзяржавах, а таксама супрацоўніцтву паміж мастацкімі супольнасцямі Польшчы і краін Усходняй Еўропы. На працягу 25 выпуску праграмы было прысуджана 1058 стыпендый.
Стыпендыя забяспечвае фінансаванне паўгадовага знаходжання ў Польшчы і навуковае кіраўніцтва выбітных польскіх настаўнікаў – экспертаў з розных сфер культуры і мастацтва.
У наступным XXVI выпуску праграмы, які будзе рэалізаваны ў перыяд з 1 лютага па 31 ліпеня 2027 года, памер стыпендыі складзе 5000 злотых брута ў месяц.
Сферы:
- кіно (у тым ліку гісторыя кіно і кінакрытыка),
- візуальныя мастацтвы (у тым ліку фатаграфія і мастацкая крытыка),
- ахова помнікаў (у тым ліку кансервацыя твораў мастацтва і музейная справа),
- літаратура (у тым ліку пераклад),
- музыка (у тым ліку музычная крытыка),
- тэатр (у тым ліку тэатральная крытыка),
- танец.
Як падаць заяўку:
- Заяўкі на праграму Gaude Polonia можна падаваць у папяровым або электронным выглядзе.
- Заяўку ў папяровым выглядзе трэба падаць асабіста або адправіць па пошце на адрас: Narodowe Centrum Kultury, ul. Płocka 13, 01-231 Warszawa.
- Заяўка павінна ўключаць сканы як мінімум двух рэкамендацый, партфоліа, скан дыплома аб заканчэнні вучобы з прысяжным перакладам на польскую мову. Чакаюцца рэкамендацыі ад творцаў, прызнаных у дадзенай сферы ў самой Польшчы. Да дакументаў неабходна далучыць флэшку з музычнымі запісамі або партфоліа з працамі кандыдата. У выпадку паштовай адпраўкі вызначальную значнасць мае дата паштовага штэмпеля.
- Заяўку ў электронным выглядзе трэба адправіць у фармаце PDF, як файл з электронным подпісам або ў выглядзе скана запоўненага і падпісанага дакумента.
- Заяўку разам з дадаткамі трэба адправіць на адрас: gaudepolonia@nck.pl
Умовы ўдзелу ў конкурсе:
- грамадзянства Беларусі/Украіны або іншай краіны Цэнтральна-Усходняй Еўропы і постсавецкіх дзяржаў;
- узрост да 40 гадоў (у выключных выпадках да 45 гадоў);
- вышэйшая адукацыя;
- досвед у прадстаўленай кандыдатам сферы;
- праект стыпендыі.
Фармальную ацэнку заявак ажыццяўляе НЦК на працягу 45 дзён з даты завяршэння набору заявак. Ацэнка зместу даручаецца Камісіі, прызначанай Міністрам культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча. Стыпендыі прысуджаюцца рашэннем Міністра на падставе рэкамендацый Камісіі.
Рашэнне аб прысуджэнні стыпендыі прымаецца не раней за 1 снежня 2026 года, але не пазней за 15 снежня 2026 года.
Арганізатарам конкурсу з'яўляецца Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы, ад імя якога мерапрыемствы, звязаныя з конкурсам, праводзіць Нацыянальны цэнтр культуры.