The Human Thread — гранты National Geographic да 100 000 USD на гісторыі пра культуры і рэлігіі
Для каго:
Людзі ад 18 гадоў з розных краін, якія распавядаюць гісторыі праз фатаграфію, кіно, журналістыку, падкасты, вусную гісторыю і іншыя медыя. Перавагу аддаюць тым, хто сам належыць да супольнасці, пра якую расказвае, або мае з ёй даўнія і трывалыя сувязі.
Заяўку падаюць па-англійску. Як Principal Investigator (кіраўнік(-ца) праекта) пазначаюць таго, хто сам стварае праект або выбудоўвае з матэрыялу гісторыю. У форме трэба выбраць асноўную дысцыпліну «Storytelling» і напрамак «Human Histories and Cultures». Падавацца могуць і National Geographic Explorers, і тыя, хто яшчэ не ў супольнасці. Атрымальнікі(-цы) падтрымкі з COVID-19 Emergency Fund for Journalists і ўдзельнікі(-цы) Young Explorer Program могуць падавацца на Level I.
Тэмы, якія арганізатары(-кі) прыводзяць як прыклад (спіс не закрыты):
- Археалагічныя помнікі, роспісы або руіны і супольнасці нашчадкаў, якія жывуць побач з імі сёння;
- Людзі і групы, якія вяртаюць да жыцця знікаючыя веды — мовы, рамёствы, старыя спосабы земляробства — і прыстасоўваюць іх да XXI стагоддзя;
- Змены старажытных рэлігійных традыцый і духоўных практык у глабальным свеце — ад рытуалаў у сучасных гарадах да веры ў лічбавай прасторы;
- Схаваныя або забытыя гістарычныя пласты ў сённяшніх ландшафтах, паказаныя візуальна — напрыклад, праз 3D-рэканструкцыю ці імерсіўную фатаграфію;
- Міграцыі людзей, ідэй і традыцый праз тысячагоддзі і іх сённяшнія адгалоскі.
Фармат — любы, у тым ліку на некалькіх платформах: фатаграфія, дакументальнае кіно, кароткія відэа, 3D-рэканструкцыі; падкасты, архівы вуснай гісторыі, дакументаванне музычнай спадчыны; вялікія журналісцкія матэрыялы, лічбавыя і імерсіўныя гісторыі; выставы, варкшопы з супольнасцю, публічныя інсталяцыі. Конкурс адкрыты і для аўтараў(-рак) на раннім этапе кар'еры, і для дасведчаных.
Што прапануецца:
- Грант Level I — да 20 000 USD (≈ 17 000 EUR) на праект працягласцю год. Для тых, хто раней не атрымліваў фінансавання ад National Geographic;
- Грант Level II — да 100 000 USD (≈ 86 000 EUR) на праект да двух гадоў. Для больш дасведчаных аўтараў(-рак);
- Статус National Geographic Explorer — доступ да супольнасці, навучання і сеткавых магчымасцяў фонду.
Грошы выдзяляюць на праект паводле бюджэту. Ці можна закласці ў яго ўласны ганарар, у публічным апісанні не пазначана — праверце бюджэтныя рэкамендацыі National Geographic.
Што чакаецца ад удзельнікаў(-ц):
- Пачаць праект не раней чым праз шэсць месяцаў пасля дэдлайну, гэта значыць не раней за чэрвень 2027 года;
- Законным шляхам атрымаць усе дазволы, патрэбныя ў краіне, дзе ідзе праца;
- Пасля праекта здаць фінальную справаздачу і медыяматэрыялы — без гэтага нельга падавацца на наступныя гранты фонду.
Для заяўкі патрэбныя:
- Акаўнт на Funding Portal National Geographic;
- Апісанне праекта, бюджэт і звесткі пра партнёраў(-рак);
- Партфоліа ранейшых медыяпраектаў.
Крытэрыі ацэнкі:
- Партфоліа з паспяховымі медыяпраектамі, якое паказвае тэхнічны досвед і веданне тэмы: сайт, Vimeo, Instagram або PDF (да закрытых спасылак трэба даць доступ або пароль);
- Публікацыі ў рэдагаваных выданнях з праверкай фактаў — міжнародных або мясцовых — і наватарскі падыход да медыя;
- Свежая ідэя: гісторыя, пра якую не чытаюць кожны дзень, зразумелая шырокай аўдыторыі;
- Нюансаваны погляд без чорна-белых і састарэлых схем;
- Выразна апісаная аўдыторыя і план, як да яе дайсці;
- Рэалістычны бюджэт, які пакрывае ўсё апісанае ў праекце (з пазнакай, што аплачваецца з іншых крыніц), і аплата працы каманды — у тым ліку людзей з мясцовай супольнасці, калі яны ўдзельнічаюць;
- Абгрунтаванне, навошта ў праекце кожны(-ая) ўдзельнік(-ца) каманды;
- Мапа ўдзельнікаў(-ц): людзі, групы і супольнасці па-за камандай, якія ўплываюць на праект або на якіх ён уплывае;
- План ацэнкі ўплыву праекта — абавязковы для ўсіх заявак;
- Сумесная праца з супольнасцю, а не проста збор матэрыялу: размова з карэннымі народамі і мясцовымі супольнасцямі яшчэ да таго, як план зафіксаваны; павага да іх досведу, аўтаноміі, сістэм ведаў і інтэлектуальнай уласнасці;
- Дазволы супольнасці для праектаў пра сакральныя або закрытыя веды: хто з прадстаўнікоў(-ніц) супольнасці дае згоду і як будуць вырашацца атрыбуцыя, доступ і абмежаванні на публічны паказ;
- Гатоўнасць вярнуць гісторыю ў супольнасць, з якой яна паходзіць;
- Цікавасць да супольнасці National Geographic Explorers і досвед удзелу ў калектывах, калабарацыях або ментарскіх праграмах.
Дэдлайн: 1 снежня 2026 года.
Да 23:59 EST (2 снежня 2026 года, 05:59 CET). Пра вынікі паведамяць з траўня па верасень 2027 года.
Пытанні можна задаць праз кнопку Contact Us на старонцы конкурсу або ў Support Center National Geographic.
Арганізатар: National Geographic Society (Вашынгтон, ЗША) пры падтрымцы Lilly Endowment Inc.