Беларуская рэжысёрка Дар’я Жук, вядомая па фільме “Крышталь”, пачынае працу над навукова-фантастычным сатырычным фільмам на тэму сучаснага аўтарытарызму, піша Variety.

Фільм “Менавіта тое, што здаецца” будзе заснаваны на апавяданні беларускай пісьменніцы і журналісткі Таццяны Заміроўскай. Яна ж выступіць у якасці суаўтара сцэнарыя.

З фільма мы даведаемся пра гісторыю пары, якая шукае палітычны прытулак у ЗША. Надзю і Фёдара раптоўна тэлепартуюць у Беларусь з дапамогай таямнічай квантавай тэхналогіі, створанай вучонымі пры аўтарытарным рэжыме.