З 12 верасня па 27 кастрычніка ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў дзейнічае мемарыяльная выстава Захара Кудзіна «З’ява».

Захар Кудзін – беларускі творца, які атрымаў прызнанне на радзіме і за яе межамі, самы малады мастак, чыя работа знаходзіцца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Кароткі жыццёвы шлях Захара быў насычаны творчымі падзеямі і дасягненнямі. Мастак актыўна прымаў удзел у выставах, прадстаўляў беларускае сучаснае мастацтва на міжнародных форумах. Творы Захара Кудзіна знаходзяцца ў шматлікіх калекцыях Беларусі і замежжа.

Пазнавальная аўтарская манера і моцны эмацыянальны пасыл работ Захара Кудзіна ўражваюць самае шырокае кола гледачоў.

Выстава “З’ява” – гэта спроба асэнсаваць феномен творцы, які стаў адной з самых яркіх зорак беларускага мастацтва апошніх дзесяцігоддзяў.

Разнастайныя напрамкі дзейнасці Захара Кудзіна прадстаўляюць і творы, якія ўжо добра вядомыя, і работы, якія не экспанаваліся раней. Таксама ў экспазіцыі прадстаўлены фота і відэа з семейнага архіва, асабістыя фотаздымкі Захара. Увазе гледача прапануецца значная частка творчай спадчыны мастака, які стаў сапраўднай з’явай айчыннай культуры.

Пляцоўка: НЦСМ, вул. Някрасава, 3.

Час працы выставы: серада-нядзеля, з 12:00 да 20:00.