У Варшаве стартаваў летні кінафестываль "Пад агульным небам" — праграма

Centrum Myśli Jana Pawła II / PAP/Albert Zawada
Centrum Myśli Jana Pawła II / PAP/Albert Zawada

У дворыку Centrum Myśli Jana Pawła II будуць паказваць фільмы з Украіны, Беларусі, Грузіі, В’етнама і Індыі. Ідэя праекта нарадзілася чатыры гады таму як творчы водгук на змены ў грамадстве і імкненне будаваць масты паміж культурамі праз мастацтва.

Фестываль адкрыўся 9 ліпеня паказам украінскага кіно — гледачы ўбачылі "Рэдакцыю" Рамана Бандарчука і "Чыстае неба" Марціна Кундэры.

16 ліпеня ў праграме — грузінская стужка "Грамадзянін Святы" Тынатын Кайрышвілі, якая распавядае пра веру і расчараванне. Другі фільм гэтага дня — "Святая электрычнасць" Тата Катэцішвілі — камедыйная гісторыя двух стрыечных братоў, што ператвараюць старыя крыжы ў неонавыя шыльды.

23 ліпеня адбудзецца паказ дакументальнага фільма Listy z Wilczej індыйскага рэжысёра Арджуна Талвары, які жыве ў Польшчы. Гэта першы польскі дакументальны фільм, што трапіў у секцыю Panorama Берлінскага кінафестывалю. Стужка паказвае культурную разнастайнасць Варшавы.

30 ліпеня гледачы ўбачаць беларускі дакументальны фільм "Апошнія словы" Рамана Шэла пра мастака і палітвязня Алеся Пушкіна, які загінуў у турме ў 2023 годзе. Таксама будзе паказаны мастацкі фільм "Пад шэрым небам" Мары Тамковіч, заснаваны на гісторыі беларускіх журналістаў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша.

13 жніўня запланаваныя паказы фільмаў "Арбуз" і "Святая электрычнасць" рэжысёра Тата Катэцішвілі.

20 жніўня пакажуць фільм Girls Will Be Girls — гісторыю падлетка, які адкрывае сваю сексуальнасць у кансерватыўным грамадстве.

27 жніўня — паказы украінскіх стужак "Ми вдома" (2024) рэжысёраў Рамана Краснашчока і Антона Чыстяка, а таксама "Степне" Марыны Вроды.

3 верасня — выхад дакументальнага фільма "Непажаданае сваяцтва" беларускага рэжысёра Паўла Мажара. У саўндтрэку гучаць непрадузятыя, шокавыя расшыфроўкі сведчанняў мірных жыхароў Украіны, што распавядаюць пра сістэматычнае гвалтоўнае знішчэнне іх нацыянальнай ідэнтычнасці.

У той жа дзень адбудзецца паказ дакументальнага фільма Motherland беларусаў Аляксандра Міхалковіча і Ганны Бадзякі.

Фестываль завершыцца 10 верасня паказам індыйскага фільма "Усе адценні святла", які атрымаў Гран-пры Канскага фестывалю. Гэта гісторыя трох жанчын з Мумбаі розных пакаленняў, якія падтрымліваюць адна адну перад тварам жыццёвых выпрабаванняў.

Пачатак паказаў заўсёды ў адзін і той жа час — 20:00. Адрас: Centrum Myśli Jana Pawła II (Foksal 11). Увход вольны!

Чытайце таксама