"Цяпер гэта цяжка назваць сучасным еўрапейскім фэстам". Калумніст "Белсат" пацікавіўся, хто сёлета прыедзе на некалі легендарную тэатральную "Белую Вежу"

Тэатральны фэст “Белая Вежа” праводзіўся ў Берасці з 1996 года, і гэта быў адзін з брэндаў не толькі гораду, але і ўсёй Беларусі. У сярэдзіне верасня ў Берасце прыязджалі тэатралы з усёй Еўропы і турысты, каб паглядзець спектаклі розных жанраў. Сваякі і сябры берасцейцаў прасілі знайсці квіткі на спектаклі.

Найбольш папулярныя былі бясплатныя вулічныя спектаклі, якія адбываліся ўвечары на галоўнай плошчы Берасця. Звычайна тэатры, якія выступалі на гэтай пляцоўцы, рабілі вогненныя шоу. Гэты было сапраўднае свята. Адным з такіх тэатраў, які любіў прыгожа працаваць з агнём, быў львоўскі акадэмічны тэатр “Воскресиння”, яны з радасцю прыязджалі ў Берасце і казалі, што вельмі любяць наш горад і народ.

Мне цікава, калі берасцейцы змогуць пабачыць вогненныя спектаклі львоўскага тэатру, альбо як хутка на фэст у Беларусь прыедзе тэатр з Чарнігава? Здаецца, што гэта пытанні без адказу.

На “Белай Вежы — 2024”, якая пройдзе з 10 да 15 верасня, не будзе тэатраў з Вялікай Брытаніі, Францыі, Бельгіі, Латвіі і Літвы, не будзе немцаў і шведаў.

Адзіны тэатр з Еўропы плануе прыехаць з польскай Лодзі, але ў спектаклі тэатру танца “Litnos” няма словаў. Здаецца, арганізатары фэсту, калі ўключалі тэатр з “варожай Польшчы”, палічылі, што так бяспечней.

Не будзе на фэсце ніводнага бясплатнага спектаклю, не будзе і вулічных выступаў. Амаль не будзе спектакляў па-беларуску — з 23 толькі тры на роднай мове.

Зразумела, што без найлепшых еўрапейскіх тэатраў немагчыма зрабіць якасны фэст. Да таго ж арганізатары не могуць пахваліцца колішнімі бюджэтамі.

Затое чаго будзе шмат — дык гэта тэатраў з расейскай глыбінкі, 10 з 23 спектакляў, то бок амаль палову, пакажуць яны. Тут вам і Кемерава, і Бранск, і Сыктыўкар, і Перм, і Разань, і Іркуцк.

Госці з сярэдняй Азіі таксама нагадваюць русский мир. Так, тэатр з Туркменістану называецца Дзяржаўны расейскі драматычны тэатр імя Пушкіна.

Як бачым, усё больш і больш русский мир спрабуе дамінаваць ва ўсіх сферах жыцця ў Беларусі. А якія назвы прапануюць гледачам — “Жизнь без”, “Пир во время чумы”, “Счастье туркмен”, і самае прыгожае ад пермскага тэатру “У Моста”: “На дне”. Але ж мы ведаем, што дна не існуе.

Чытайце таксама