Самы змрочны час — перад Zar'ой. Этна-эмбіент дуэт "Парус" выпусціў дэбютны альбом

Zara спалучае паганскія песні, якія выконвае этнограф і народная спявачка Ганна Сілівончык на розных дыялектах беларускай мовы, з сумессю сінтэзатараў і палявых запісаў, створаных у беларускіх нацыянальных парках прадзюсарам электраакустычнай музыкі Антонам Анішчанкам.

Песні былі сабраны падчас этнаграфічных экспедыцый па аддаленых тэрыторыях краіны ў розныя перыяды беларускімі этнографамі.

З велізарнай колькасці аўтэнтычнага матэрыялу гэтыя песні выбраны невыпадкова. Ганна Сілівончык кажа: “Я выбіраю тыя песні, якія мне па розных прычынах нечым падабаюцца, у якіх я люблю гучаць”. Яны адначасова і пра яе, і пра многіх іншых людзей, якія жылі раней і працягваюць жыць і такім чынам збліжаюцца праз нешта вельмі інтымнае.

 

“Сонейка” — летняя, жнівеньская песня з Падняпроўя, у якой апяваецца пра гатоўнасць ісці насустрач жыццю ў любых яго праявах, пра прыняцце і каханне. “Зара” — гэта песня з таго ж рэгіёну, якая адлюстроўвае асноўную індаеўрапейскую міфалагічную гісторыю пра нябеснае каханне Месяца і Зары і іх развітанне. “Ружовыя цвяты” — лірычная песня з Падзвіння, рамантычная і кранальная, у якой апяваецца пра пачатак кахання двух людзей. А “Oj łuhom idu” — веснавая песня з тэрыторыі сённяшняй Польшчы, з Падляшша, у якой распавядаецца пра жыццё замужняй жанчыны, пра долю, якая можа яе напаткаць і як яе перажыць.

Усе яны пра ўласнае адчуванне цяперашняга часу, свайго жыцця, пра асабісты жыццёвы вопыт, але разам з тым — пра агульначалавечыя зместы і сэнсы, якія існуюць па-за часам.

Набыць і падтрымаць рэліз можна на Bandcamp. 

Чытайце таксама