Беларуская мастачка Ала Савашэвіч намінавана на прэстыжную польскую ўзнагароду Paszporty Polityki

Як піша Reform.news са спасылкай на Polityka, Савашэвіч намінавана на ўзнагароду у катэгорыі „Візуальныя мастацтвы“.

Беларуска — аўтарка славутых прац „Пастава. Пазіцыя. Спосаб“, „Шыць уласным шляхам“, „Невядомы“. Савашэвіч нарадзілася ў 1989 годзе ў Століне. Скончыла Глебаўскае вучылішча, вывучала скульптуру ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у Мінску і ў Акадэміі мастацтва і дызайну імя Эўгеніюша Гепэрта ва Уроцлаве. Зараз мастачка вучыцца ў дактарантуры Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Кракаве. Яна займаецца фатаграфіяй, відэамастацтвам, перформансам, але яе асноўным сродкам мастацкай перадачы застаюцца скульптура і інсталяцыя.

„У сваім мастацтве Ала Савашэвіч арыгінальна спалучае асабісты вопыт, атрыманы з жыцця ў Беларусі, з больш шырокімі разважаннямі аб функцыянаванні рэпрэсіўных сістэм. Як палітычных, звязаных з аўтарытарнай уладай, так і сацыяльных, звязаных, напрыклад, з патрыярхальнай сістэмай“, — адзначаюць арганізатары прэміі.

Paszporty Polityki — польская ўзнагарода ў сферы культуры, якая ўручаецца штотыднёвым часопісам Polityka з 1993 года. У 2021 годзе ў конкурсе ў намінацыі „Візуальныя мастацтвы“ перамагла мастачка-акцыяністка з Гродна Яна Шостак.

Чытайце таксама