Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў стварыў уласнае выдавецтва

Першай кнігай выдавецтва SURMA стаў раман літоўскага пісьменніка Гінтараса Граяўскаса "Гісторыі пра адважнага рыцара Тэнксалота і дракона містара Кайндлі" у беларускім перакладзе Сабіны Брыло. Пра гэта паведамляе bellit.info.

Герой твора — рыцар, які адпраўляецца на пошукі дракона, каб яго забіць, бо гэта здаецца лагічным і натуральным. Але антаганісты — рыцар і дракон — замест таго, каб біцца, пачынаюць размаўляць. Чытач становіцца слухачом захапляльных гісторый, у якіх рэальныя гістарычныя падзеі і персанажы пераплятаюцца з фантазіямі, поўнымі гумару і філасофіі.

Проза Гінтараса Граяўскаса ўпершыню публікуецца па-беларуску. Набыць кнігу можна праз інтэрнэт-краму Kamunikat.shop.

SURMA — гэта партнёрскі праект Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў, які базуецца ў Вільні. У найбліжэйшых планах выдавецтва — выданне кніг прызёраў Прэміі імя Ежы Гедройца, пераможцаў літаратурных конкурсаў, аднаўленне серыі дэбютных кніг "Пункт адліку", а таксама арыгінальная і перакладная дзіцячая літаратура.

Чытайце таксама