У Парыжы з’явіўся VR-праект, прысвечаны беларускай сінагозе: інтэрактыўная мадэль Волпаўскай святыні стала часткай музейнай экспазіцыі

Скрыншот з VR-тура Волпаўскай сінагогі / 2025.

Віртуальная рэканструкцыя Волпаўскай сінагогі стала часткай пастаяннай экспазіцыі Музея мастацтва і гісторыі юдаізму (MAHJ) у Парыжы. Праект быў распрацаваны Цэнтрам беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны і стаў адным з першых выпадкаў прадстаўлення беларуска-яўрэйскай гісторыі на міжнародным музейным узроўні, паведамляе Chrysalis Mag.

Драўляная сінагога з Волпы, якую знішчылі падчас Другой сусветнай вайны, лічыцца адной з самых вытанчаных у Еўропе. Зараз, дзякуючы спалучэнню архіўных звестак, гісторыка-культурнага аналізу і сучасных 3D-тэхналогій, аўтары праекта стварылі дакладную віртуальную мадэль страчанага архітэктурнага помніка.

Куратар Грыгорый Хейфіц і прадзюсарка праекта Майя Кацнельсон ў Музеі мастацтва і гісторыі юдаізму (MAHJ) у Парыжы, каля відэаінсталяцыі з іх праектам / фота Цэнтра беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны / 2025.  Куратар Грыгорый Хейфіц і прадзюсарка праекта Майя Кацнельсон у Музеі мастацтва і гісторыі юдаізму (MAHJ) у Парыжы, каля відэаінсталяцыі з іх праектам / фота Цэнтра беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны

Прадзюсарка праекта Майя Кацнельсон адзначыла, што ідэя ўзнікла падчас яе рэзідэнцыі ў MAHJ у 2022 годзе. Тады каманда ўжо працавала над канцэпцыяй экспазіцыі Belarus Shtetl, у якой прадстаўляюцца VR-рэкканструкцыі сінагог з тэрыторыі Беларусі. Пасля таго, як у музеі была заўважана драўляная мадэль Волпаўскай сінагогі, створаная студэнтамі ОРТ у 1950-х, пачалася супраца з MAHJ.

Праект, куратарам якога выступіў Грыгорый Хейфіц, распрацоўваўся больш за год. Увесь інтэр’ер і знешні выгляд мадэлявалі ўручную з улікам гістарычнай дакладнасці. Сёння віртуальная інсталяцыя дэманструецца побач з арыгінальнай мадэллю, а з восені дададуцца VR-акуляры для поўнага эфекту прысутнасці.

Каманда Цэнтра таксама прадставіла праект на канферэнцыі еўрапейскіх яўрэйскіх музеяў у Парыжы, дзе ён выклікаў значную зацікаўленасць. Майя Кацнэльсон падкрэсліла, што такая ўвага сведчыць пра высокі прафесійны ўзровень працы і актуальнасць беларуска-яўрэйскай спадчыны ў агульнаеўрапейскім кантэксце.

VR-тур па Волпаўскай сінагозе ўжо даступны на сайце Цэнтра беларуска-яўрэйскай культурнай спадчыны і з’яўляецца часткай маштабнага праекта Belarus Shtetl — віртуальнага музея яўрэйскай гісторыі Беларусі, адкрытага для шырокай аўдыторыі.

Чытайце таксама